Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст не дамогся кампэнсацыі за прагул, але даведаўся пра заробак


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі
Сёньня Ленінскі суд Магілёва не задаволіў прэтэнзіяў сябра незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін гаспадаркі Аляксея Паўлоўскага да будаўнічага трэсту № 12. Актывіст дамагаўся грашовай кампэнсацыі ў паўтара мільёна рублёў за вымушаны месячны прагул з-за таго, што яму чатыры разы адмаўлялі ў працаўладкаваньні на гэтым прадпрыемстве. У трэст яго накіроўвалі з цэнтру занятасьці.

Аляксей Паўлоўскі лічыць, што на працу яго не бяруць з-за яго палітычнай і прафсаюзнай дзейнасьці. І зьвярнуўся са скаргай у суд.

Раней у трэсьце актывіст ужо працаваў. Як сьцьвярджае, некалькі разоў судзіўся з адміністрацыяй прадпрыемства й выйграваў тыя працэсы.

Вырак суду лічыць несправядлівым і настойвае, што ў адносінах да яго адміністрацыя прадпрыемства ўжыла працоўную дыскрымінацыю:

«Яны ўсе не зацікаўленыя, каб я працаваў на дзяржаўных прадпрыемствах. Яны разумеюць, што я буду й надалей займацца абаронай правоў працоўных. Якой адміністрацыі гэта патрэбна? Каб я сябе ня выявіў у трэсьце як прафсаюзны актывіст, яны б мяне як спэцыяліста абедзьвюма рукамі схапілі. Але самае цікавае, што ў судзе выявілася, што муляр самай высокай кваліфікацыі ў трэсьце зарабляе 800 тысяч рублёў. А дзе ж абяцаныя паўтара мільёна?».

Фармальнай прычынай для адмовы ў працаўладкаваньні прадстаўнікі трэсту ў судзе назвалі адсутнасьць вакансіяў для спэцыялістаў з кваліфікацыяй як у Паўлоўскага. Ён муляр 5 разраду, а ім патрэбныя шостага. На тое, што ў Магілёве няма працы для такіх спэцыялістаў, адказалі, што зь іх толькі фармуецца брыгада для асабліва адказных прац, напрыклад, для будаўніцтва й рэканструкцыі цэркваў у Беларусі й па-за яе межамі. Пакуль, праўда, ніводзін такі муляр да іх не зьвяртаўся.

Тое, што служба занятасьці неаднойчы накіроўвала Паўлоўскага ў трэст, патлумачылі тым, што ў базе зьвестак не было пазначана, што вакансіі на муляраў ужо не актуальныя. Што да абвінавачваньняў у працоўнай дыскрымінацыі, то прадстаўнікі трэсту заявілі, што ў сваіх заявах Паўлоўскі не пазначаў, што ён актывіст палітычнай альбо прафсаюзнай арганізацыі, таму падставаў для дыскрымінацыі не магло быць. Суд прасілі не задавольваць пазову Аляксея Паўлоўскага.

Вырак судзьдзі Юліі Трапынінай Аляксей Паўлоўскі зьбіраецца абскарджваць у абласным судзе.

Аляксей Паўлоўскі неаднойчы балятаваўся ў дэпутаты гарсавету й Палаты прадстаўнікоў. Да яго рэгулярна зьвяртаюцца людзі па дапамогу ў вырашэньні сацыяльных праблем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG