Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уласаў: Лукашэнка, відаць, пайшоў на саступкі Маскве


Аляксандар Лукашэнка, відаць, пайшоў на саступкі Маскве па пытаньнях, якія цікавяць Крэмль, а Беларусь атрымае жаданую зьніжку на газ, без якой беларуская эканоміка недзеяздольная. Такое меркаваньне выказаў у інтэрвію газэце "Коммерсант" дырэктар Цэнтру постсавецкіх дасьледаваньняў Маскоўскага дзяржунівэрсытэту Аляксей Уласаў.

15 жніўня расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея ня будзе адказваць на санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі, але падтрымае яе ў рамках інтэграцыі.

Паводле Ўласава, гаворка ідзе пра падтрымку найперш беларускай эканомікі, "якая дагэтуль знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы пасьля крызысу летам гэтага года". Падтрымка можа быць "і па лініі ЭўрАзЭС, і па лініі двухбаковых эканамічных сувязяў".

"Гэта будзе і зьніжка на газ, магчымасьць прадстаўленьня дадатковых крэдытаў і, нарэшце, ўваходжаньне расейскага бізнэсу ў беларускія актывы. Думаю, што гэтыя тры напрамкі будуць прыярытэтнымі".

На пытаньне, чаму гэтыя заявы прагучалі менавіта цяпер, Уласаў адказаў, што ад пачатку яшчэ мінулага тыдня "ідзе досыць магутны інфармацыйны паток, зьвернуты да адраджэньня ідэі і пэрспэктыў інтэграцыі ўнутрысаюзнай дзяржавы".

"Быў падпісаны незадоўга да саміту АДКБ афіцыйны пратакол паміж апаратам саюзнай дзяржавы ў асобе Барадзіна і ЭўрАзЭС. Затым саміт АДКБ, дзе Лукашэнка, Мядзьведзеў, Назарбаеў вырашылі разам змагацца супраць новых рызыкаў, у тым ліку ўнутранага характару. Ну і працяг у асобе Ўладзімера Уладзімеравіча. То бок Лукашэнка, відаць, пайшоў на саступкі Маскве па пытаньнях, якія цікавяць Крэмль, а Беларусь атрымае жаданую зьніжку на газ, без якой беларуская эканоміка недзеяздольная", адзначыў дырэктар Цэнтру постсавецкіх дасьледаваньняў Маскоўскага дзяржунівэрсытэту Аляксей Уласаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG