Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патлумачыць словы «казёл» і «вашывыя» можа Акадэмія навук


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі
Міністэрства інфармацыі Беларусі параіла прафсаюзнаму актывісту з Магілёва Аляксею Паўлоўскаму зьвярнуцца ў Нацыянальную акадэмію навук па тлумачэньне сэнсу паняцьцяў «казёл» і «вашывы».

Гэта другі адказ, дасланы сябру незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці зь міністэрства. У першым сваім звароце ён прасіў міністра Алега Праляскоўскага патлумачыць словы, якія выкарыстаў Аляксандар Лукашэнка сёлета 26 красавіка. Тады ў адказе, які падпісаў першы намесьнік міністра Ігар Лапцёнак, гаварылася, што пастаўленыя ў звароце пытаньні не ўваходзяць у кампэтэнцыю Міністэрства інфармацыі. Паўлоўскі адказам не задаволіўся, бо ў ім не было пазначана, якая ўстанова валодае такімі кампэтэнцыямі. Паскардзіўся ў Генэральную пракуратуру. Тая скаргу пераслала назад у Міністэрства інфармацыі.

Цяпер Паўлоўскаму адказаў асабіста Алег Праляскоўскі. У лісьце за ягоным подпісам актывісту раяць зьвярнуцца ў Інстытут мовы й літаратуры імя Якуба Коласа й Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук.

Нагодай для звароту Аляксея Паўлоўскага сталі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён «ня хоча гаварыць пра ўсялякіх Барозу, іншых казлоў», а ў кіраўніцтва Ўкраіны «вашывасьці хапае». Аўтар звароту намагаецца высьветліць, ці прыдатныя гэтыя словы для размоваў кіраўніка Беларусі з грамадзянамі. Актывіст сьцьвярджае, што шмат людзей пасьля выказваньняў Лукашэнкі знаходзяцца ў разгубленасьці й ня ведаюць, як на іх рэагаваць. Пад зваротам прафсаюзьніка падпісаліся два дзясяткі чалавек.

Аляксей Паўлоўскі зьбіраецца скарыстаць параду Міністэрства інфармацыі і зьвярнуцца ў Акадэмію навук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG