Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарунак Дзьмітрыю Вусу на дзень народзінаў — этап у калёнію


Дзьмітрый Вус
Дзьмітрый Вус
Дзьмітры Вус сустрэў на Валадарцы 40-годзьдзе. Андрэй Саньнікаў чытае пратаколы судовага паседжаньня. Алеся Квяткевіча везьлі зь Менску ў івацэвіцкую калёнію тры дні. Аляксандра Атрошчанкава дапытаюць сьледчыя вайсковай пракуратуры пра катаваньні ў КДБ.

10 чэрвеня вязень Валадаркі Дзьмітры Вус адзначыў дзень народзінаў. Экс-кандыдату на прэзыдэнта споўнілася 40 гадоў. Жонка вязьня Яўгенія мела зь ім кароткае спатканьне, падчас якога даведалася: гэтай ноччу мужа этапуюць у калёнію. Прысуд 5 з паловай гадоў зьняволеньня Дзьмітры Вус пачне адбываць у магілёўскай калёніі № 19, дзе ў сярэдзіне 2000-х гадоў сядзеў за абразу Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальнік Валер Леванеўскі.

Яўгенія Вус паведаміла Свабодзе пра ўмовы, у якіх быў Дзьмітры ў апошнія дні:
Яго нядаўна перавялі ў камэру памерам 12 мэтраў, дзе нічога няма, акрамя 6 ложкаў.

«У камэры вельмі сьпякотна. Яго нядаўна перавялі ў камэру памерам 12 мэтраў, дзе нічога няма, акрамя 6 ложкаў. Кажа, што нават прайсьці добра немагчыма. На вокнах краты, акрамя іх яшчэ павесілі жалезныя жалюзі, каб нічога не было відаць, што на вуліцы. Збольшага трымаецца, але кажа, што кормяць вельмі дрэнна. Нейкая сечка, у якую дадаюць камбітлушч, ад якога немагчыма лыжку адмыць нават сродкам для мыцьця посуду. Харчуецца тым, што з волі перадаюць. Але збольшага трымаецца малайцом».

Яўгенія перадала мужу гародніну і вафельны торт — каб адзначыў з сукамэрнікамі дзень народзінаў. Паводле яе, на здароўе муж не наракаў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў у камэры вывучае пратаколы судовага паседжаньня. Пра гэта маці вязьня даведалася зь ягонага ліста. «На здароўе сын ня скардзіўся. Зь ім сустракалася адвакат, дык казала, што выглядае добра, настрой бадзёры», — паведаміла Свабодзе Ала Саньнікава. Адказу на яе заяву ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў маці палітвязьня пакуль не атрымала.

6 чэрвеня Ала Саньнікава напісала заяву, каб яе сына не пераводзілі для адбыцьця пакараньня ў наваполацкую калёнію, дзе вельмі дрэнныя, як мяркуе жанчына, экалягічныя ўмовы.

Вольга Класкоўская, сястра вязьня, былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, даведалася, што брата ў ноч на 11 чэрвеня этапуюць у калёнію ў Шклоў:

Проста я прынесла яму перадачу, і мне паведамілі, што будзе этап.
«Сёньня выпадкова стала вядома, што ўначы Аляксандра этапуюць у шклоўскую калёнію. Проста я прынесла яму перадачу, і мне паведамілі, што будзе этап. Таксама я запыталася, ці будзе Аляксандар адбываць пакараньне ў спэцпадразьдзяленьні для былых міліцыянтаў. Мне адказалі на Валадарцы, што гэта невядома. Я ведаю, што такое спэцпадразьдзяленьне ў шклоўскай калёніі ёсьць».

Паводле правілаў, асуджаных былых міліцыянтаў трымаюць асобна ад асноўнага кантынгенту калёніі, каб пазьбегнуць непажаданых канфліктаў між асуджанымі.

Маці Аляксандра Квяткевіча паведамілі ў івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы», што 10 чэрвеня яе сына прывезьлі ў калёнію. Алена Квяткевіч падлічыла: этап зь Менску ў Івацэвічы цягнуўся тры дні. Першы тыдзень Алесь Квяткевіч будзе ў карантыне. Як паведамляў на волю вязень гэтай калёніі Павал Вінаградаў, разьмешчаныя ў карантыне мусяць спаць пад адкрытым небам, бо ідзе рамонт корпусу.

10 чэрвеня жонку палітвязьня Алеся Атрошчанкава Дар’ю Корсак выклікалі ў вайсковую пракуратуру, каб атрымаць паказаньні пра вядомыя ёй факты катаваньняў у турме КДБ. У сакавіку сьледчыя спрабавалі ўзяць паказаньні пра гэта і ад Алеся Атрошчанкава, якога тады яшчэ трымалі ў «амэрыканцы». Аднак вязень адмовіўся размаўляць са сьледчым без адваката. Дар’я Корсак кажа, што у вайсковай пракуратуры ёй паведамілі пра намер дапытаць Алеся Атрошчанкава ў калёніі адносна ягоных заяў пра катаваньні ў КДБ:

«На наступным тыдні вызначу адваката, які паедзе ў калёнію да Алеся, каб ён там даў тлумачэньні на гэтую тэму — пра катаваньні ў КДБ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG