Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рабочы чалавек ня можа дазволіць сабе гарачы абед у сталоўцы"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 10 жніўня 2011 году

Галоўнай тэмай у нашай пошце апошніх тыдняў застаюцца тыя новыя эканамічныя ўмовы, у якіх апынуліся беларускія грамадзяне пасьля маштабнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты сёлета ў траўні. Інфляцыя ў краіне ўжо даўно вымяраецца двухзначнай лічбай; імкліва растуць цэны на ўсе самыя неабходныя тавары; улады пакрысе падвышаюць таксама зарплаты і пэнсіі, але за інфляцыяй гэтыя падвышэньні яўна не пасьпяваюць...

Пра сёньняшнія беларускія эканамічныя рэаліі — значная частка допісаў, якія мы атрымліваем у гэтыя жнівеньскія дні. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Наш слухач Аляксандар Лешык з Баранавічаў піша:

"Ходзіш па калідорах гарвыканкаму і думаеш: божухна, колькі ж тут кабінэтаў — сотні. І амаль у кожным — па чатыры чыноўнікі. Сядзяць, паперкі перакладваюць, рэзалюцыі пішуць... А якая з гэтага карысьць? Такое ж становішча на прадпрыемствах. Рабочых людзей на заводах — добра калі адна траціна. Астатнія — наглядчыкі, падлікоўцы, кантралёры ды ідэолягі... Які росквіт эканомікі можа быць пры такіх парадках? Здаецца мне, што ўлада зусім забылася пра тое, каму і як яна павінна служыць. Рабочы чалавек, які стварае багацьце для дзяржавы, павінен за сваю працу атрымліваць не жабрацкую падачку з панскага стала, а — дастойны заробак. Ён мае права пасьля працоўнага дня зайсьці ў рэстаран ці бар, сустрэцца там зь сябрамі ў прыстойных умовах. А што ў нас? Паўсюль нават сталоўкі ліквідуюць — тыя самыя, што ў брэжнеўскія часы былі на кожным кроку, танныя і зручныя. Рабочы чалавек зь цяперашняй зарплатай ня можа дазволіць сабе нават гарачы абед у сталоўцы.

Ды што казаць, калі нават папы ў цэрквах, гэтыя былыя камуністы, заломваюць цяпер за свае паслугі такія сумы, што валасы дыбарам. 30 хвілін памоліцца над нябожчыкам — давай 150 тысяч. Няўжо гэтаму іх Хрыстос навучаў?

Увогуле, калі на чалавека звалілася бяда, памёр нехта з блізкіх — дык толькі пасьпявай грошы даставаць. Паслугі ў моргу: 150 тысяч за 10 хвілін (за тое, што апрануць нябожчыка). А смурод там які! Зробіш заўвагу, дык кажуць: няма грошай утрымліваць маразільныя ды халадзільныя камэры. І ўсё гэта робіцца на тле лядовых палацаў, якія будуюцца ўжо ледзь ня ў кожным райцэнтры..."
.

Вашы, спадар Аляксандар, жыцьцёвыя назіраньні ўражваюць і схіляюць да зусім пэўных пытаньняў. Калі ў дзяржавы няма грошай на тое, каб утрымліваць у належным стане халадзільныя камэры, прызначаныя для нябожчыкаў — то ці мае яна маральнае права выдаткоўваць сотні мільёнаў даляраў на лядовыя забавы? Дарэчы, вялікіх грошай каштуе ня толькі будаўніцтва лядовага палаца, але і яго ўтрыманьне. Падтрымліваць у летнюю сьпёку ў працоўным стане халадзільнае абсталяваньне хакейнай арэны — задавальненьне зусім ня таннае. Прынамсі, гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне зь лядоўнямі раённага шпіталя. Бюджэт вялікага гораду знайсьці на гэта грошы яшчэ можа. А як быць невялікаму райцэнтру, у якога не хапае сродкаў ня тое што на хакей — на самае неабходнае, мэдыцыну ды адукацыю? Няўжо разьлічваць на тое, што за ўсё заплацяць нешматлікія аматары катаньня на каньках?

Аўтар наступнага ліста Ігнат Гавенскі з Полацку свой ліст напісаў таксама на падставе ўласных назіраньняў за тымі зьменамі, што адбываюцца ў штодзённым жыцьці беларусаў. Слухач піша:

"Нягледзячы на стэрэатыпны вобраз беларуса як чалавека памяркоўнага і бясконца цярплівага, я штодня заўважаю, што раздражняльнасьць і агрэсія ў нашым грамадзтве прыкметна растуць. Людзі наўкол насупленыя, маркотныя. У многіх выгляд такі, што не падыходзь: гатоў накінуцца на цябе, як нацкаваны сабака. Усё больш анэкдотаў пра Лукашэнку. Шмат нецэнзурных, але адзін (бяз лаянкі) можна пераказаць. Пытаюцца ў аднаго: "Колькі выбараў выйграў Лукашэнка?" — "Ня ведаю, — кажа. — Але на пажыцьцёвае зьняволеньне хопіць...".

Пакуль што, на пэрыяд летняга зацішша, беларускі крызіс дрэмле. Людзі, якія пасьпелі набыць валюту, зьехалі на адпачынак за мяжу. Хто не пасьпеў — адзначаюцца ў чэргах ля абменьнікаў ці адпачываюць у Беларусі. Лукашэнка неяк выбіў з Расеі першы транш крэдыту — хоць і невялікі, і толькі авансам за магчымую прыватызацыю... Цэны растуць, але ня так каб надта хутка, улады стараюцца іх стрымліваць. Зноў жа, пасьпеў новы ўраджай, бяз хлеба не застанемся...

Але ўсё гэта зусім не азначае, што крызіс на схіле. Купіць даляры па-ранейшаму амаль немагчыма. Дробныя прадпрымальнікі ў паніцы. Лукашэнка пакуль таргуецца з Расеяй наконт прыватызацыі найбольш пасьпяховых прадпрыемстваў. Але адмоўнае сальда зьнешняга гандлю жорстка цісьне на нашу эканоміку, выпампоўваючы апошнія грошы і зь дзяржавы, і з насельніцтва. Нашаму эканамічнаму цуду-юду для больш-менш пасьпяховага існаваньня штомесяц трэба каля мільярда даляраў. А дзе ўзяць? І Лукашэнка запанікаваў. Прадаць "фамільнае срэбра"? Значыць, страціць кантроль над краінай. А не прадаць — народ зьбяднее ўшчэнт і рана ці позна ўзбунтуецца. А не ўзбунтуецца, дык Беларусь ператворыцца ва ўсходнеэўрапейскую Паўночную Карэю, толькі без ракет... Вядома, улетку пратэсты малаверагодныя. Але ўвосень і пад зіму людзі могуць і ня выцерпець — асабліва калі эканамічная сытуацыя яшчэ больш пагоршыцца. Што ні кажыце, а гадзіньнікавы мэханізм тут ужо запушчаны, чуваць, як цікае..."
.

Так, спадар Ігнат, з вашымі назіраньнямі цяжка не пагадзіцца. Пры гэтым адзначу, што істотныя зьмены ў эканоміцы адбываюцца і цяпер, улетку, у пару традыцыйнага палітычнага зацішша. Гэтыя зьмены беларускія грамадзяне заўважаюць ледзь ня штодня. І справа ня толькі ў цэнах, да няспыннага росту якіх усе ўжо нібыта прызвычаіліся. У крамах пачалі зьнікаць некаторыя прадукты. Прыкметна звузіўся асартымэнт. Цяжка стала купіць сьвежае якаснае мяса. Пазачыняліся многія пункты абмену валюты. А ў тых, якія пакуль што працуюць, каб набыць даляры ці эўра, трэба стаяць у чарзе многія месяцы... Усё гэта адбіваецца на настроях людзей, спараджае шмат пытаньняў, уцямных адказаў на якія ўлада грамадзтву не дае.

На пачатку і ў сярэдзіне лета ў шмат якіх беларускіх гарадах кожную сераду адбываліся маўклівыя акцыі пратэсту, арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі. Вось які водгук на гэтыя акцыі даслаў Алесь Сувораў са Смаргоні. Слухач піша:

"Ну, выходзілі людзі, стаялі, маўчалі, пляскалі ў ладкі — і што гэта дало? Большасьць нашых грамадзянаў занятая праблемай выжываньня, ім не да пратэстаў. На ўдзельнікаў флэш-мобаў простыя людзі глядзяць як на гультаёў і дармаедаў. Ну, некаторыя лічаць, што за выхад на плошчу гэтыя хлопцы і дзяўчаты нешта атрымліваюць.

У нас у Смаргоні ля гастранома "Юбілейны" зьбіралася па 10—15 чалавек. Ну і што? Хутка ўсё гэта надакучыць. Дый супраць чаго пратэставаць? Рост коштаў адбыўся б пры любым прэзыдэнце. Тэракт у мэтро таксама мог здарыцца пры любым урадзе. Дык чаго абурацца?"


Згадайма, спадар Алесь: на пачатку году ўлады абяцалі грамадзянам, што гарантуюць стабільнасьць нацыянальнай валюты. А ўвесну беларускі рубель абваліўся адносна асноўных валют больш як напалову. Усьлед за гэтым шуганула інфляцыя. І што, на вашу думку, за гэты падман ніхто не павінен несьці адказнасьць?

Вы апэлюеце да іншых краін — маўляў, там таксама растуць кошты. Растуць — на адзін, два, тры працэнты... І нават гэта становіцца падставай для масавых пратэстаў — згадайма прыклад Грэцыі, Іспаніі, Ізраілю... Можна толькі меркаваць, як бы паводзіла сябе насельніцтва гэтых краін, каб улада ў адзін момант абясцэніла іхныя зьберажэньні больш як на 50 працэнтаў...

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — наш даўні апанэнт з Рыгі Міхаіл Леках. На пачатку лета ў праграмах "Свабоды" часта гучала тэма ўведзеных беларускімі ўладамі абмежаваньняў на вываз з тэрыторыі Беларусі некаторых тавараў — у прыватнасьці, аўтамабільнага паліва, бытавой тэхнікі, харчовых прадуктаў. Слухач з гэтай нагоды піша:

"Беларуская Свабода чамусьці не распавяла аб прычынах, якія выклікалі такое рашэньне беларускага ўраду. І не расказала аб мерах, якія прадпрымаюць краіны Заходняй Эўропы дзеля абароны сваіх эканомік і ўнутраных рынкаў.

Я не магу пагадзіцца з камэнтарамі спадароў Залескага, Заікі ды іншых, што гучалі на "Свабодзе". Бескантрольны вываз таннага паліва ў Польшчу ды іншыя краіны можа прывесьці да таго, што яно стане дэфіцытам унутры Беларусі. Альбо прывядзе да вымушанага падаражэньня. Хоць Расея і пастаўляе ў Беларусь нафту для ўнутранага спажываньня па больш нізкіх коштах, чым у іншыя краіны.

Нават тыя краіны, што ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, абараняюць свой унутраны рынак, пры гэтым часам парушаючы дамоўленасьці. Напрыклад, я ведаю, што ў аптэках Нямеччыны прадаюцца лекі толькі нямецкай вытворчасьці. А вось францускіх, галяндзкіх і ангельскіх лекаў чамусьці няма"
.

Не пагаджуся, спадар Леках, з вашым сьцьвярджэньнем, нібы "Свабода" не распавядала аб прычынах, якія прывялі да таго, што беларускія ўлады абмежавалі вываз некаторых тавараў са сваёй тэрыторыі. Эканамічную сытуацыю ў Беларусі мы аналізавалі і працягваем аналізаваць у шматлікіх праграмах. На тэму рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты і яе наступстваў на працягу апошніх месяцаў у нашым эфіры прагучалі сотні рэпартажаў, інтэрвію, апытаньняў людзей на вуліцах...

Спрэчным выглядае і ваша сьцьвярджэньне наконт асартымэнту нямецкіх аптэк. Рынак любых тавараў унутры Эўрапейскага Зьвязу — адзіны, дзейнічае паводле адзіных узгодненых правілаў. І цяжка ўявіць, што вядомыя сваёй законапаслухмянасьцю немцы наважваюцца ў асобных галінах на нейкія хітрыкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG