Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст Літвы спрабаваў перакласьці адказнасьць на банкі


У Вільні адбываецца закрытае паседжаньне парлямэнцкага камітэту замежных спраў, на якім высьвятляюцца акалічнасьці выдачы інфармацыі афіцыйнаму Менску пра рахункі беларускіх грамадзянаў.

Надзвычайнае закрытае паседжаньне парлямэнцкага камітэту замежных спраў Літвы з удзелам прадстаўнікоў МЗС і мінюсту пачалося адкрытай часткай. Яна складалася з выступу рэдактара сайту "Хатрыя-97" Натальлі Радзінай, якая папрасіла палітычнага прытулку ў Літве.

Радзіна распавяла пра сытуацыю ў Беларусі і сытуацыю вакол Алеся Бяляцкага і адказала на пытаньні. Пасьля таго, як скончылася адкрытая частка, Радзіна, якая не ўдзельнічае ў закрытым паседжаньні, паведаміла, што ўбачыла вялізарнае раскаяньне літоўскіх палітыкаў. Яна адчула, што яны вельмі пераймаюцца, што Літва была замешаная ў такі непрыгожы скандал, які пашкодзіў міжнароднаму іміджу краіны. І зь яе пункту гледжаньня, гэта дало надзею, што тут палітыкі сабраліся, каб адстаяць прынцыпы дэмакратыі.

Напярэдадні высьветлілася, што віцэ-міністар юстыцыі Тумаш Вайткявічус на прэсавай канфэрэнцыі ў пятніцу 5 жніўня зманіў, калі заявіў, што банкі маглі адмовіцца даваць інфармацыю аб рахунках беларускіх грамадзянаў. Адзін з банкаў, DnB Nord, дзе былі рахункі Бяляцкага, сапраўды, даў такую інфармацыю адразу і добраахвотна. Але іншы банк, SEB, дзе былі рахункі віцэ-старшыні праваабарончай арганізацыі "Вясна" Валянціна Стэфановіча, адмовіўся даць гэтую інфармацыю, запатрабаваў у мінюсту падставаў, і толькі пасьля таго, як другі віленскі Акруговы суд абавязаў даць інфармацыю, толькі пасьля судовага рашэньня даў інфармацыю.

Такім чынам, міністэрства юстыцыі спрабавала перакласьці адказнасьць пра банкі. Высьветлілася, што канчатковая рашэньне аб выдачы інфармацыі ў Беларусь прыняла дырэктар дэпартамэнту міжнароднага права міністэрства юстыцыі Аўшра Бернатэне.

Зараз у кулюарах шмат журналістаў, і ўсе кажуць, што варта чакаць пэўных адставак, таму што нехта павінен прыняць палітычную адказнасьць за рашэньні, якія далі падставы для палітычных арыштаў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG