Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дыктатар Эўропы


Артыкул пад такой назвай апублікавалі ў Washington Post прэзыдэнт Freedom House Дэвід Крэмэр і прэзыдэнт Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Ўэс Мітчэл. Яны пішуць, апроч іншага, пра пэрспэктывы Беларусі пасьля сыходу Аляксандра Лукашэнкі.

Прапануем вам пераклад публікацыі са скарачэньнямі.

Лідэр Беларусі Аляксандар Лукашэнка апынуўся пад унутраным і міжнародным ціскам з-за грубага парушэньня правоў чалавека і адказнасьці за найгоршы эканамічны крызіс у сваёй краіне з моманту здабыцьця незалежнасьці 20 гадоў таму.

Народ Беларусі дае зразумець, што зь яго хопіць. Імкнучыся паскорыць падзеньне цяперашняй улады, беларуская грамадзянская супольнасьць, простыя грамадзяне, апазыцыйныя сілы, а таксама ўрады Эўропы і Амэрыкі таксама павінны думаць, якой будзе Беларусь пасьля Лукашэнкі.

Летась напярэдадні выбараў ён падняў сярэднямесячную заработную плату на адну траціну, што выклікала масавы дэфіцыт, доўгія чэргі, сур'ёзную інфляцыю, зьмяншэньне валютных рэзэрваў і значную дэвальвацыю валюты.
Неразумная эканамічная палітыка Лукашэнкі -- летась напярэдадні выбараў ён падняў сярэднямесячную заработную плату на адну траціну, што краіна з цяжкасьцю магла сабе дазволіць -- выклікала масавы дэфіцыт, доўгія чэргі, сур'ёзную інфляцыю, зьмяншэньне валютных рэзэрваў і значную дэвальвацыю валюты. Цяжкасьці, якія адчуваюць беларусы, падахвочваюць многіх зь іх выходзіць на вуліцы ў знак пратэсту.

Бандыцкі адказ рэжыму на такія дэманстрацыі мае свае наступствы. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня дзясяткі тысяч людзей выйшлі з пратэстам супраць фальсыфікацыі пры пераабраньні Лукашэнкі, тады сотні людзей былі зьбітыя і арыштаваныя, у тым ліку кандыдаты ў прэзыдэнты, і з тых часоў пратэсты праходзяць рэгулярна. Зусім нядаўна ў Менску і па ўсёй краіне тысячы людзей выйшлі на вуліцы і займаліся толькі тым, што пляскалі ў ладкі ў грамадзкіх месцах. Служба бясьпекі працягвае ўжываць жорсткія мэтады пры задушэньні такога роду пратэстаў: больш за 700 чалавек былі затрыманыя падчас выбараў, а 1800 -- у часе вулічных акцый пратэсту ў мінулым месяцы, але пратэстуючых ўжо не атрымліваецца запалохаць.

Вынікам усяго гэтага стала сур'ёзнае зьніжэньне падтрымкі Лукашэнкі, у апошні час яна ўпала ніжэй за 30% -- упершыню з моманту яго прыходу да ўлады ў 1994 годзе. Эўразьвяз і Злучаныя Штаты таксама адрэагавалі, замарозіўшы актывы беларускіх службовых асобаў, адказных за зьвязаныя з выбарамі махлярства і гвалт, і наклаўшы забарону на выдачу ім візаў, а паколькі парушэньні правоў чалавека працягваюцца, яны ўвялі і эканамічныя санкцыі. І ЭЗ, і ЗША зьбіраюцца таксама даць зразумець, што яны ня будуць падтрымліваць выдачу якіх-небудзь крэдытаў Беларусі з боку Міжнароднага валютнага фонду. Беларуская эканоміка знаходзіцца ў стане свабоднага падзеньня, і Лукашэнка адчайна хапаецца за надзею на выратаваньне пасьля таго, як дэлегацыя МВФ наведала Беларусь у мінулым месяцы.

У Расеі і Захаду розная матывацыя: Захад не прымае парушэньні правоў чалавека з боку Лукашэнкі, а Расея зацікаўленая ў набыцьці прывабных беларускіх актываў у Лукашэнкі.
Расея таксама ўскладняе жыцьцё Лукашэнку, то спыняючы падачу электрычнасьці, то перашкаджаючы атрыманьню вельмі неабходнай фінансавай дапамогі. У Расеі і Захаду, вядома, розная матывацыя: Захад не прымае парушэньні правоў чалавека з боку Лукашэнкі, а Расея зацікаўленая ў набыцьці прывабных беларускіх актываў у Лукашэнкі. Але вынік такі, што Лукашэнка апынуўся ў абцугах, якія будуць толькі сьціскацца. Захад прапануе яму адзін разумны выхад -- безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных.

Але Лукашэнка ў чарговы раз паставіў сябе вышэй спадзяваньняў свайго народу, бо забыўся пра зручную магчымасьць абвясьціць у мінулыя выходныя аб амністыі з нагоды Дня незалежнасьці, на што некаторыя спадзяваліся. Замест гэтага КДБ жорстка разагнаў у некалькіх месцах мірных дэманстрантаў, якія сабраліся папляскаць у ладкі, кінуўшы сотні людзей у турму. Але пратэстоўцы працягваюць выходзіць, нягледзячы на рызыку атрыманьня траўмаў і турэмнага зьняволеньня, паказваючы нарастаньне іншадумства і ўсьведамленьня людзьмі сваіх правоў па ўсёй краіне, а ня толькі ў Менску. Эрозія страху, прышчэпленага рэжымам насельніцтву, у спалучэньні з катастрафічнай эканамічнай сытуацыяй і нарастаючай ізаляцыяй Беларусі на міжнароднай арэне, дазваляюць меркаваць, што народ Беларусі можа быць гатовы пакласьці канец 17-гадоваму знаходжаньню Лукашэнкі ва ўладзе.

Для Злучаных Штатаў і Эўропы разьвіцьцё падзеяў у Беларусі мае вялікае значэньне. Жорсткая дыктатура на парозе Эўразьвязу непрымальная і супярэчыць шматгадовай канцэпцыі бачаньня Эўропы як «адзінай, вольнай і мірнай» прасторы.

Узмацняючы ціск на рэжым, Захад таксама павінен падрыхтаваць пакет эканамічнай і палітычнай дапамогі на выпадак, калі Лукашэнка зьбяжыць ці будзе так ці інакш адхілены ад улады.
Калі Лукашэнка паспрабуе працягнуць сваю ўладу за кошт продажу каштоўных эканамічных актываў краіны Маскве, ён аслабіць беларускую незалежнасьць і стабільнасьць. Вось чаму, узмацняючы ціск на рэжым, Захад таксама павінен падрыхтаваць пакет эканамічнай і палітычнай дапамогі на выпадак, калі Лукашэнка зьбяжыць ці будзе так ці інакш адхілены ад улады. Атачэньне Лукашэнкі павінна ведаць, што сьветлая будучыня наступіць пасьля таго, як ён зьнікне, але ён таксама павінна разумець, што замена аднаго дыктатара іншым ня вырашыць праблемы. То бок, гэта ня тое, што беларускі народ прыме або заслугоўвае.

Безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных, спыненьне рэпрэсіяў, падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці, павага да вяршэнства закона, свабодныя і канкурэнтныя выбары вельмі важныя для таго, каб Беларусь заняла годнае месца ў якасьці эўрапейскай дзяржавы. Беларусь без Лукашэнкі -- а робіцца ўсё больш відавочным, што дні яго палічаныя -- будзе азначаць, што адным дыктатарам у сьвеце стане менш. Гэта тое, чаму мы ўсе можам пляскаць у ладкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG