Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна рука б’е, другая дае?


Праграма крэдытаў для Беларусі ставіць заходнія краіны у цікавае становішча: адной рукой яны будуць прымяняць уведзеныя санкцыі, а другой, праз МВФ, аказваць фінансавую падтрымку, піша газэта Financial Times.

Аляксандар Лукашэнка, аўтарытарны прэзыдэнт Беларусі ад 1994 году, уяўляе сабой непрыймальны твар посткамуністычнай Усходняй Эўропы, спалучаючы ў сваім кіраваньні страшныя рэпрэсіі з фінансавай некампэтэнтнасьцю, піша газэта ў рэдакцыйным артыкуле Loans for Belarus.

Варты жалю летапіс Лукашэнкі можна параўнаць хіба зь дасягненьнямі яго старэйшага калегі Робэрта Мугабэ з Зымбабвэ

Варты жалю летапіс Лукашэнкі можна параўнаць хіба зь дасягненьнямі яго старэйшага калегі Робэрта Мугабэ з Зымбабвэ. Але паколькі МВФ дае тэхнічныя кансультацыі Зымбабвэ , дапамагаючы пераадолець наступствы эканамічных праблемаў, то і запыт Беларусі ў МВФ па фінансавую дапамогу павінен быць уважліва разгледжаны.

Урад мае вялікую патрэбу дапамогі ў значнай ступені з-за безразважных выдаткаў дзяржаўных грошай, якімі Лукашэнка зьмяншаў супраціў яго пераабраньню. Цяпер беларускі рубель упаў у цане, эканамічная прадукцыйнасьць падае, а на гарызонце – прывід гіпэрінфляцыі. Аднак з-за таго, што выбары ў сьнежні летась былі азмрочаныя махлярствам і рэпрэсіямі супраць апанэнтаў, ЗША і Эўразьвяз аднавілі санкцыі супраць рэжыму.

Без заходняй падтрымкі Менску ня будзе куды зьвярнуцца акрамя Расеі. Аднак Крэмль ня дасьць дапамогі, пакуль Беларусь не прадасьць шэраг сваіх найважнейшых дзяржаўных актываў

Праграма крэдытаў для Беларусі паставіць заходнія краіны ў цікавае становішча: адной рукой яны будуць прымяняць уведзеныя санкцыі, а другой, праз МВФ, аказваць фінансавую падтрымку. Аднак калі МВФ упэўнены, што даб’ецца выкананьня сваіх умоваў больш пасьпяхова, чым пры папярэднім крэдыце Беларусі ( 3,5мільярдаў USD у 2009-10гг), то фінансавая дапамога цяпер – слушны крок.

Без заходняй падтрымкі Менску ня будзе куды зьвярнуцца акрамя Расеі. Аднак Крэмль ня дасьць дапамогі, пакуль Беларусь не прадасьць шэраг сваіх найважнейшых дзяржаўных актываў. У выніку Беларусь можа аказацца на геастратэгічнай і эканамічнай арбіце Масквы. Улічваючы таксама цесныя ваенныя сувязі з Масквой, гэта б несла пагрозу зьмяншэньня беларускай незалежнасьці.

Рэжым Лукашэнкі ня вечны і заходнія краіны маюць доўгатэрміновыя інтарэсы ў падтрымцы свабоды ў Беларусі. Праграма МВФ, правільна распрацаваная і рэалізаваная, будзе садзейнічаць дасягненьню гэтай мэты, заключае газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG