Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзі стаміліся?


Суды і іншы перасьлед удзельнікаў учарашняй акцыі маўклівага пратэсту ў рэгіёнах у фокусе ўвагі нашых карэспандэнтаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


За ўдзел у акцыі пагражаюць ня выпусьціць за мяжу

Берасьцейскага актывіста Аляксея Коўтуна змусілі падпісаць паперу аб недапушчальнасьці яго ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях.

Хлопца папярэдзілі, што наступным разам ён панясе адміністрацыйную адказнасьць. Пры гэтым 23-гадоваму Аляксею пагражалі, што пасьля наступнай акцыі яго ня выпусьцяць за мяжу, дзе ён вучыцца па праграме Каліноўскага.

Аляксея затрымалі ўчора падчас акцыі пратэсту ў Берасьці. І адпусьцілі празь дзьве гадзіны пасьля затрыманьня, не складаючы пратаколу:
Мне казалі: „Навошта ты вярнуўся з Польшчы, калі табе гэтая краіна ўжо непатрэбная?“

«Са мною была праведзеная прафіляктычная размова ў даволі непрыемнай форме. Мне казалі: „Навошта ты вярнуўся з Польшчы, калі табе гэтая краіна ўжо непатрэбная?“. Казалі, што ў 2006 годзе, калі „яны“ мяне затрымалі на прэзыдэнцкія выбары, мне зрабілі „падарунак“ — далі магчымасьць паехаць вучыцца ў Польшчу, а цяпер „яны“ мне могуць зрабіць такі „падарунак“ — будуць даваць штрафы, і я не змагу туды вярнуцца, не змагу выехаць з краіны».

Аляксей Коўтун сёлета скончыў у Гданьску магістратуру па спэцыяльнасьці «Паліталёгія» і плянуе далей навучацца там у дактарантуры.

Праваабаронца Раман Кісьляк сьцьвярджае, што падобныя абавязаньні — звычайны складнік працы праваахоўных органаў па прафіляктыцы правапарушэньняў. Ніякіх юрыдычных наступстваў яны ня маюць, больш за тое — абмяжоўваюць чалавека, які вымушаны падпісаць такую паперу, у выказваньні сваёй думкі. У любы момант ён можа адмовіцца ад гэтага абавязаньня. Абмежаваць выезд за мяжу любога грамадзяніна можна толькі па рашэньні суду альбо ў тым выпадку, калі рашэньне суду ня выкананае. Раман Кісьляк лічыць, што такім чынам міліцыя хоча запалохаць удзельнікаў акцыі.

Пяцёх затрыманых адпусьцілі

У 15:50 зь Ленінскага РАУС Берасьця адпусьцілі пяцёх затрыманых учора на акцыі на плошчы Леніна. На дадзены момант вядомыя імёны чатырох зь іх —Андрэй Прыстаўка, Максім Прыстаўка, Георгій Несьцер, Аляксандар Клімчук. Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, іхнія адміністрацыйныя справы суд вярнуў у РАУС на дапрацоўку. Затрыманых абавязалі прыйсьці на выклік у Ленінскі РАУС Берасьця і адпусьцілі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У Гомелі сёньня нікога ня судзяць

Кіраўнік абласной філіі руху «За свабоду» Пётар Кузьняцоў сказаў «Свабодзе», што ня мае дадзеных пра суды ў абласным цэнтры:

«З той інфармацыі, што мы маем на дадзеную хвіліну, усіх тых, каго ўчора затрымлівалі, адпусьцілі зь міліцыі без складаньня пратаколаў. І ніякай інфармацыі пра тое, што нейкія суды зараз адбываюцца, мы ня маем. Таму мы мяркуем, што іх, можа, і няма наагул».

МЕНШЧЫНА


Прыйшлі ў суд — а судзьдзі няма…

Сёньня ў Слуцку павінен быў адбыцца суд над Юляй Балакір і Віталём Амяльковічам. Іх абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку падчас акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня, перадае для «Свабоды» грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошык.

«У пратаколе, які склаў супрацоўнік Слуцкага РАУСу Малышаў, пазначаны час, трэба зьявіцца 14 ліпеня а 14-й гадзіне ў суд. І Юля, і Віталь расьпісаліся, што атрымалі судовую позву. Але ў судзе пра гэта нічога ня ведалі. Мабыць, тут дапушчана нейкая халатнасьць.

Мы, а нас прыйшло 10 чалавек, каб іх падтрымаць, сядзелі гадзіну і ўсё чакалі выкліку. Пасьля падняліся да старшыні суду, які параіў зьвярнуцца ў РАУС. І мы склалі заявы».

Учора, дарэчы, у Слуцкім раённым судзе разглядалі і справу Анатоля Балакіра — сьвёкра Юлі Балакір. Яго затрымалі на акцыі 3 ліпеня, нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі. Справу разглядалі ў два прыёмы — да абеду і пасьля. Аднак прысуд так і ня быў абвешчаны. Працэс працягнецца 20 ліпеня.

ВіЦЕБШЧЫНА


Затрымалі экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцтва

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску судзьдзя Алеся Жарыкава разьбірала адміністрацыйную справу былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Правальскага.

Ён быў затрыманы ўчора недалёка ад Летняга амфітэатру, дзе зьбіраліся ўдзельнікі акцыі маўклівага пратэсту. На яго склалі пратакол за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. Мінулую ноч спадар Правальскі правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

У судзе ён заявіў, што пратаколы складзеныя з парушэньнямі заканадаўства, і запатрабаваў скасаваць судовую справу. На ягонае зьдзіўленьне, судзьдзя так і зрабіла — справа супраць Уладзімера Правальскага скасаваная на падставе неадпаведнасьці міліцэйскіх пратаколаў.

У Віцебску падчас акцыі 13 ліпеня былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек. Усіх адпусьцілі, не складаючы пратаколаў — але ўжо пасьля таго, як акцыя скончылася.

Некалькі чалавек затрымалі падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Наваполацку. Актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алега Крайко будуць судзіць 15 ліпеня — на яго складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Паводле такіх самых абвінавачаньняў аштрафаваныя яшчэ двое актывістаў: Яўген Канстанцінаў — на 350 тысяч рублёў, а старшыня наваполацкай рады Партыі БНФ Аляксей Трубкін — на 700 тысяч рублёў.
Затрымаў сам начальнік гарадзкога аддзелу міліцыі, пасадзіў у машыну, прывёз у пастарунак.

13 ліпеня ў Наваполацку быў затрыманы і незалежны журналіст Аляксандар Муждубаеў, які зьбіраўся рабіць відэарэпартаж для інтэрнэт-рэсурсу ximik.info :

«Незадоўга да сёмай гадзіны мяне затрымалі на плошчы Будаўнікоў каля гарвыканкаму. Я ішоў па камэру. Затрымаў сам начальнік гарадзкога аддзелу міліцыі, пасадзіў у машыну, прывёз у пастарунак. Я адседзеў у «дзяжурцы», а потым ён прыехаў і сказаў: «Ты свабодны, размова з табой пакуль адкладаецца».

Аляксандра Муждубаева затрымлівалі і ў мінулую сераду. Тады ён атрымаў ад міліцыянтаў неафіцыйнае папярэджаньне, каб болей не зьяўляўся і не асьвятляў акцыі маўклівага пратэсту.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Дэмакратычны актывіст Сяргей Лапуцін з Магілёва распавядае для «Свабоды» пра сытуацыю ў абласным цэнтры:

«У нас няма аніводнага суду. Учора былі толькі дробныя затрыманьні, кшталту — праверыць дакумэнты. І ня болей за тое. А такога, каб справа даходзіла да суду, альбо затрымлівалі на суткі, альбо штрафы выпісвалі — гэтым разам у нас такога наагул не было».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG