Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: дэжавю з кавай


Мне падабаецца толькі рэкляма кавы. І таксама — як кашэчую ежу рэклямуюць: каты, яны зграбныя, заўжды годныя, незалежныя. Дзесьці чытаў — сіямскі кот каву любіў. Але ката ў мяне цяпер няма. Так што: кава. Аднак на паліцах зь ёю сапраўдная ліхаманка. Кава як эліксір творчасьці, цэны — як градусьнік пад пахай Левіяфана, у яго сёньня гарачка.

1991-2011


Бяз кавы ніяк. І сёньня я адчуваю якоесьці кавовае дэжавю, быццам зрабіўся на дваццаць год маладзейшым. Праўда, цяпер яна пакуль не зьнікае, у яе гарачка, яна прыгаломшаная — як жа сябе ацаніць, каб не памыліцца? Каб не прадзешавіць. Каву трэба браць на рынку, каб не карміць рэжым, бо ў крамах удвая даражэй. І яна павінна быць нямецкай.

Але ўсё зламалася раптам: дваццаць тысяч за велькі пачак ператварыліся ў дваццаць пяць, скокнулі да сарака пяці. Плаціць падвойную цану? У крамах таксама абы-што на кавовых паліцах, але трэба шукаць, як шукаў калісьці ў вясковых кнігарнях, вядома ж не арабіку. І пачынаеш разумець, што нэўтралітэту твайму часовы канец: не ўступаць, ня ўдзельнічаць, не падпарадкоўвацца масавым жаданьням, не стаяць у чэргах… Сьпяшайся! На пачках кавы мяняюць цэньнікі. Абыходзіш тры-чатыры крамы і робіш дома “сяльпо” — некалькі разнамасных гатункаў, якіх не ўжываў раней. Што праўда: нарэшце нагода набыць “Чорнае зерне” для туркі ад сапраўднага беларуса — ад першага да апошняга слова на пачку ўсё на радзімай мове. У гэтай краіне вельмі вялікая рэдкасьць.

З кавай у нас у СССР ніколі не было добра, неўраджаі ў Бразіліі нагадвалі інфаркты. Нашае палітбюро ніколі ня здраджвала ідэалам, не згаджалася на саступкі сумленьню: каб ня выпусьціць парачку цяжкіх танкаў ці зьнішчальнікаў. Або ўвогуле — на адну субмарыну меней, каб крыху пераплаціць за каву і забясьпечыць савецкім людзям хоць маленькую прыемнасьць перад працай? “Толькі цераз наш калектыўны труп, дарагія таварышы!”

Проза


Прыяцель аднойчы сказаў: у цябе ў апавяданьнях вечна п’юць каву. А мне здавалася такім натуральным — ты бярэсься пісаць і пачынаеш з кавы, а інакш ніяк. Што дзіўнага, калі героі таксама для смаку жыцьця бяруць пахкі кубак?

Прагледзеў “Дастаеўскага”, новы сэрыял, зрабіў беларус Хаціненка для расейскага гледача. Хведар Міхайлавіч чамусь нагадвае вельмі кіношнага Ўладзімера Ільліча і зусім як ён сёрбае гарбату, калі піша. Ніякай табе кавы, бацечка. Бальзак піў каву, шмат. Заходнік Тургенеў выглядае побач з Дастаеўскім на паважнага эўрапейскага пісьменьніка, хаця таксама ад гарбаткі не адмаўляецца.

Іншы прыяцель, бывае, нагадвае: а як ты калісьці двойчы запарваў, эканоміў? Сапраўды, гэта называлася ў нас “паўтуркай” і было болей літаратурнай гульнёй хіба, хаця кава насамрэч рабілася амаль раскошай. Прачытаў у Дз.Савіцкага, які ў Парыжы мусіў эканоміць. У маім апавяданьні пра друкарку з 1991-га рэмінісцэнцыя: “Мне без патрэбы скрэбці бляшанку лыжкай. У мяне на горшы дзень трохлітровы слоік кававых бабоў. Назапасіў. Здаецца, мне ня варта таксама параўноўваць сябе з тым расейскім пісьменьнікам зь беларускім прозьвішчам, які ўцёк ды гібее ў Парыжы… Паддашны пакоік, за які няма чым плаціць. Нарэшце, кавовы фільтар, дастаны са сьмецьця і шосты раз запараны. Фэ. Апіўкі”.

Тыя бабы я памятаю: першы-апошні раз даводзілася купляць зялёную, няпражаную каву. Таксама творчы момант: давесьці да шакаляднага колеру. Зь лета 1991-га яшчэ ўспамін: вяртаньне з адпачынку, амаль пустыя кішэні, і дылема — том Вэркора ці пачак кавы? Пераважвае кава.

Сёлета таксама неўраджай у той Бразіліі. І што цікава, я пішу твор, дзе галоўнаму герою ўлом разьмяркоўваць у калектыве курэй, алей ды іншыя рэдкасьці. Яго цікавіць толькі кава — самы дэфіцыт, сьніць аднойчы, што цэлую скрынку мае, але: “Ён у халодным поце, гэта ня кава, ніякая ня кава, гэта чорт знае што! Гэта, здаецца, порах, хаця пораху ён ніколі ня нюхаў. Дурацкі сон. Кавы будзе заўсёды не хапаць, гэта зразумела, пакуль будзе камуністычная ўлада, а яна будзе заўсёды, бо нікуды не зьбіраецца, кавы спакойна ніколі ня купіш”. Такі фаталізм. Словам, “Не шкадуйце, хлопцы, пораху!”, як сказаў паэт калісьці, наш Максім Танк.

Вось табе маеш: яшчэ нядаўна каву ў Польшчу сябрам вазіў, яна там даражэйшай была і горшай. Зь іншага боку, пачаўся нейкі рух, стала цікавей, інтрыга адчулася. Успомніць: пачалося з кавы, а там Абрэвіятура наша ня вытрымала славэтнай гонкі ўзбраеньняў, занесьлі на могілкі. Так, так, нават Левіяфаны ня вечныя, драконы таксама робяцца лядашчыя, нават калі слухаюцца “мінздраў”. Можа ў букмэйкерскіх канторах ужо прымаюць стаўкі: ці дапаўзе наш да фініша? Але мяне цікавіць менавіта літаратура: гран-фінал, Бэрлінская сьцяна з пенаплястных кубоў эфэктна разбураецца на колішнім канцэрце Роджэра Вотэрса з прыяцелямі, чалавек з молатам перыць бюст правадыра на асфальце, Брандэнбурская брама, фаервэркі.

У мяне яшчэ фальклёрны інтарэс: ці стане дракон пажыраць свой лускаваты хвост зь безвыходнасьці? Існуе такое павер’е ў нашых мясьцінах са старадаўніх часоў. Будзе нагода спраўдзіць — ці не забабоны? Ці можа ня будзе агоніі? Але ж такія ўмовы жанру! Публіка ўладкавалася ямчэй. У яго яшчэ моцныя іклы, ясна. У Абрэвіятуры таксама было яшчэ чым грызьці, не было чаго…

Паставіў я кропку і пайшоў кавы зрабіць, але чую яшчык наш перадае: загадана цэны адкруціць назад, на каву-гарбату, пахваляецца, на пятнаццаць адсоткаў, і ніякіх гвазьдзей! Нішто сабе, думаю, няўжо тэкст мой састарэў і зноўку давядзецца чакаць дзесяць год новага крызісу? Канечне, калі цэны падскочылі больш чым на сто адсоткаў, гэта як мёртваму прыпаркі будзе, але ж дробязь — таксама прыемная штука. Думаю так і заходжу ў краму, дзе мая любімая шкляная шафа з замочкам, у якой выстава рознай арабікі. І адчуваю, што твар мой кісьне: фінскі “Прэзыдэнт”, “сто адсоткаў арабіка”, ня выканаў загад — за 250 грамаў хоча зараз сорак дзьве тышчы атрымаць, а ўчора хацеў толькі дваццаць пяць… У яшчыка, у Левіяфана сваё жыцьцё, у кавы, братка ты мой, зусім іншае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG