Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзелася харызма


Сыстэмны крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі выявіў шэраг цікавых абставін. Вось, напрыклад, у палітычным асяродзьдзі заўсёды прызнавалі за Лукашэнкам якасьць таленавітага камунікатара з грамадзтвам і маніпулятара масавай сьвядомасьцю. Часта, нават трапіўшы ў складанае становішча, ён адным выступам мог пераламіць сытуацыю ў свой бок. Гэтую якасьць часта называлі харызмай. Прычым яна найбольш выяўлялася якраз у крытычны момант. Таму беларускі кіраўнік часам штучна ствараў сытуацыю крызісу, надзвычайнасьці, палітычнай напружанасьці, дзе ён сябе адчуваў як рыба ў вадзе.

А вось цяпер нешта нічога не атрымліваецца. Прычым сытуацыя крызісу, надзвычайнасьці ўтварылася рэальна, ня трэба нічога прыдумляць. Але існуе ўражаньне, што пухір зьдзьмуўся. Я нават не пра рэйтынгі, а пра паводзіны самога Лукашэнкі. Выглядае ён неяк разгублена, дзейнічае, гаворыць амаль празь сілу, па інэрцыі, нібыта ўсё гэта яму вельмі надакучыла.

Разважаючы на тэму, дзе падзелася харызма, можна прыйсьці да наступных высноваў. Сьляпая народная любоў, якая сапраўды існавала ў 1990-я гады, грунтавалася на веры ў надзвычайныя магчымасьці прэзыдэнта, ягоныя здольнасьці забясьпечыць эканамічны рост, паляпшэньне дабрабыту, сацыяльную стабільнасьць.

Эканамічны крызіс разбурыў вобраз цудатворца. Зьявіўся вобраз голага караля, які страціў пачуцьцё рэальнасьці, выпусьціў з рук кантроль над сытуацыяй. Калі ўсёмагутны, здавалася б, правадыр дае абяцаньне выправіць становішча на валютным рынку то праз пару дзён, то праз пару тыдняў, а потым нічога не адбываецца, то яго перастаюць успрымаць усур’ёз.

Ранейшы Лукашэнка ўмеў удала вырашаць беларускія пытаньні ў дачыненьнях з Расеяй. Ён дамаўляўся, абяцаў, хітрыў, "разводзіў", сварыўся, але дамагаўся расейскай падтрымкі. Але апошнія гады гэта ўдаецца дрэнна. І пакуль эканамічнае становішча было цярпімае, на гэта заплюшчвалі вочы. Інфармацыйная вайна расейскіх мэдыяў супраць прэзыдэнта Беларусі перад выбарамі ня мела тут асаблівага эфэкту.

Але вось здарыўся крызіс. Нават абывацелі разумеюць, што без замежнай дапамогі краіне ня выкруціцца. І ў такі момант міжнародная ізаляцыя краіны, сварка з усім сьветам, а асабліва з суседзямі, статус прэзыдэнта-ізгоя ўспрымаецца па-іншаму. Цяпер вобраз моцнага палітыка, які дазваляе сабе задзірацца з ЗША, Эўропай, НАТО, Расеяй, бачыцца інакш — хутчэй нэгатыўна.

Іншы аспэкт. Як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, прыватызацыя буйных прадпрыемстваў непапулярная сярод насельніцтва. А беларускія ўлады, пад акампанэмэнт гучных заяваў Лукашэнкі, што "бандыцкай прыватызацыі ня будзе", робяць сур’ёзныя крокі па шляху продажу "фамільнага срэбра" (Белтрансгаз, Беларуськалій). А гэта разбурае вобраз абаронцы і захавальніка агульнадзяржаўнай маёмасьці.

І яшчэ адно адкрыцьцё. Харызма Лукашэнкі ў значнай ступені так доўга трывала ў грамадзкай сьвядомасьці дзякуючы манаполіі ўладаў на радыёэлектронныя мэдыі. Аднак за 17 гадоў сытуацыя моцна памянялася. Па-першае, цяпер амаль у кожным населеным пункце, нават у вёсках маюць магчымасьць прымаць шмат тэлеканалаў. У грамадзян зьявілася свабода выбару. Гаворка нават не пра "Белсат". Чым глядзець па БТ занудныя рэпартажы з удзелам адзінага палітыка Беларусі, якія надакучылі за 17 гадоў, нармальныя абывацелі націскаюць кнопку і пераключаюцца на суседні канал, дзе ідзе вострасюжэтны сэрыял.

Па-другое, каля 40% насельніцтва Беларусі карыстаюцца інтэрнэтам ня менш як некалькі разоў на тыдзень. Шмат хто зь іх атрымлівае там навіны.

Прычым трэба ўлічваць, што прэзыдэнцкія выбары, падзеі 19 сьнежня, суды над палітвязьнямі, эканамічны абвал, разгон "маўклівых" акцый моцна палітызавалі беларускае грамадзтва. Такога палітызаванага інтэрнэту, магчыма, больш няма нідзе. Беларускія ўлады цалкам прайгралі палітычную барацьбу на гэтай пляцоўцы. У сацыяльных сетках, на форумах цалкам дамінуюць апанэнты дзейнага прэзыдэнта.

А тэлегледачы бачаць, як прэзыдэнт езьдзіць па краіне, рэалізоўваючы звыклую з савецкіх часоў мадэль "кіраваньня на месцы". Раней, у часы стабільнасьці, гэта давала прапагандысцкі эфэкт ("ён жа стараецца"). А цяпер выклікае раздражненьне. Бо калі цэны кожны дзень растуць, а прэзыдэнт, робячы выгляд, што нічога не адбываецца, наведвае "пацёмкінскія вёскі", абмяркоўваючы руцінныя праблемы тэхналёгіі вытворчасьці, то людзі пачынаюць ставіць пытаньне: а які ад гэтага толк? Лепш бы, маўляў, ён вырашаў макраэканамічныя задачы.

Як вядома, ад любові да нянавісьці — адзін крок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG