Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад пераводзіць краіну ў рэжым жорсткай эканоміі


Пастановай Савету міністраў Беларусі зацьверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2011—2015 гады. Больш за дзьве сотні пунктаў акрэсьліваюць захады ў галіне бюджэтнай, падатковай і цэнавай палітыкі, фінансавых рынкаў, інвэстыцыйнай дзейнасьці. Тамсама закладзенае пераразьмеркаваньне цяжару аплаты за спажытыя энэргарэсурсы паміж суб'ектамі гаспадараньня і насельніцтвам, а таксама іншыя захады дзеля эканоміі сродкаў.

Згодна з тэкстам, асобныя сфэры эканомікі будуць пераведзеныя ў рэжым жорсткага ашчаджэньня сродкаў. Прыкладам, мяркуецца скараціць перакрыжавальнае субсыдыяваньне ў тых галінах, дзе склаліся "перакосы і дыспрапорцыі". На думку колішняга кіраўніка камунальнай службы Менску эканаміста Івана Анташкевіча, гэта азначае, што дзяржава нарэшце прымусіць людзей на практыцы зацягнуць паясы, паступова пераклаўшы на спажыўцоў увесь цяжар камунальных паслугаў:

"Задача сама па сабе правільная. Але за 5 гадоў пры цяперашніх умовах ажыцьцявіць яе нерэальна. Тут жа, па-першае, заробкі павінны быць абсалютна іншыя. Па-другое, усё трэба было пачынаць даўно і рабіць паэтапна, а то схамянуліся, калі прайшло столькі часу. Калі нават разгледзець сфэру жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — а гэта вялізны сэктар у частцы спажываньня энэргіі, перадусім гэта электрычнасьць і прыродны газ, — то зрабіць гэта вельмі няпроста. То бок гэта гераічны ўчынак з боку ўраду будзе, але я ў гэта пакуль што ня веру, таму што сыгналаў дзеля таго, каб ажыцьцявіць гэтую задачу, у сілу вядомых прычынаў зусім мала".

У сваю чаргу, незалежны эканаміст Сяргей Балыкін перакананы, што чарговая хваля "папяровай лібэралізацыі", абвешчаная ўрадам, наўрад ці перасьледуе дэкляраваныя мэты. Па яго словах, падобных дакумэнтаў прымалася шмат, аднак увасобіць рашэньні ў жыцьцё так і не ўдалося. Перадусім з-за несамастойнасьці ўраду ў прыняцьці рашэньняў:

"Ніколі ня будзе гэтая праграма рэалізаваная цалкам, бо ўрад папросту ня здольны яе выканаць. У яго няма досьведу працы ў рынкавых умовах, не хапае паўнамоцтваў, не хапае самастойнасьці. Прымаць рашэньні можа толькі прэзыдэнт, а практыка паказвае, што за апошнія тэрміны нічога ў яго мэтадах не зьмянілася. Ён як быў "рынкавым сацыялістам", такім жа і застаецца. І чакаць нейкіх зьменаў, на жаль, не даводзіцца. Мы можам паглядзець на нарматыўныя акты, якія былі прынятыя за паўгода дзеяньня прэзыдэнцкай дырэктывы, і ўбачым, што яны вельмі супрацьлеглыя. З аднаго боку, яны скіраваныя ў рынак, а зь іншага — скіраваныя ў сацыялізм, то бок пад дзяржаўны кантроль. Таму ў нас атрымліваецца эканоміка, якая ўвабрала ў сябе ўсё горшае і ад сацыялізму, і ад капіталізму".

Урадавая праграма абяцае актывізацыю працэсаў рэфармаваньня структуры дзяржаўнай уласнасьці. Але пры гэтым дае зразумець: дзяржава і надалей зьбіраецца апекавацца найбольш "смачнымі кавалкамі" беларускай эканомікі. Так, на базе аб'яднаньня "Беларуськалій" будзе створаны хімічны камбінат па перапрацоўцы хлёрыстых калію і натрыю, заплянаваныя мадэрнізацыя і рэканструкцыя вытворчасьцяў на Менскім аўтазаводзе, "Гомсельмашы", "Белшыне", цукровых заводах у Слуцку і Скідзелі.

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак зьвяртае ўвагу на
Чаму дэкляруюць адно, а робяць іншае? Сёньня адказу на гэтае пытаньне няма зноў. Што насамрэч рабіць, думайце, з МАЗам, з трактарным заводам. Навошта яны ў такім маштабе?

палавіністасьць захадаў, дэкляраваных практычна ўсімі апошнімі дакумэнтамі, скіраванымі на праграму выйсьця з крызіснага становішча:

"Чаму дэкляруюць адно, а робяць іншае? Сёньня адказу на гэтае пытаньне няма зноў. Што насамрэч рабіць, думайце, з МАЗам, з трактарным заводам. Навошта яны ў такім маштабе? Мы яшчэ ў сярэдзіне 1990-х аргумэнтавана даводзілі: гіганты кшталту МАЗа ў новых умовах трэба зьліквідаваць. Параўнальная з МАЗам "Шкода" трымае пяць нацыянальных эканомік, а ў нас атрымліваецца, што адна эканоміка працуе на ўратаваньне МАЗа. Таму трэба гаварыць сыстэмна: што ўлады павінны былі зрабіць, зь якіх прычын ня зроблена нічога і якія яшчэ ёсьць рэсурсы ў беларускай эканомікі. Кіраваць — гэта ня тое, што ўсё падмяць пад сябе і гэтым фанабэрыцца. Сутнасьць кіраваньня дзяржавай — пераўтвараць багацьце нацыі ў рэсурсы разьвіцьця. І гэта першасная задача: як зрабіць гэтыя пераўтварэньні, у чым іх сутнасьць?".

Ці можна меркаваць, што чарговыя праграмныя захады ўраду сфармуляваныя найперш пад узьдзеяньнем міжнародных інстытуцыяў, якія прымаюць рашэньні аб магчымасьці крэдытаваньня беларускай эканомікі? У першую чаргу гэта тычыцца абавязаньняў перад Міжнародным валютным фондам, у якога Менск просіць больш за 7 мільярдаў даляраў. Вось што наконт гэтага лічыць эканаміст Сяргей Балыкін:

"Ня толькі МВФ, але і ЭўрАзЭС ставіць канкрэтныя ўмовы. Гэта па-першае, а па-другое, натуральна ж, трэба паказаць нейкія паперы: маўляў, вось у нас ёсьць плян, глядзіце, што мы зьбіраемся рабіць… Але ж пытаньне ў тым, што плянаў было ўжо шмат. За апошнія 17 гадоў такіх праграмаў была процьма, аднак ніхто ніколі і нічога не рабіў. І казаць, што зараз нарэшце нехта пачне нешта рабіць — ну дык гэта сьмеху варта. Няхай хоць раз прынамсі паспрабуюць! Пляны ёсьць пляны, агульныя словы. Галоўнае ж ня словы, галоўнае — напаўненьне гэтых словаў. Таму што кожны з нас укладае розную сэнсавую нагрузку ў падобныя заявы і кожны можа сьцьвярджаць: маўляў, калі я казаў вось гэтыя словы, то меў на ўвазе тое і тое. На жаль, наш урад і наш бізнэс маюць на ўвазе, хутчэй за ўсё, розныя рэчы".

Спробы беларускіх уладаў прыцягнуць замежныя запазычаньні пакуль ня маюць вялікага плёну. Выдзяленьне крэдытаў абстаўляецца сур'ёзнымі патрабаваньнямі ня толькі эканамічнага, але і палітычнага кшталту, што афіцыйны Менск успрымае як спробу ўмяшаньня ва ўнутраныя справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG