Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуе Аляксандар Лукашэнка на ўнутраныя і вонкавыя выклікі?


У чацьвер кіраўнік Беларусі, адказваючы на пытаньні журналістаў, зрабіў шэраг цікавых заяваў. Чаму прэзыдэнт лічыць неабходным кантраляваць продаж валюты насельніцтву? Як ён ацаніў вулічныя акцыі па ўсёй краіне? Чаму Аляксандар Лукашэнка незадаволены пазыцыяй Расеі і Эўразьвязу?


Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі і рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Аляксандар Класкоўскі
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч

Пра продаж валюты насельніцтву


Валер Карбалевіч: «У чацьвер Лукашэнка заявіў: „Я ўвогуле пераконваюся, што нам трэба больш сур’ёзна кантраляваць выдаткоўваньне валюты для насельніцтва. І гэтыя замежныя спэцыялісты (кітайскія экспэрты — Інтэрфакс), пра якіх я казаў, мяне аб гэтым папярэдзілі“. „Навошта выводзіць з эканомікі грошы?“, — сказаў ён, зьвяртаючыся да тых людзей, якія пераводзяць беларускія рублі ў валюту. Як можна пракамэнтаваць гэтую заяву? І якая рэакцыя можа быць у большасьці грамадзтва?».

Аляксандар Класкоўскі: «Гэта натуральная заява лідэра аўтарытарнага рэжыму, працяг тэндэнцыі адміністратыўнага рэгуляваньня аж да нейкага „ваеннага камунізму“ ў пэрспэктыве, калі беларускі народ яго вытрывае. У любым выпадку, гэта робіцца не ад добрага жыцьця.

Але разам з тым тут выяўляецца і цынізм рэжыму. Пакуль былі рэсурсы, дык прапаганда казала пра народную ўладу, які працуе дзеля людзей. А як толькі скончыліся грошы, то пачалі гучаць заявы, што народ кепскі, за яго сорамна.

І адначасова на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка падлабуньваўся да намэнклятуры. Маўляў, не штурхайце мяне пад руку, каб я сек галовы чыноўнікам».

Карбалевіч: «Ну, адну галаву сьсек. Маю на ўвазе адстаўку кіраўніка Нацбанку Пракаповіча».

Класкоўскі: «Гэта зроблена вельмі мякка. Была скарыстана хвароба Пракаповіча, каб адказаць на пытаньні пра дэвальвацыю. То бок — ён робіць стаўку на сілавікоў, чыноўнікаў, апрычнікаў. А народ ператопчацца. І, як казаў прэзыдэнт, прасіць валюту на адпачынак у Эгіпце — гэта нахабства. То бок тут прарываецца сапраўднае стаўленьне да народу як таннай рабочай сілы, якую трэба ў стойле трымаць і кідаць грубы корм. Таму, калі раней заявы апазыцыі пра антынародны рэжым успрымаліся многімі іранічна, то цяпер, думаю, людзі ўспрымаюць гэтыя тэзісы бліжэй да сэрца.

Што тычыцца парадаў кітайскіх экспэртаў, то трэба адзначыць, што эканомікі Кітая і Беларусі непараўнальныя. Таму гэтыя парады могуць далёка завесьці. Зь іншага боку, такі курс можа выклікаць масавае здыманьне валюты з дэпазытаў і ўцёкі капіталу з краіны».

Кірыла Пазьняк: «Адсутнасьць валюты — ня самая вострая праблема ў эканоміцы. Да ўсяго, існуе чорны рынак. Галоўная праблема — падзеньне даходаў насельніцтва. Думаю, народ ператрывае летні пэрыяд. Многія вераць, што ўсё наладзіцца. Нехта праядае ашчаджэньні. Да восені людзі даюць уладзе шанец усё наладзіць.
Да восені людзі даюць уладзе шанец усё наладзіць.

Але галоўная небясьпека для ўладаў, разам з падзеньнем жыцьцёвага ўзроўню, — гэта страта даверу народа да ўлады. І заявы Лукашэнкі толькі спрыяюць гэтаму. Зусім нядаўна ён казаў, што кіраўніцтва Нацбанку мяняцца ня будзе. І вось адстаўка Пракаповіча.

Затым, Лукашэнка ўвесь час абяцае вось-вось стабілізаваць валютны рынак. Прычым тэрміны гэтай стабілізацыі ўвесь час пераносяцца. Спачатку ён абяцаў гэта зрабіць праз адзін-два тыдні, потым — да 1 ліпеня. У чацьвер прэзыдэнт ужо казаў пра 1–2 месяцы. Ідзе клясычнае кармленьне заўтрамі. А народ робіць выснову, што ўлада сытуацыю ў эканоміцы не кантралюе. У выніку сама ўлада ператварае эканамічны крызіс у сацыяльна-палітычны».

Як Лукашэнка ацаніў вулічныя акцыі?


Карбалевіч: «Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў апазыцыю ў тым, што яна падштурхоўвае моладзь да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Хоць, здаецца, роля палітычнай апазыцыі ў арганізацыі гэтых акцый мінімальная. Але прэзыдэнт чамусьці вешае ярлык „апазыцыя“ на ўсіх, хто незадаволены. Чаму?».

Класкоўскі: «Выступы людзей, скаардынаваныя праз сацыяльныя сеткі, сталі нечаканымі як для ўлады, так і для старой партыйнай «статуснай» апазыцыі.

Лукашэнка вешае ярлык «апазыцыі», каб дыскрэдытаваць удзельнікаў акцыі пратэстаў. Каб вярнуць сытуацыю ў звыклую прапагандысцкую сыстэму каардынатаў.
Лукашэнка вешае ярлык «апазыцыі», каб дыскрэдытаваць удзельнікаў акцыі пратэстаў. Каб вярнуць сытуацыю ў звыклую прапагандысцкую сыстэму каардынатаў. Маўляў, гэта ворагі, «пятая калёна», яны ірвуцца да ўлады. І такім чынам адштурхнуць ад акцыяў частку патэнцыйных удзельнікаў. Бо ёсьць недавер сярод грамадзтва да старой апазыцыі. Была пагроза — маўляў, хочаце ў турму трапіць. Недалёка да новай справы «аб масавых непарадках».

Пазьняк: «Гэта сапраўды апазыцыйная акцыя, хоць яна арганізаваная і не традыцыйнай апазыцыяй, а грамадзянскай, каляапазыцыйнай супольнасьцю. А традыцыйная апазыцыя імкнецца скарыстаць момант. Ужо ёсьць адпаведныя заявы.

Гэтыя заявы могуць выканаць тую ж ролю, як і заявы Лукашэнкі. То бок адпудзіць ад гэтых акцый людзей, якія бачаць у іх якасна новы супраціў і фармальна непалітызаваны статус. А гэта вельмі важны для згаданай кампаніі элемэнт тактыкі».

Крыўда на Мядзьведзева


Карбалевіч: «Лукашэнка паведаміў, што ён запрашаў у Беларусь адзначыць 70-гадовы юбілей пачатку вайны шэраг кіраўнікоў суседніх дзяржаў, але ніхто не прыехаў. Асабліва пакрыўдзіўся беларускі лідэр на прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева. Як і ў выпадку зь нязьдзейсьненай паездкай Лукашэнкі ва Ўкраіну з нагоды юбілею Чарнобыльскай катастрофы, калі б ён пра гэта не сказаў, то шмат хто і не здагадаўся б, што кіраўнік Беларусі — у міжнароднай ізаляцыі. Навошта ён дэманструе ўсім сваё міжнароднае ізгойства?»

Класкоўскі: «Тут прарываецца эмацыйнасьць Лукашэнкі, калі ён робіць заявы на шкоду сабе. Прэзыдэнт імкнецца паказаць, як навокал усе яго крыўдзяць. Але шырокая публіка можа рабіць зусім іншыя высновы.

Тут прарвалася крыўда на Мядзьведзева. Два месяцы таму, калі сарвалася паездка Лукашэнкі ў Чарнобыль, ён абразіў ня толькі Барозу, Януковіча, але завуаляваны каменьчык паляцеў і ў бок прэзыдэнта Расеі. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ізаляцыя беларускага рэжыму ўзмацняецца. Расея выстаўляе шэраг умоваў. І адмова Мядзьведзева прыехаць у Беларусь азначае, што пакуль няма пра што размаўляць».

Пазьняк: «Ключавы момант тут у тым, што гэты факт зрабіў публічным сам Лукашэнка. Ён хоча давесьці беларусам, што кіраўніцтва Расеі паводзіць сябе не па-братэрску. Масква — гэта дзяжурны вінаваты, у тым ліку і ў крызісе. Але гэтыя пікіроўкі з Масквой ладзяцца і дзеля таго, каб зрабіць уражаньне на Захад, падштурхнуць яго дапамагчы Беларусі».

Пагроза судзіцца з ЭЗ


Карбалевіч: «Вось якраз пра Захад. Лукашэнка плянуе зьвярнуцца ў нейкі міжнародны суд на ЭЗ з нагоды санкцый супраць беларускага рэжыму. Як гэта пракамэнтаваць?».

Класкоўскі: «Менску трэба захаваць твар і даць „наш адказ Чэмбэрлену“. Недзе глуха, фонам прагучала, што можам, калі што, і заходнія кампаніі выгнаць. Але гэта палітыка з разраду „назло маме вушы адмарожу“. Бо сварыцца з ЭЗ — толькі на шкоду сабе. Якраз ад гандлю з Захадам Беларусь атрымлівае шмат валюты.

Дык вось, зварот у нейкі міжнародны суд дазволіць „спусьціць на тармазах“ гэтую справу. Маўляў, мы ня робім брутальны адказ на эўрапейскія санкцыі, а дзейнічаем цывілізавана, у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права. Натуральна, з гэтага наўрад што выгарыць у практычным пляне. Але гэта дазваляе засьведчыць сваю прынцыповую пазыцыю і адначасова ня ўлазіць лішні раз у канфрантацыю з Захадам. Бо ваяваць на два франты цяпер было б надта нязручна».

Пазьняк: «Мне здаецца, за гэтым нічога не стаіць. Гэта адказ на санкцыі ЭЗ, дзяжурная інэрцыйная заява для захаваньня твару».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG