Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Allegretto, allegro, allegrissimo

  • Аляксандар Лукашук

Марына Прусакова разьвешвае аптэкарскія халаты пасьля памытлі, 1961
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Освальд зробіць прапанову, а Марына прыме яе менш чым празь месяц пасьля першай сустрэчы.

Дзёньнік Освальда
18 сакавіка 1961

Мы гуляем, я крыху расказваю пра сябе, яна шмат гаворыць пра сябе. Яе завуць Марына М. Прусакова.

30 красавіка 1961

1-30 красавіка стасункі разьвіваюцца роўна, і я вырашаю, што мне трэба яе мець, яна (нечытэльна) адсылае мяне прэч, тады 15 красавіка я (нечытэльна), яна пагаджаецца.


Освальд крыху блытае даты.

З 29 сакавіка да 11 красавіка амэрыканец ляжаў у 4-й клінічнай бальніцы з запаленьнем вуха. Адтуль ён пазваніў па тэлефоне, які дала яму Марына. Адказала цётка. Набліжаўся Вялікдзень, і цётка настаяла, каб пляменьніца схадзіла ў адведкі – усё ж сьвята. Марына апранала свой белы халат фармацэўта і магла бесьперашкодна адведваць хворага.

Менавіта ў бальніцы Освальд упершыню зрабіў Марыне прапанову. Яна не адмовіла, хаця не ўспрыняла сур’ёзна. Пасьля выпіскі Освальд зноў быў госьцем і спадабаўся ня толькі цётцы, але й дзядзьку, які нават папрасіў яго прыглядаць за пляменьніцай, бо ў яе вецер у галаве. Апроч таго, ён быў вельмі акуратны і ў яго была свая кватэра.

Дзёньнік Освальда

30 красавіка, пасьля 7 дзён адтэрміноўкі шлюбу ў загсе з-за майго незвычайнага пашпарту, нам дазваляюць зарэгістравацца як мужу і жонцы. Дзьве сяброўкі Марыны выступаюць у ролі сьведак нявесты. Мы ўзялі шлюб. У хаце яе цёткі спраўляем вясельле, на якім прысутнічаюць каля 20 сяброў і суседзяў. Яны жадаюць нам шчасьця, нягледзячы на маё паходжаньне і акцэнт, якія агулам бянтэжаць расейцаў. Бо замежнікі вельмі рэдкія ў Савецкім Саюзе, нават турысты. Пасьля вечара выпіўкі і закускі дзядзька Вузэр распачаў бойку, потым перагарэў засьцерагальнік і адключылася сьвятло, мы выйшлі і за 15 хвілін дайшлі дадому. Мы жылі побач, і апоўначы былі дома.


І тут Мэйлер робіць тое, што звычайна робіць каманда КДБ: наводзіць павелічальнае шкло на прыватнае жыцьцё маладой пары, нават, трэба прызнаць, больш пільна, чым КДБ.

Пасьведчаньне аб шлюбе ў матэрыялах Камісіі Ўорэна
Разьдзел “Шлюбная ноч” прысьвечаны высьвятленьню пытаньня, ці была Марына Прусакова цнатліўкай, калі выйшла за Освальда.

Мэйлер пералічвае чуткі пра яе бурную маладосьць у Ленінградзе. Пакаёўка ў гатэлі “Менск” называе яе “папсаванае дабро”, “ленінградзкая вулічная прастытутка”, перакладчыца Інтурысту згадвае шок, калі Освальд на яе пытаньне, як яны разумеюцца з жонкай безь перакладчыка, прывёў словы Марыны “Выключы сьвятло” і “Пацалуй мяне, калі ласка”.

Прыстойныя маладыя дзяўчаты так не гавораць, патлумачыла яна Мэйлеру. Выхаваньне не дазваляе праяўляць ініцыятыву з мужчынамі. Сэкс – гэта сяброўства, клопат, частка вялікага пачуцьця. Многія жанчыны ніколі ня чулі пра жаночы аргазм – навошта?*

Пасьля апытваньня мноства знаёмых і напаўзнаёмых Мэйлер нарэшце дае слова самой Марыне. Дае – гэта фігуральна, больш дакладна – выцягвае, выкручвае, выціскае словы з Марыны падчас пяцідзённага інтэрвію ў яе амэрыканскім доме ў Тэхасе.

Інтэрвіюер: Адзін чалавек сказаў: яна не была цнатліўкай у вясельную ноч. Яна хвалявалася, што Лі ўведае, пайшла ў аптэку і нешта купіла, каб абараніць шлюб.

Марына: ОК.

Інт.: Дакладна так было сказана.

М.: ОК. Гэта праўда. І што? Трэба быць сэксуальным вычварэнцам, каб пяць дзён распытваць пра гэтую тэму. Хіба ня досыць?

Інт.: Павал казаў пра выпадак на заводзе, калі хлопцы падышлі да Лі і пачалі падкалваць: ну што, была твая жонка цэлка ці не? Колькі крыві было на прасьціне? Але мы ня ведаем, што Лі адказаў.

М.: Я ня ведаю.

Інт.: Ніхто ня памятае адказу. Мы ня ведаем, можа, яго нешта турбавала. Важна ведаць. Калі ён не пагаджаўся з Вамі ці калі вы сварыліся.

М.: Ваша здагадка ня горшая за маю.

Інт.: Мы не цікавімся сэксам самім па сабе, а тым, што Лі ведаў пра Ваша мінулае. Як гэта на яго ўплывала?

М.: Я сур’ёзна ставілася да шлюбу. Я хацела мець сям’ю.

Інт.: Давайце я скажу, як ёсьць, каб не было адчуваньня, што нехта нешта хавае. Інэса сказала, зь любоўю і пяшчотай да Вас, што ў Вас быў цяжкі багаж зь Ленінграду. Пра тое, як цяжка Вам жылося ў Ленінградзе з айчымам, і што Вам не выпадала ганарыцца сваім жыцьцём там.

М.: Гэты быў ня мой выбар.

Інт.: Інэса патлумачыла, што Вы пачуваліся вельмі дрэнна і моцна перажывалі з-за такога жыцьця ў Ленінградзе, што Вам прыходзілася шукаць розныя спосабы, каб выжыць, есьці, знайсьці дзе пераначаваць.

М.: Ні разу ў жыцьці мне не плацілі грошы.

Інт.: Канечне.

М.: Я шукала каханьне ня там, дзе варта і часам мусіла за гэта заплаціць. Мяне нават аднойчы згвалціў замежнік.

Інт.: Што?

М.: Я затрымалася ў пакоі. Ён замкнуў дзьверы. Ведаеце, як на кожным паверсе сядзіць дзяжурная з ключамі для насельнікаў? Я не магла крычаць. Я думала, што яна пра мяне падумае? Тады я змагалася з тым мужчынам. Але ўрэшце ён кінуў мяне пад сябе. Ён сказаў: калі б я ведаў, што ты цэлка, я б да цябе не дакрануўся.


Ужо пасьля выхаду кнігі ў тэлевізійным інтэрвію Мэйлер скажа, што ён быў вельмі зьдзіўлены тым значэньнем, якое Марына надала згвалтаваньню ў 17 гадоў – ён чакаў нейкага выкрыцьця, неверагодна ганебнага аповеду, а ўсё аказалася нашмат прасьцей. Такую гісторыю, на яго думку, маглі б расказаць сто тысяч амэрыканскіх дзяўчат.

М.: Лі не пытаўся, але ў шлюбную ноч я прыкінулася. Мне было страшна, я пытала ў сябе: калі ноч прыйдзе, што рабіць? Што? Ад гэтага моманту – чыстае жыцьцё, я хачу быць сур’ёзнай і я была ў жаху. Але Лі не спытаўся.

Інт.: Ён ніколі не пытаўся, ці Вы дзяўчына?

М.: Ён падзякаваў мне за гэта. І я падумала: “Божа. Пранесла, я ізноў сьвятая”.


Выключы сьвятло і пацалуй -- лёгкая фраза ў выпадковай размове, якая ўсплыла праз тры дзесяцігодзьдзі, каб асьвятліць інтымнае жыцьцё на пачатку 1960-х у краіне, дзе сэксу, як лічылася, няма.

Мэйлер на гэтым ня спыніцца. Падчас пяцідзённай гутаркі Марына раскажа і пра апошнюю ноч у ложку з Освальдам. Освальд працаваў на кніжным складзе і жыў на кватэры ў Даласе, і звычайна прыяжджаў на выходныя, але ў той чацьвер вярнуўся, каб узяць карабін, які захоўваўся дома. Увечары спрабаваў угаварыць яе, яна сказала “не падлізвайся!”, бо хацела правучыць яго пасьля чарговага скандалу. Ён лёг першы, і калі прыйшла яна, ужо спаў – ці прыкідваўся. Раніцай 23 лістапада ўстаў першы, зрабіў распушчальную каву ў плястыкоўцы і ціха выйшаў, несучы загорнуты ў дзіцячую коўдру Манліхер-Каркан.

Калі пасьля забойства Кенэдзі паліцыя павядзе ператрус у доме, возьме рэчы Освальда і сыдзе, Марына пабачыць, што паліцэйскія не забралі маленькі фарфоравы кубачак, які належаў яе бабулі. Кубачак быў тонкі і празрысты на сьвятло.

Яна ўзяла яго – на дне ляжаў мужаў шлюбны пярсьцёнак зь Менску.

---------------------------------------
"Кніга карысных парадаў" у матэрыялах Камісіі Ўорэна
*Бібліяй сямейнага жыцьця ў БССР пачатку 1960-х была “Кніга карысных парадаў”, якая пісала:

“Толькі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі полавае жыцьцё людзей ушчыльную наблізілася да тых ідэалаў, пра якія даўно марыла чалавецтва. Як і ва ўсім сваім жыцьці, гэтак і ў полавым жыцьці чалавек ня можа забыцца аб тым, што ён удзельнік нашага сацыялістычнага будаўніцтва. Вырашальнымі заўсёды будуць агульныя здольнасьці чалавека, яго палітычнае і маральнае аблічча, яго разьвіцьцё, яго працаздольнасьць, яго сумленнасьць, адданасьць сваёй радзіме, яго любоў да грамадзтва. Любое ўхіленьне чалавека ад правільных грамадзкіх паводзінаў абавязкова прыводзіць да бязладных паводзінаў у грамадзтве, у т л. прыводзіць да распуснага полавага жыцьця”.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
XS
SM
MD
LG