Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Сіліцкі на «Свабодзе»


Віталь Сіліцкі на Радыё Свабода ў 2007 годзе
Віталь Сіліцкі на Радыё Свабода ў 2007 годзе
Сёньня – пахаваньне Віталя Сіліцкага, аднаго з найлепшых беларускіх палітолягаў, палітычных аналітыкаў. Ён быў сталым удзельнікам перадач Радыё Свабода. Ён пайшоў з жыцьця маладым – яму яшчэ ня споўнілася 39 гадоў.

Але чалавек не сыходзіць цалкам, калі працягваюць жыць яго думкі і ідэі, калі гучыць яго голас і застаюцца тыя, хто слухаюць яго.

Сёньня ў эфіры Свабоды слухайце фрагмэнты з перадачаў Свабоды з удзелам Віталя. Мы таксама прапануем фрагмэнт тэлеперадачы «Тыдзень з Радыё Свабода» ад 30 сакавіка 2009 году, ў якой ён браў удзел.

Свабода на Белсаце, 28.03.2009. Частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:13 0:00



Віталь Сіліцкі часта выступаў у аналітычных перадачах Свабоды, «Праскім акцэнце» і «Экспэртызе Свабоды». Прапануем вам найбольш цікавыя з гэтых выступаў за апошнія гады.

Пра прычыны і вынікі падзеяў 19 сьнежня 2010 году

Я не пагаджуся зь меркаваньнем, што падзеі 19 сьнежня мелі на мэце проста набраць новых закладнікаў для гандлю з ЭЗ. Улада спалохалася таго, што грамадзтва яго перастала баяцца. І гэта стала вынікам той лібэралізацыі, якая спынілася 19 сьнежня.

Што тычыцца вашага пытаньня пра грамадзтва, то мы бачым актывізацыю той часткі грамадзтва, якая хоча пераменаў, гэта бачна па акцыях салідарнасьці. Але мы можам сутыкнуцца з паўтарэньнем 2006 году, калі два месяцы пасьля Плошчы ўсе стаялі на вушах, быў сецявы супраціў, флэш-мобы, новыя формы барацьбы, а потым студэнты разьехаліся па замежжах і мы мелі 3 гады поўнага правалу і адсутнасьці зьмястоўнай палітычнай актыўнасьці.

Я гэтыя дні шмат езьдзіў на Акрэсьціна і заўважыў, што сярод затрыманых даволі мала студэнтаў. Людзі, якія выйшлі на Плошчу - гэта ў асноўным сярэдняя кляса, 25-35 гадоў, людзі, якія самі зарабляюць грошы.

Хаця мы ня маем дакладных сацыялягічных дадзеных па выніках выбараў, з ускосных чыньнікаў я раблю выснову, што на гэтых выбарах апазыцыя вырвалася за межы 25%, якія заўжды ў яе былі. Было гэта 30 ці 35%, але пэўны зрух адбыўся.

Тэндэнцыі, якія выявілі гэтыя выбары, дастатковыя, каб напалохаць уладу і згарнуць лібэралізацыю, але недастатковыя, каб выйграць у яе.

Пра лёс беларускай апазыцыі пасьля 19 сьнежня 2010 году

У 2010 годзе мы ўбачылі, што пасьля некалькіх гадоў правалу апазыцыя адрадзілася. Часткова гэта было зьвязана з тым, што ўлада адпусьціла ланцуг, дала пагуляцца. Пэўны ўплыў на грамадзтва гэтая кампанія зрабіла, сацыяльны патэнцыял для апазыцыі ёсьць. Яна зможа адрадзіцца, нягледзячы нават на гэтыя рэпрэсіі.

Але мы вяртаемся ў дысыдэнцкі пэрыяд, дзе некалькі гадоў гэтых замаразкаў на першым месцы будзе праваабарончая дзейнасьць. Гэтыя дні пасьля 19-га вывелі на авансцэну новых грамадзкіх лідэраў, такіх як Дар'я Каткоўская, Сяржук Семянюк і Алена Танкачова. Іх ніхто не абіраў, яны вылучыліся сваімі ўчынкамі.

Што да геапалітычных пытаньняў, то яны сталі актуальнымі тады, калі нас асабліва ня білі. Калі наступаюць лепшыя часы, людзі больш дыскутуюць, больш сварацца, другасныя пытаньні робяцца першаснымі. За час лібэралізацыі мы амаль згубілі маральную лінію, пытаньне «ты за чырвоных ці за белых» зьмянілася пытаньнем «ты за рускіх ці за немцаў». А зараз ізноў вярнулася пытаньне наконт “чырвоных” і “белых”. Вораг адзін і ён кансалідуе.

Пра ўплыў рэвалюцый у арабскім сьвеце на Беларусь

Арабскія рэвалюцыі – гэта магутны ўдар па мазгах Лукашэнкі, гэта страх, гэта пошук ворагаў. Але гэтыя рэвалюцыі – гэта народныя паўстаньні, якія яшчэ незразумела да чаго прывядуць. Прыхільнікам дэмакратыі яшчэ рана радавацца, а вось дыктатарам ужо час сумаваць. Паказальна тое, што любыя меры, якія ты прымаеш, зь цягам часу (праўда, вялікага часу, нават ня 10–15 гадоў) ня дзейнічаюць. Калі грамадзтва губляе страх і выходзіць на вуліцу, то ня дзейнічаюць ні прэвэнтыўныя меры, ні палітыка пугі і перніка. Заўважце, што гэты рэвалюцыйны крызіс ахапіў як бедныя, гэтак і заможныя краіны, як прасунутыя цывілізацыйна, гэтак і не, гамагенныя і ня вельмі гамагенныя, з моцным рэпрэсіўным апаратам і зь ня надта моцным. Час надыдзе, дык невядома куды і схавацца. Падзеньне Лібіі паказвае, што калі выпадае яшчэ адно зьвяно з ланцугу аўтарытарнага інтэрнацыяналу, то куды бегчы потым? Гэта час задумацца для дыктатараў, для іх памагатых, якія загады ім давядзецца праз 10 гадоў выконваць, задумацца, ці перажывуць яны ўсё гэта.

Пра эфэктыўнасьць санкцый адносна Беларусі

У свой час да санкцый супраць Паўднёваафрыканскай рэспублікі далучыўся ўвесь сьвет. Тут і палова сьвету не далучыцца... Яшчэ да сярэдзіны гэтага году пачнуцца размовы пра тое, што санкцыі не працуюць... Пытаньне пра выбары ўжо пахаванае. Ужо для аднаўленьня дыялёгу ўмова – толькі вызваленьне палітвязьняў. Як бы гэта ні было прыкра, але выбары яму ўжо амаль даравалі.

Пра моўную сытуацыю

Што 45% адказалі, што размаўляюць па-руску, бо ўсе вакол размаўляюць па-руску, значыць толькі тое, што калі б чалавек быў уціснуты ў іншую моўна-культурную сытуацыю, ён бы да яе прыстасаваўся. Калі б усё ў дзяржаве было па-беларуску, то гэта не было б для чалавека праблемай, а калі і было б, то невялічкай. У нас на прэзэнтацыі дасьледаваньня адзін журналіст спытаў, а ці вымяралі мы, колькі б людзей пратэставалі, калі б аднавілася палітыка беларусізацыі? У гэтым і ключ. Калі была беларусізацыя, то незадаволенасьці ёй было вельмі шмат, але ж не было таго, што было ў Прыднястроўі і нават ва ўсходняй Украіне. Людзі прыстасоўваліся, пакуль дзяржава пасылала адпаведныя сыгналы. Калі дзяржава пачала пасылаць іншыя сыгналы, усё памянялася і вельмі хутка вярнулася на расейскую мову. Пытаньне стаіць так, што для таго, каб перайсьці на беларускую мову, трэба ня проста на яе перайсьці, трэба выдаткаваць неверагодныя высілкі, каб зьмяніць сацыяльную норму. І беларусы не гатовыя ахвяраваць столькім дзеля беларускай мовы.

У нашым дасьледаваньні мы высьвятлялі адносіны да людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай, а ня ўласна карыстаньне беларускай мовай. У большасьці насельніцтва няма ўспрыманьня беларускай мовы як мовы вёскі, “дзярэўні”. Прыкладна аднолькавая доля тых, хто казаў, што гэта мова вёскі, і тых, хто казаў, што гэта мова інтэлігенцыі. Сярод моладзі доля тых, хто гатовы карыстацца беларускай мовай, меншая, чым па ўсёй выбарцы ў сярэднім. Гатовасьць падтрымаць беларускую мову і гатовасьць ёй карыстацца павялічваецца з узростам. Сярод моладзі ад 18 да 24 гадоў тых, хто ставіцца да карыстальнікаў беларускай мовай як да пазёраў, як да тых, хто “выпендрываецца”, у паўтара раза болей, чым сярод насельніцтва ў сярэднім.

А сувязь з адукацыяй вельмі цікавая. У самаацэнцы валоданьня мовай ёсьць два пікі – людзі зь вельмі нізкай адукацыяй і людзі з высокай адукацыяй. Схільных да таго, каб быць актыўнымі носьбітамі беларускай мовы, сярод людзей з пачатковай адукацыяй 25%, а сярод людзей з вышэйшай адукацыяй – 17%. Але і “нігілістаў”, тых, хто варожа ставіцца да беларускай мовы, сярод людзей з пачатковай адукацыяй 31%, а сярод людзей з вышэйшай адукацыяй – тыя ж 17%. Інтэлігенцыя займае сярэднюю пазыцыю, яна схільная больш да пасіўных беларускамоўных практык. А людзі з пачатковай адукацыяй ці жывуць у вёсцы і размаўляюць на беларускай трасянцы, ці гэта гарадзкая цалкам русыфікаваная «гапата», якой беларуская мова да аднаго месца.

Пра перасьлед кампаніі «Гавары праўду»

Вакол кампаніі "Гавары праўду" была заслона сакрэтнасьці – адкуль яна, хто яе падтрымлівае і г.д. Мяркуючы па дзеяньнях нашых спэцслужбаў, у іх саміх да канца разуменьня, адкуль "растуць ногі", пакуль няма. Калі прадстаўнікі кампаніі застануцца за кратамі надоўга, Захад будзе вымушаны рэагаваць. Што тычыцца рэакцыі Расеі, то яна пакажа, наколькі адэкватныя чуткі, якія распаўсюджваліся пра гэтую кампанію. Што да рэакцыі Захаду, то паколькі дыялёг з Лукашэнкам фактычна спыніўся, то ніхто не замінае гнеўна асудзіць ці закляйміць.

Пра тое, чаму Лукашэнка даў прытулак Бакіеву

Сэрбская рэвалюцыя 2000 году, філіпінская рэвалюцыя былі цалкам легітымнымі. Там апазыцыя атрымала перамогу на выбарах, а потым абараняла яе на вуліцах ад фальсыфікацый. „Памаранчавая рэвалюцыя“, сьветлай памяці, была легітымнай.

А ў Кіргізстане быў вулічны бунт. І галоўная выснова, якую мог зрабіць Лукашэнка з кіргіскіх падзеяў, такая: у выпадку крызісу Масква яго не падтрымае. І спрацоўвае чыньнік страху.
Трагедыя польскага самалёта пад Смаленскам плюс кіргіскія падзеі стварылі псыхалягічны кумулятыўны эфэкт.

У гэтым сэнсе тыдзень быў вельмі стрэсавы. Трагедыя польскага самалёта пад Смаленскам плюс кіргіскія падзеі стварылі псыхалягічны кумулятыўны эфэкт. Сэнс яго ў тым, што ўлада і ўвогуле прэзыдэнцкі час ня вечныя. „Мemento mori“ па галаве.

Пра правакацыі ўладаў супраць Саюзу палякаў

Па-першае, відавочна, што правакацыя вакол саюза палякаў гэтым разам мела на мэце разваліць палітыку Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі, таму што яна фармулюецца вельмі марудна. Узгадніць 27 пазыцый, 27 краінаў, каб прыняць такое даволі жорсткае рашэньне за кароткі прамежак часу немагчыма. Таму адсутнасьць нейкага жорсткага рашэньня – гэта тое, што мусіла адбыцца па азначэньні, і на гэта афіцыйны Менск разьлічваў. Яму трэба было пашырыць ступень сваёй свабоды у дачыненьні да Эўразьвязу, даказаць, зафіксаваць, што санкцыі тут ніколькі не працуюць, паколькі іх немагчыма ўвесьці. І крышку павадзіць Эўропу за нос у лік далейшых перамоваў і ўзаемадзеяньняў.
Па-другое, трэба было панізіць пазыцыі Польшчы і Эўразьвязу перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэта заўжды робіцца, таму што чакаецца, што асноўным прамоўтарам нейкіх апазыцыйных сілаў для Беларусі зьяўляецца Польшча. У гэтым сэнсе ў чымсьці свайго посьпеху беларуская ўлада дамаглася, таму што інстытут ЭЗ проста так хутка не варушыцца. Аднак у той жа час прагучала заява Францыі пра салідарнасьць з Варшавай, што было даволі новым для гэтай сытуацыі. Усё ж такі гэта пэўны сыгнал пра тое, што ЭЗ можа вызначыць нейкую сваю пазыцыю ў будучым. І, скажам, калі ўзьнікаюць пытаньні пра атрыманьне нейкай фінансавай падтрымкі з боку інстытутаў ЭЗ, пра гэта было заяўлена і на нашай канфэрэнцыі эўрапейскімі чыноўнікамі, што такі дыялёг вядзецца, то тут могуць узьнікнуць у будучым пытаньні.

Пра нацыянальныя дыскурсы

Улады не прымаюць ідэалёгію этнакультурнага нацыяналізму таму, чаму я не прымаю, напрыклад, іслам, юдаізм ці вуду. Бо я ў гэта ня веру. Відаць, у гэтую ідэалёгію ня вераць улады. Яны шчыра мысьляць сябе “рускімі з знакам якасьці”, таму і адбудоўвалі такую Беларусь. А ўвогуле нацыянальна-дэмакратычны дыскурс — гэта не адзіная схема, у якой можна сябе мысьліць беларусам.

Я б засьцярог ад залішняга сацыялягізму, калі мы спрабуем усё растлумачыць грамадкай думкай. Бо грамадзкую думку фармуюць эліты і мэдыі.

Зь іншага боку, нельга лічыць, што з народу можна віць вяроўкі. Народ цяжка рэагуе, калі тычыцца ладу жыцьця людзей. Напрыклад, лёгка можна зьмяніць уяўленьне беларусаў наконт таго, што зьяўляецца прарадзімай Беларусі. А вось зьмяніць моўную практыку людзей — вельмі цяжка. Для гэтага патрэбен доўгі час. Дасьледаваньне нашага інстытуту паказала, што жадаючых размаўляць па-беларуску значна больш, чым тых, хто рэальна размаўляе. Таксама шмат людзей успрымае мову як нацыянальны сымбаль. Паводле адносінаў да мовы існуе вялікая дыфэрэнцыяцыя. Таму да кожнай групы павінны быць свае стратэгіі і падыходы.

Калі прынцыповая нацыянальная альтэрнатыва будзе заяўлена і будзе пасьлядоўна адстойвацца дэмакратычнымі кандыдатамі, Лукашэнка будзе вымушаны на гэта рэагаваць. Напрыклад, у кампаніі 2001 году гэтага не адбывалася, таму і рэагаваць не было на што.

Сапраўды, палітык павінен імкнуцца заваяваць большасьць. Але калі палітык ставіць задачу ў нечым зьмяніць грамадзтва, то для гэтага неабавязкова прыходзіць да ўлады.

Пра стасункі Беларусі і Расеі

На мяжы 1999—2000 гадоў праблема прарыву ў Крэмль для Лукашэнкі зьнікла і паўстала задача доўгатэрміновага выжываньня. І гэта ў яго атрымалася дзякуючы палітыцы інтэграцыі. За гэтыя гады былі створаны такія інстытуты і мэханізмы, што Расея ня можа проста адмовіцца ад падтрымкі Беларусі, бо страціць у геапалітычнай, піяраўскай сфэры і інш. Колькі разоў РФ абяцала спыніць эканамічную падтрымку Беларусі, але ж не змагла.

Цяпер адбываецца працэс сувэрэнізацыі Беларусі, адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй усё больш нагадваюць дачыненьні дзьвюх незалежных дзяржаваў. Але пасьля будаўніцтва абходных трубаправодаў залежнасьць Расеі ад Беларусі зьменшыцца, і тады пачнецца іншая палітыка

Не існуе нацыянальных інтарэсаў. Ёсьць інтарэсы групаў, якія прысвойваюць сабе права гаварыць ад імя нацыі. Магчыма, саюзная дзяржава стала мяккай формай для “разводу”, сувэрэнізацыі Беларусі. Бо на пачатку 1990-х гадоў краіна была слаба гатовая да незалежнага будаўніцтва. Шмат таго, што было закінута ў публічную прастору БНФ на пачатку 1990-х гадоў і было тады адрынута грамадзтвам, цяпер вяртаецца, робіцца часткай афіцыйнага дыскурсу. Гэта будаўніцтва інфраструктуры ўласнай незалежнасьці, альтэрнатыўнага нафтаправоду і інш. Але мы прыйшлі да гэтага ад адваротнага.

Цяпер стаіць пытаньне дэмантажу гэтага фантому пад назвай “саюзная дзяржава”, пераходу ад саюзных адносін да нармальных цывілізаваных дачыненьняў дзьвюх суседніх дзяржаў. Гэтая валізка бяз ручкі нікому не патрэбная, аднак існаваньне саюзнай дзяржавы легітымізуе расейскія прэтэнзіі да Беларусі.

Расейскія датацыі — гэта, бадай, сёньня адзіны інструмэнт расейскага ўплыву. Хоць фізычны аб’ём гэтых датацыяў не зьмяншаецца, яго доля ў валавым унутраным прадукце Беларусі падае

Пра палітычнае поле Беларусі

Што такое “левыя сілы”? Я разумею, што такое левая ідэалёгія. Але падзелы на левых і правых ніяк не адлюстроўваюць падзелаў у беларускім грамадзтве. Бо яно не падзеленае паводле ідэалёгіяў.

Можна, вядома, аб’яднаць некалькі палітычных клюбаў, якія лічаць сябе левымі сіламі, і вылучыць кандыдата. Але што ён будзе адлюстроўваць? Спэктар пэўнай палітычнай субкультуры?

У нас існуюць дзьве рэчаіснасьці. Адна рэчаіснасьць — гэта палітычнае поле, кантраляванае дзяржавай. Яно ахоплівае рэальныя праблемы, якія хвалююць людзей. Другая рэчаіснасьць — гэта віртуальнае поле, якое разьбітае на кавалкі субкультуры. І гэтыя два палі не перасякаюцца. Мы ў ХХІ стагодзьдзі кажам пра палітычныя ідэалёгіі ХІХ стагодзьдзя. Прычым у сыстэме, дзе фармаваньне палітычнага поля эвалюцыйным эўрапейскім шляхам не ішло.

Можа быць істотным пытаньнем праблема геапалітычнай арыентацыі. Вось ва Ўкраіне па такім пытаньні якраз фармуецца палітычная сфэра. Але ў нас і гэтую лінію пасьпелі сьцерці, пачаўшы валтузьню на эўрапейскім флянгу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG