Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду «схавалі» ад «Славянскага базару»


Барыс Хамайда ля «сіняга дома»
Вядомы віцебскі апазыцыянэр арыштаваны на трое сутак. Яго затрымалі каля так званага «сіняга дома» ў цэнтры Віцебску, дзе ён штодня распаўсюджвае незалежную прэсу.

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў прызнаў спадара Хамайду вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету і прысудзіў яму арышт. Хоць каля «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна — апазыцыянэра пад бел-чырвона-белым парасонам можна бачыць практычна штодня, і калі ў горадзе не чакаецца нічога надзвычайнага, то да распаўсюдніка незалежных СМІ ў міліцыі прэтэнзій няма.

8 ліпеня — урачыстае адкрыцьцё 20-га фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», на якое мае прыехаць Аляксандар Лукашэнка. Да таго ж чакаецца адкрыцьцё новага культурна-дзелавога цэнтру ў так званай «пірамідзе» — новым будынку каля «сіняга дома».

Для Барыса Хамайды арышт нечаканасьцю ня стаў: амаль штогод перад пачаткам фэстывальных імпрэзаў яго затрымліваюць і асуджваюць на «суткі» — каб не «псаваў» імідж гораду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG