Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнзін падаражэў, але нязначна


Чарговым разам падвышаныя кошты на аўтамабільнае паліва. Адрозна ад чатырох папярэдніх падаражэньняў, гэта невялікае — у сярэднім цэны на бэнзін і салярку вырасьлі на 3%. Нагадаем: напачатку чэрвеня кошты на аўтазалівачных станцыях павялічыліся адразу на 30%. Тады гэта выклікала хвалю незадавальненьня аўтааматараў, якія спаралізавалі рух на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. Празь дзень Аляксандар Лукашэнка загадаў адкруціць цэньнікі назад. Але сёньня аўтамабілісты зноў пагражаюць акцыямі пратэсту.

21 ліпеня "Белнафтахім" усталяваў наступныя кошты на паліва, якое рэалізуецца праз АЗС: бэнзін Н-80 — 4120 рублёў за літар (быў 4000), АІ-92 — 4330 (быў 4200), АІ-95 — 4650 (быў 4500), дызэльнае паліва — 4580 (было 4450). У якасьці фармальнай падставы называюць неабходнасьць паэтапнага выраўноўваньня цэнаў у краінах Мытнага саюзу. Адзначаецца, што ў Беларусі нафтапрадукты цяпер самыя танныя ў параўнаньні з Расеяй і Казахстанам. Разам з тым, як кажа эканамічная аглядальніца Тацьцяна Манёнак, ва ўмовах абясцэньваньня нацыянальнай валюты ўнутраны рынак нясе нафтаперапрацоўчым заводам толькі страты:

"Унутраны рынак, на якім нафтаперапрацоўчыя заводы прадаюць свае нафтапрадукты, — практычна не прыносіць гэтым прадпрыемствам прыбытку. Да таго ж, вядома, разьлік ідзе пераважна за беларускія рублі, а таму сёньня ёсьць пэўныя складанасьці, каб канвэртаваць гэтыя рублі ў валюту. Таму якраз унутраны рынак не такі прывабны для нафтаперапрацоўчых заводаў, як зьнешні. І цалкам натуральна, што ў такой сытуацыі ў Беларусі заўсёды будзе існаваць прафэсійнае, нафтавае лобі, якое будзе дамагацца падвышэньня цэнаў на паліва на ўнутраным рынку".

Сёлета цэны на паліва ў Беларусі падвышаліся чатыры разы: 3 сакавіка — на 5%, 31 сакавіка — на 10%, 24 траўня — на 20%, а 7 чэрвеня — адразу на 30%. Пасьля апошняга падаражэньня тысячы аўтамабілістаў узялі ўдзел у акцыі пратэсту "Стоп-бэнзін". Пасьля гэтага 9 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка загадаў зьнізіць цэны практычна да ранейшых паказьнікаў.

Як кажа аўтамабільны аналітык Анатоль Шаўчэнка, няма ніякага сумневу, што цэны на паліва будуць падвышацца і надалей, аднак пасьля гучнай гісторыі з прымусовым "адваротам назад" рабіць цэнавыя скачкі на траціну наўрад ці хто асьмеліцца. Як нагадвае спадар Шаўчэнка, у чэрвені Лукашэнка заявіў падначаленым літаральна наступнае: будзе трэба — дадавайце ў квартал па 2—3%, ня болей:

"Нават на 10% зараз цэны на паліва падняць, дык гэта ж зразумела, ува што ўсё гэта выльецца. З аднаго боку, зноў будуць народныя абурэньні, а зь іншага — заўтра ўсё пачне каштаваць яшчэ больш, хоць лягічнае пытаньне — куды ўжо расьці пры цяперашніх заробках? Як вядома, крызіс нікуды не сышоў, і калі яшчэ на гэтым тле ўсё падняць, людзям, вядома, будзе надзвычай цяжка. Таму што ўмомант гэта адаб'ецца на аўтаперавозках, на прадуктах харчаваньня. Ну, вы ж самі разумееце, пацягнецца ланцужок. І ўсё ад таго, што падаражэлі энэргарэсурсы, паліва".

Паводле экспэрта ў пытаньнях энэргетыкі Аляксандра Меха, з аднаго боку, вытворцы паліва набываюць сыравіну для перапрацоўкі за валюту, але вымушаныя рэалізоўваць бэнзін ды салярку пераважна за рублі. Зь іншага боку, заробкі абсалютнай бальшыні беларусаў да даляра не прывязаныя, таму людзі са сваімі прыбыткамі папросту не пасьпяваюць за дэвальвацыйнымі працэсамі:

"Справа ў тым, што мы нафту атрымліваем за валюту, пра што сьведчаць і адпаведныя міждзяржаўныя пагадненьні. Таму, паводле лёгікі, нічога не застаецца, як прывязваць кошт таго ж самага паліва да валютнай цаны, якая цяпер існуе на нафту. Іншая рэч, што такія схемы непразрыстыя, і як бакі насамрэч дамаўляюцца — пераважна застаецца за кадрам. Яшчэ адзін момант — рэзкае адставаньне прыбыткаў насельніцтва ад росту цэнаў. І тое, што людзі імкліва бяднеюць, — цалкам заканамерны вынік, бо гэта вынік кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі. Таму людзі маюць поўнае права задаваць уладам нязручныя для іх, уладаў, пытаньні".

Мяркуецца, што вынікам сёньняшняга падаражэньня паліва стане новая акцыя "Стоп-бэнзін", якую 21 ліпеня выказалі намер падтрымаць кіроўцы у розных гарадах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG