Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргентынскае танга на Чырвонай


Першамайская дэманстрацыя ў Менску. Фота asnecto.livejournal.com
Першамайская дэманстрацыя ў Менску. Фота asnecto.livejournal.com
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Чым, апроч працы і вучобы, займаўся Освальд на заводзе першыя сто дзён, з кім яшчэ пасябраваў, як праводзіў вольны час, Мэйлер ня піша – у кнізе няма цытатаў з матэрыялаў КДБ за гэты пэрыяд (нецікавыя? Не далі?..), у “Гістарычным дзёньніку” таксама ніводнага запісу.

Матылёк не пакінуў сьлядоў.

Гістарычнае сьвятло ўключаецца 1 траўня 1960-га: хаця сьвята рабочай салідарнасьці прыпала на нядзелю, адзначалі яго два дні – у панядзелак на працу было ня трэба.

Дзёньнік ЛГО
1 траўня 1960

Першага траўня стала маім першым сьвятам, усе заводы і г.д. закрытыя. Пасьля відовішчнага вайсковага параду дэманстрацыя рабочых перад трыбунай, са сьцягамі і партрэтамі містэра Х. Паводле амэрыканскай традыцыі адзначаю сьвята тым, што ўсю раніцу сплю.
*

Зьмена на “Гарызонце” пачыналася рана, і жаданьне 20-гадовага Освальда выспацца цалкам натуральнае.

Рапарт назіраньня КДБ

01-02.05.60
ад 07:00 да 01:50

А 10:00 Лі Гарві выйшаў з дому № 4 на вуліцы Калініна і пайшоў на плошчу Перамогі, дзе 25 хвілін назіраў за парадам. Затым пайшоў на вуліцу Калініна і гуляў уверх-уніз па ўзьбярэжнай Сьвіслачы. Вярнуўся дадому аб 11:00.

З 11:00 да 12:00 некалькі разоў выходзіў на балькон свайго дому. А 13:35 выйшаў з дому, сеў на тралейбус № 2 на плошчы Перамогі, даехаў да Цэнтральнай плошчы, выйшаў апошнім, пайшоў уніз па вуліцы Энгельса, Маркса, Леніна ў булачную на праспэкце Сталіна.

Там купіў 200 грам ванільнага печыва, пайшоў у кафэ “Вясна”, выпіў кубак кавы зь печывам у аддзеле самаабслугоўваньня і пасьпяшаў у бок кінатэатра “Цэнтральны”. Пераглянуў афішу і купіў газэту (“Знамя юности”), яшчэ раз зайшоў у булачную, адразу выйшаў, сеў на тралейбус № 1 і даехаў да плошчы Перамогі і быў дома а 14:20.

А 16:50 выйшаў з дому і пайшоў на адрас Чырвоная, дом 14.


У доме 14 жыла сям’я інжынэра Аляксандра Зігера. Освальд пазнаёміўся зь ім у свой першы дзень на заводзе і стаў частым госьцем у доме.

Освальд, нехта Анатоль і Аляксандар Зігер

Гэта быў незвычайны асяродак – у 1950-я хваля рэпатрыяцыі прынесла на радзіму многія тысячы сем’яў, якія пасьля 2-й сусьветнай вайны былі раскіданыя па сьвеце. Вырашыла вярнуцца і габрэйская сям’я Зігераў – “Дон Аляксандра”, як звалі яго знаёмыя, з жонкай і дзьвюма дочкамі. Зігеры прыехалі з Буэнас Айрэсу і прывезьлі ня толькі поўныя валізы рэчаў, але яшчэ й вялікі ложак і матрац, бо ведалі, што ў СССР ложкі былі маленькія. Іх дочкі шакавалі суседзяў, калі выйшлі на балькон пазагараць у бікіні. На вечарынах у Зігераў гучала музыка, была моладзь.

І там гаварылі адкрыта.

Дзёньнік ЛГО. Працяг

Увечары іду на вечарынку з дочкамі Зігера, каля 40 чалавек, многія з Аргентыны. Мы танцуем і забаўляемся і п'ем да другой раніцы, пакуль вечарына не сканчаецца. Леанора Зігер, старэйшая дачка, 26 гадоў, афіцыйна разьведзеная, таленавітая сьпявачка. Аніта Зігер, 20 гадоў, вельмі вясёлая, не такая прывабная, але мы ўпадабалі адно аднаго. Яе кавалер Альфрэд -- вугорац, маўклівы і задуменны, непадобны да Аніты. Зігер раіць мне вяртацца ў ЗША. Гэта першая апазыцыйная думка, якую я пачуў. Я паважаю Зігера, ён бачыў сьвет. Ён гаворыць пра многія рэчы, пра якія ў СССР я ня ведаю. Я пачынаю адчуваць сябе ня надта, сапраўды!


Кватэру Зігераў не падслухоўвалі.** Але тое, пра што там гаварылася, можна было ўведаць і іншым спосабам.

Рапарт вонкавага назіраньня КДБ. Працяг

А 01:40 Лі Гарві зь іншымі мужчынамі і жанчынамі, сярод якіх былі дочкі Зігера, прыйшоў дадому. У гэты час назіраньне было спыненае да раніцы.


У доме аргентынца ў Освальда пачаўся лёгкі раман з адной зь сябровак Аніты, паштаркай Альбінай, як адзначыць Мэйлер -- бляндынкай. Раман вялікага разьвіцьця не атрымае, але менавіта яна ўвосені 1960-га пазнаёміць Освальда з адным з самых значных яго знаёмых у Менску, сваім аднаклясьнікам Эрыкам Цітаўцом.

Цітавец таксама будзе атрымліваць запросіны на вечарынкі да Зігераў. Але, як напіша Мэйлер, нядоўга. Пасьля загадкавага выпадку – нехта паведаміў уладам пра не зусім легальнае падарожжа сваяка Зігера зь Вільні і потым былі непрыемнасьці зь міліцыяй – Аляксандар Зігер рэзка абмяжуе колькасьць гасьцей.

Забарона, натуральна, ня будзе тычыцца Освальда.

Пачутую параду – вяртацца ў ЗША – Освальд ні з кім не абмяркоўваў.

Але запомніў.

---------------------------------------
*Пасьля таго, як адзін амэрыканскі чытач выказаў захапленьне тым, як у 1960-я ў Менску любілі апэрэту, што аж насілі партрэты пэрсанажаў “Прынцэсы цырку” на дэманстрацыі, я мушу пазначыць, што “Містэр Х.” Освальда – гэта ня Містэр Ікс Імрэ Кальмана. Гэта “Першы сакратар ЦК КПСС, старшыня Савету Міністраў СССР Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў”.

**”Цяжка паверыць!” – напісаў на палях рукапісу адзін скептычны чытач. Праверым, калі перад тым, як адкрыць, ня спаляць архівы КДБ...

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG