Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія клопаты


Разьвітаньне зь Менскам
Разьвітаньне зь Менскам
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Нядзеля 20 траўня стане апошнім днём у кватэры з выглядам на Сьвіслач. Як і папярэднія, ён пачаўся са скандалу – Освальд спрабаваў праінструктаваць жонку, што можна, а чаго нельга казаць у амбасадзе консулу пры атрыманьні візы. Тэмпэратура гутаркі хутка падскочыла да кіпеньня, і Освальд бразнуў дзьвярыма. У гэты самы дзень Марыну наведала сяброўка з аптэкі.

Расшыфроўка падслухоўваньня КДБ
20.05.62

10:05
(ЛГО сыходзіць)

13:20 (прыходзіць Соня; гавораць пра Марыніна дзіцё)

Соня: У вас няшмат рэчаў, толькі чамаданы, так?

Марына: Толькі чамаданы.

Соня: І ўсё?

Марына: Трэба памыць падлогу перад тым, як паедзем.

Соня: Нашто табе? Няхай самі.

Марына: Трэба нацерці.

Соня: Гэта неістотна. Можна проста памыць.


Пасьля прыборкі кватэры Освальды наведалі дзядзьку і цётку, а пасьля праз двор перацягвалі рэчы на суседнюю вуліцу Захарава, 11 – апошнюю ноч і апошні дзень у Менску яны правядуць у чатырохпакаёвай кватэры Паўла Галавачова, каб адтуль выправіцца на вакзал.*

Але не адразу.

Рапарт КДБ
21.05.62

21 траўня 1962 году я правёў гутарку зь дзядзькам “Наліма”, Прусаковым І.В., які паведаміў мне, што 20 траўня яго кватэру наведалі пляменьніца Марына і “Налім”. У гутарцы “Налім” сказаў Прусакову аб намеры выехаць у Маскву 22 траўня, каб запоўніць усе належныя дакумэнты і затым выехаць у Амэрыку.

У выніку гэтага Прусакоў і ягоная жонка далі Марыне некалькі парадаў. У прыватнасьці, Прусакоў, выказваючы трывогу за свой дабрабыт, прасіў Марыну і “Наліма” ня ўдзельнічаць пасьля прыезду ў ЗША у ніякіх акцыях, варожых Савецкаму Саюзу. Прусакоў нагадаў “Наліму”, што яго забясьпечылі і вельмі добра ставіліся да яго савецкія людзі. “Налім” запэўніў Прусакова, што яны ня будуць удзельнічаць у ніякіх шкодных для Савецкага Саюзу акцыях. “Налім” патлумачыў, што дзеля таго, каб пазьбегнуць магчымых сустрэчаў і інтэрвію з карэспандэнтамі, ён вырашыў адразу накіравацца да свайго брата, не спыняючыся ў Нью Ёрку.


Марына на прыступках цягніка
Перад ад'ездам у Маскву чакаецца, што Марына зноў наведае кватэру Прусаковых. Улічваючы гэты факт, было рэкамэндавана Прусакову правесьці зь ёй гутарку, якая б дапамагла папярэдзіць Марыну і “Наліма” ад удзелу ў антысавецкай прапагадзе за мяжой. Увага Прусакова была зьвернутая на ўсьведамленьне таго, што гэтая гутарка не павінна выклікаць падазрэньне з боку Марыны і “Наліма”.

Ня выклікала.

Тое, што сваякі застаюцца закладнікамі, для чалавека, які вырас у Савецкім Саюзе, было зразумела само сабой. Дый перажывалі людзі, выпраўляючы дзяўчыну ў далёкі сьвет.

22 траўня ўвечары на вакзале Освальдаў праводзілі Павал Галавачоў, сям’я Зігераў, яшчэ некалькі знаёмых. Адзіных сваякоў Марыны ў Менску, дзядзькі і цёткі, сярод іх не было. Не было й Эрыка Цітаўца.

Апошні менскі рапарт вонкавага назіраньня КДБ Мэйлеру не паказалі.

---------------------------------------------
*У гэты дом у 1990 годзе я прынёс свой пераклад “Гістарычнага дзёньніку” Освальда – менавіта тут на першым паверсе месьцілася рэдакцыя часопісу “Крыніца/Родник”.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG