Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскву, па грошы


Уладзімер Пуцін і Міхаіл Мясьніковіч
Уладзімер Пуцін і Міхаіл Мясьніковіч
Падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі ў фармаце сам-насам прэм'ер-міністар Расеі адзначыў: краіны валодаюць неабходным патэнцыялам для значнага нарошчваньня таваразвароту і могуць перавысіць узровень дакрызіснага 2008 году.

Экспэрты ж аптымістычныя заявы чыноўнікаў лічаць перабольшанымі. Дзеля нармалізацыі эканамічнага становішча Беларусі патрэбныя шматмільярдныя ўліваньні. Ад пачатку году беларускі рубель абясцэніўся больш чым на 80%, у выніку чаго 56-працэнтная дэвальвацыя не прынесла чаканага эфэкту. Пяць месяцаў краіна жыве ва ўмовах множнасьці курсаў, а большая частка зьдзелак перайшла ў ценявы сэктар. ЗША і Эўразьвяз з прычыны рознагалосьсяў з афіцыйным Менскам уводзяць усё новыя эканамічныя санкцыі.

А найбліжэйшы сусед, лічаць аналітыкі, бядотным становішчам Беларусі паспрабуе скарыстацца. З антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС — пад абяцаньні Менску штогод прыватызаваць дзяржаўнай маёмасьці на 2,5 мільярда даляраў — на рахункі Нацбанку ўжо паступіў першы транш крэдыту ў памеры 800 мільёнаў даляраў. У залежнасьці ад выкананьня абавязаньняў да канца году вырашыцца лёс астатняй часткі — 400 мільёнаў даляраў. Апроч таго, расейскі "Сбербанк" атрымае 35% акцый "Беларуськалія" ў якасьці закладу пад крэдыт у 2 мільярды даляраў. І хоць Лукашэнка запэўніваў, што "ласыя кавалкі беларускай эканомікі" прадавацца ня будуць, падзеі разгортваюцца інакш. Чаму вырашана закласьці стратэгічную маёмасьць? Меркаваньне выказвае эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

"Мне здаецца, што Лукашэнка падсьвядома спадзяецца на цуд: з аднаго боку, узяў крэдыт, няхай сабе і пад заклад, але гэта ўсё ж ня продаж. Магчыма, ён яшчэ думае, што крэдыт мы вернем, а стратэгічная маёмасьць застанецца ў нас. То бок трохі лягчэй асэнсоўваць гіпатэтычную пэрспэктыву, чым прадаць адразу. Хоць, з майго гледзішча, шанцаў на тое, што мы зможам пагасіць усе гэтыя пазыкі, вельмі мала. Тым больш — ад наступнага году давядзецца шмат аддаваць па іншых крэдытах, узятых раней".

Беларускія ўлады гатовыя гандляваць і іншымі актывамі. Агучана, што бакі разглядаюць верагоднасьць стварэньня карпарацыі дзеля вытворчасьці кар'ернай тэхнікі на базе жодзінскага БелАЗа. Не скідаецца з рахункаў і аб'яднаньне ў холдынг КамАЗа і МАЗа. Між тым, як лічыць кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, зацыкліваньне ў праектах выключна на Расею — абсалютна памылковае, бо яно вядзе не да ўдасканаленьня вытворчасьці, а да яе кансэрвацыі на ўзроўні яшчэ савецкіх падыходаў да эканомікі:

"Калі пафантазіраваць, то мне, прыкладам, больш падабаецца ідэя, каб той жа "Даймлер" набыў на МАЗе пакет акцый — гэтак жа, як ён раней купіў на КамАЗе. А потым ужо сядзеў бы "Даймлер" і думаў, што яму з гэтымі двума заводамі рабіць. У такім выпадку зьяўляецца стратэгічны партнэр, які потым свае актывы, якія мае на тэрыторыі Расеі і Беларусі, будзе пэўным чынам парадкаваць. А без усяго гэтага "здавацца" сэнсу няма. Тым больш — зьнешнія рынкі ўсё роўна трэба асвойваць, і лепш у зьвязцы з больш дасьведчанымі партнэрамі".

Расейскі дэмакратычны палітык Уладзімер Рыжкоў перакананы: нават ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі Крэмль ня кіне Беларусь. А пэрманэнтная антылукашэнкаўская рыторыка, якая з падачы таго ж "тандэму" раз-пораз зьяўляецца ў расейскіх СМІ, — толькі зьнешні антураж, які ня мае глыбінных наступстваў. І ўсё таму, як кажа спадар Рыжкоў, што па сваёй сутнасьці абодва рэжымы — практычна аднолькавыя:

Уладзимир Рыжкоў

"Справа ў тым, што насамрэч траекторыі Беларусі і Расеі вельмі падобныя. Але Беларусь у гэтым сэнсе ідзе крыху паперадзе. Гэта зьвязана з тым, што аўтарытарны рэжым у Беларусі Лукашэнка пачаў будаваць яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў, а ў Расеі аўтарытарны рэжым пачаў фармавацца з прыходам да ўлады Пуціна ў 2000 годзе. То бок Беларусь у сваім аўтарытарным "разьвіцьці" апярэджвае нас прыкладна на 5 гадоў. Расея, адпаведна, падцягваецца, карыстаецца адпрацаванымі ў Беларусі мэтадамі".

Многія экспэрты ўсё ж не выключаюць ускладненьняў у расейска-беларускіх адносінах. Узамен на фінансавую дапамогу беларускія ўлады мусяць выконваць умовы, агучаныя Крамлём. Масква ня раз падкрэсьлівала, што чакае ад Менску масавай прыватызацыі, а беларускае кіраўніцтва недвухсэнсоўна дае зразумець, што "гандляваць краінай" не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG