Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёвец пра сацыяльную краму: «Гэта ж за тры капейкі колькі зьнявагі!»


На 800 рублёў для пэнсіянэраў зьніжаныя цэны на тушонку. Адзін з пакупнікоў прыцэньваецца, але не купляе.
На 800 рублёў для пэнсіянэраў зьніжаныя цэны на тушонку. Адзін з пакупнікоў прыцэньваецца, але не купляе.
Тыдзень таму ў Магілёве адкрылася першая ў Беларусі сацыяльная крама. У ёй пэнсіянэрам, якія прад’явяць пасьведчаньне, дазволена купляць харчы па крыху зьніжаных цэнах. Ільгота дзейнічае ня ўвесь час, а толькі чатыры гадзіны на дзень. Наш магілёўскі карэспандэнт наведаў гэтую краму.

Магілёўскае Задняпроўе. Праспэкт Шміта. Крама № 2 таварыства «Бакалея». Ад восьмай да дванаццатай гадзіны пэнсіянэры набываюць тут харчы са зьніжкамі. Найменшая зь іх — 40 рублёў, найбольшая — каля дзьвюх тысяч.

А палове на дванаццатую ў гандлёвай залі людзей няшмат. Пэнсіянэры таўкуцца ля паліц з малочнымі харчамі, хлебам. Зрэдку падыходзяць да аддзелу з каўбасамі.

Абвестка ў краме.
Людзі краму пакідаюць з далёка не напханымі, як чакаў таго, торбамі. Ці заўважнае для іх патаньненьне харчоў?

Спадарыня сталага веку: «Ай, на сто рублёў. Гэта ж мала. Вось, напрыклад, нешта было 1800, то стала 1700».

Карэспандэнт: «Сёньня вы колькі грошай патрацілі?».

Спадарыня: «23 тысячы».

Карэспандэнт: «А калі б не было зьніжак, колькі б патрацілі?».

Спадарыня: «Дваццаць пяць бы патраціла».

Спадар сталага веку пытаньню пра патаньненьне харчоў зьдзівіўся:

«Які тыдзень таму тут крыху скінулі цэны для пэнсіянэраў. 800–1200 на крупы. Некаторыя цэны як былі, так і засталіся, а некаторыя нават узьняліся працэнтаў на трыццаць, на пяцьдзясят».

Некаторыя патэнцыйныя пакупнікі сацыяльную краму прынцыпова не наведваюць. Рэакцыя на абвешчанае патаньненьне харчоў у іх надзвычай эмацыйная:

Спадар сталага веку з жонкай: «Гэта ж за тры капейкі зьнявагі колькі! Што яны, дурнем лічаць пэнсіянэра, каб я тут стаяў у чарзе за гэтую капейку? Няхай ён сам жарэ, хто гэта прыдумаў».
Да дванаццатай не прывозяць ні малочнага нічога, ні хлеба нармальнага.

Спадарыня сталага веку: «Да дванаццатай не прывозяць ні малочнага нічога, ні хлеба нармальнага».

Спадар сталага веку: «Ага, да дванаццатай тут жа нічога няма сьвежага. Вось малака ня возьмеш, а калі й возьмеш, то ўчорашняга, а яно скісьне».

Са слоў кіраўніцтва, у краме зьніжаныя цэны больш як на дзясятак найменьняў харчоў. Гандляры прызнаюць, што наагул патаньненьне нязначнае й ня ўсе пэнсіянэры задаволеныя, асабліва тыя, хто прыяжджае ў краму зь іншых раёнаў Магілёва.

«Яны кажуць: „Ай, мы чакалі большага!“. Калі б такія крокі рабіліся вытворцамі, то зьніжкі былі б нашмат больш істотныя. Вось мы, напрыклад, атрымліваем тавар — адна партыя прадаецца, а другая прыходзіць даражэйшая. За месяц пастаўшчыкі на асобныя віды тавараў павялічылі сваю адпускную цану на 36–56 працэнтаў», — зазначае адна з прадавачак.

Са слоў суразмоўніцы, каб зьніжка была адчувальнай, трэба пакупніку набыць як мага болей прадуктаў. Вось толькі ці могуць дазволіць сабе пэнсіянэры набываць адразу шмат — пытаньне.

Адкрылі краму 8 чэрвеня. У гэты дзень Магілёў наведваў першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Радзькоў. Ці пабываў чыноўнік у краме для пэнсіянэраў на Шміта, афіцыйных паведамленьняў не было. Ён, аднак, дужа хваліў наватарскія ідэі па абароне малазабясьпечаных груп насельніцтва ў рэгіёне. Днямі старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік загадаў адкрываць сацыяльныя крамы, ці, як іх пасьпелі назваць, крамы для бедных, па ўсёй вобласьці. Паводле афіцыйнай інфармацыі, цэны на асноўныя прадукты харчаваньня ў рэгіёне вырасьлі да 50 працэнтаў. Зьніжкі ж не дацягваюць і да 20.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG