Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Вінаградаў пра крэдыт ад МВФ: «Умовы павінны быць жорсткімі»


Юры Вінаградаў
Юры Вінаградаў
Беларусь зьвярнулася да Расеі, да ЭўрАзЭС, да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай выдаць ёй крэдыты. Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС прыняў рашэньне пра выдачу крэдыту ў памеры 3 мільярды даляраў тэрмінам на 3 гады пры выкананьні пэўных умоваў. Расея і МВФ яшчэ думаюць. Ці варта краіне даваць замежныя крэдыты, калі ў ёй ёсьць палітзьняволеныя, праблемы з правамі чалавека, няма рынкавых рэформ? Адказваюць сваякі асуджаных за плошчу.

Бацька актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава, асуджанага на 4 гады зьняволеньня, спадар Юры — прадпрымальнік: «Я, канечне, разумею, што калі не дадуць крэдыт, нам горш будзе. Але, паколькі мой сын сядзіць, я за тое, каб не давалі крэдыт. Магчыма, калі і далі б, то абставілі б гэта такімі ўмовамі, каб нешта памянялася ў гэтай краіне. Умовы павінны быць жорсткімі, калі будуць даваць. Хацелася б, каб было так».

Экспэрты, палітолягі выказваюць меркаваньне, што Захад, дэмакратычныя краіны менавіта праз эканамічныя рычагі могуць паўплываць на афіцыйныя беларускія ўлады.

Маці асуджанага на 3 гады Дзьмітрыя Буланава Клаўдзія Буланава: «Мне здаецца, што будзе нармальна выкарыстоўваць гэты рычаг. Таму што разьвіваць любую краіну трэба прагрэсіўна. Калі ідзе рэгрэс, то выдаткоўваць грошы на рэгрэс — гэта проста страшна».

Маці зьняволенага на 3 гады Алега Гнедчыка Валянціна лічыць, што беларускі народ не павінен пакутаваць і варты лепшага жыцьця: «Я ад палітыкі вельмі далёкая. Мяне цікавіць на сёньняшні дзень толькі лёс майго сына. Але беларускі народ не пры чым. Я ня згодная зусім з прэзыдэнтам. На двары 21-е стагодзьдзе. Людзі нашы павінны мець і даляры ў кішэні, і тыя ж грыўны, каб паехаць адпачываць. Таму, напэўна, нам усё ж такі патрэбныя грошы, нашай Беларусі, для таго, каб хаця б самае элемэнтарнае — людзі маглі езьдзіць і лячыцца, і адпачываць».

Маці палітвязьня студэнта Фёдара Мірзаянава, якога пазбаваілі волі на 3 гады, спадарыня Людміла лічыць, што замежныя крэдыты ідуць толькі на падтрымку рэжыму, таму ня варта яго падтрымліваць:

«Не, канечне. Для мяне краіна, народ, улада, рэжым — гэта не адно і тое. Так, народу трэба было б дапамагчы. Але яны даюць грошы рэжыму. Тут ужо сфармавалася залежнасьць. І гэтую залежнасьць падтрымліваюць увесь час, дазавана ўкладаюць, укладаюць і ўкладаюць. Усё большыя сумы патрабуюцца менавіта для падтрымкі рэжыму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG