Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недавер да ўлады


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Гісторыя, пра якую казалі, што ў Беларусі яна спынілася, аднавіла свой рух. І цікава назіраць за дзеяньнямі ўладаў падчас крызісу, падчас новых выклікаў, якія паўсталі перад краінай.

Першая выснова.
Крызіс для палітычнага кіраўніцтва здарыўся нечакана, яго ніхто не прадбачыў. І 28 студзеня Пятро Пракаповіч быў шчырым, калі цьвердзіў: "Мы з упэўненасьцю можам сказаць, што ў гэтай пяцігодцы курс нацыянальнай валюты будзе стабільны і прадказальны… Усе могуць плянаваць сваю працу і свае паводзіны ня толькі на гэты год, але і на пяць гадоў". І заявіў, што калідор ваганьняў курсу беларускага рубля будзе звужацца.

То бок пляну "Б" на выпадак эканамічных катаклізмаў у кіроўнай каманды проста не было. Гэта азначае, што людзей, здольных да элемэнтарнага аналізу і прадбачаньня разьвіцьця эканамічных працэсаў, у атачэньні Лукашэнкі проста няма. Тым больш гэта стала відавочным, калі валютны крызіс узьнік. Бо амаль усё, што рабілі ўлады, толькі пагаршала сытуацыю на валютным рынку. Экспэрты кажуць, што на самым пачатку крызісу, у сакавіку, калі б кіраўніцтва адважылася на дэвальвацыю, то можна было б абмежавацца 15—20%. А цяпер, калі ўзьнік ажыятажны попыт, і 55% мала.

Другая выснова. Памянялася стаўленьне грамадзтва да ўлады. Асабліва той часткі насельніцтва, якая была ляяльная ці абыякавая да цяперашняга рэжыму. Бо ўлада забясьпечвала стабільнасьць ці хаця б не перашкаджала нармальна працаваць і жыць. Апошнія два з паловай месяцы прывялі да дыскрэдытацыі дзяржаўных інстытутаў, страты даверу, раздражненьня і нават злосьці на іх.

Крызіс нанёс удар па вобразе Лукашэнкі. Адным з важных элемэнтаў яго станоўчага іміджу быў ягоны актывізм. Краіна бачыла вельмі актыўнага прэзыдэнта, які дзень і ноч нешта робіць, кудысьці езьдзіць, праводзіць нарады, дае даручэньні. Хоць эфэкт ад гэтых дзеяньняў ня ўсіх задавальняў, але гэта ўспрымалася пазытыўна: "Ён жа стараецца!".

Што мы ўбачылі цяпер? Два з паловай месяцы краіна стаіць на вушах. Людзі ў роспачы і разгубленасьці. Яны суткамі стаяць у чэргах за валютай, бегаюць па крамах, каб уратаваць свае рублі ад абясцэньваньня, пакутліва абмяркоўваюць дылемы: ці здымаць грошы з валютных дэпазытаў? як вярнуць банкаўскі крэдыт? І хочуць пачуць ад уладаў нейкую ясную вестку, якая б калі не супакоіла, то хоць бы дала арыенціры, паказала, чаго можна чакаць.

І што ўбачыла грамадзтва? Яно ўбачыла параліч дзяржаўнай улады. Лукашэнка займаўся чым заўгодна, толькі ня тым, што хвалюе практычна ўсё насельніцтва. Вы не паверыце, але за два з паловай месяцы крызісу прэзыдэнт правёў толькі адну нараду па гэтым пытаньні, і тая скончылася безвынікова. Зьнікае міт аб моцнай уладзе, якая ў нас, у адрозьненьне ад суседніх краін, не падзеленая паміж рознымі галінамі, а таму кансалідаваная і эфэктыўная.

Яшчэ адным з элемэнтаў станоўчага іміджу Лукашэнкі была такая рыса, як адказнасьць. Прэзыдэнт браў адказнасьць за ўсё, што робіцца ў краіне, да самай драбязы. Шмат хто ведае трапны анэкдот пра тое, як Лукашэнка перабіраў бульбу па тэлефоне.

І вось здарыўся эканамічны абвал. І высьветлілася, што Лукашэнка ўсяляк ухіляецца ад адказнасьці. Паводле ягоных заяваў, у крызісе вінаватыя ці грамадзяне, якія раптам пачалі купляць іншамаркі, ці то рост усясьветных цэнаў на энэргарэсурсы. Асабліва паказальная была рэпліка Лукашэнкі падчас апошняй сустрэчы з прэм’ерам Мясьніковічам: "Што цяпер адбываецца на валютным і спажывецкім рынку ў цэлым па краіне, я хацеў бы ад вас пачуць… Калі трэба, каб я цяпер кінуў усе справы і падключыўся да гэтага пытаньня — добра. Давайце я буду займацца". Такім чынам, прэзыдэнт ня ведае, што адбываецца ў краіне, якая ўжо два з паловай месяцы стаіць на вушах. І толькі цяпер зьбіраецца заняцца крызісам, і то калі ўрад яго папросіць.

На гэтым фоне бессэнсоўная кампанія па ўмацаваньні дысцыпліны, якая часам набывае маразматычны характар, толькі падлівае алею ў агонь.

Трэцяя выснова. Роў паміж уладай і грамадзтвам паглыбляецца. У час, калі людзі ў роспачы хацелі пачуць нейкае тлумачэньне, — і сам прэзыдэнт, і іншыя афіцыйныя асобы, і дзяржаўныя мэдыі рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Улада і народ пачынаюць жыць у паралельных рэальнасьцях.

У гэтым сэнсе вельмі паказальны канфлікт паміж грамадзянамі і міліцыянтамі, які адбыўся на прыпынку грамадзкага транспарту на Нямізе. Заўсёды падчас канфлікту паміж кандуктарам і "зайцом" пасажыры становяцца на бок апошняга. Але цяпер, на тле эканамічных забурэньняў, злосьць людзей на ўладу дасягнула нейкай мяжы. Людзі ўспрынялі кандуктара і міліцыянта, які апынуўся побач у транспарце, як прадстаўнікоў улады і спагналі на іх усю сваю злосьць. Грамадзтва не пасьпела адысьці ад падзеяў 19 сьнежня, ад тэракту, як навалілася дэвальвацыя і інфляцыя. На тле агульнага недаверу да ўлады значная колькасьць грамадзян разглядае міліцыю як акупацыйнае войска, якое не абараняе насельніцтва, а карае.

У такой сытуацыі для канфлікту дастаткова самай малой іскры...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG