Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы дэвальвацыі рубля?


Нацыянальны банк абвясьціў пра дэвальвацыю абменнага курсу беларускага рубля на 55%. Чаму ўлады так доўга зацягвалі з гэтым рашэньнем? Ці прывядзе яно да ліквідацыі некалькіх абменных курсаў? Ці зьявіцца валюта ў абменьніках?

Удзельнікі: былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Станіслаў Багданкевіч
Зьміцер Крук
Валер Карбалевіч


Чаму ўлады так доўга зацягвалі з дэвальвацыяй?


Валер Карбалевіч: «Такім чынам, тое, пра што ўсе гаварылі, чаго чакалі і баяліся, што дэ-факта ўжо даўно адбылося, нарэшце стала рэальнасьцю і дэ-юрэ. З 24 траўня Нацбанк абвясьціў пра дэвальвацыю абменнага курсу беларускага рубля на 55%. Чаму ўлады так доўга супраціўляліся відавочнаму? Некаторыя экспэрты кажуць, што ў сакавіку можна было абысьціся 20-працэнтнай дэвальвацыяй. А цяпер і 55% мала. Як вы лічыце?».

Станіслаў Багданкевіч: «Улады нібыта застылі ў прастрацыі, не рабілі ніякіх захадаў, хоць эканоміка патрабавала хуткага ўмяшаньня. Прычына палягае ў тым, што ў нас усё залежыць ад адной асобы. Усе чакалі, што само ўсё разыдзецца. Гэта злачынная халатнасьць, якая прывяла да абвальнага падзеньня абменнага курсу. Бо дэвальвацыю ж трэба лічыць з узроўню 31 сьнежня 2010 году. Дык вось у адносінах да гэтай даты дэвальвацыя склала 71,6%».

Зьміцер Крук: «Пагаджуся, што тут ёсьць пэўны палітычны чыньнік. Але былі і эканамічныя абгрунтаваньні зацягваньня рашэньня аб дэвальвацыі. Пасьля таго як Нацбанк прыняў у красавіку рашэньне, што на Беларускай валютна-фондавай біржы будуць прадаваць валюту толькі па „прыярытэтных заяўках“ і што Нацбанк больш не зьбіраецца кампэнсаваць розьніцу паміж попытам і прапановай на валютным рынку, афіцыйны абменны курс страціў сваю ролю нейкага намінальнага якара для эканомікі.

Ад афіцыйнай дэвальвацыі ўлады стрымлівалі наступныя чыньнікі. Найперш, улады імкнуліся купляць энэрганосьбіты па нізкім афіцыйным курсе, каб замарудзіць інфляцыйныя працэсы. Па-другое, улады баяліся, што па прыкладзе дэвальвацыі 2009 году насельніцтва пойдзе ў банкі, каб памяняць рублі на замежную валюту.

Таму рашэньне аб афіцыйнай дэвальвацыі, не падмацаванае абавязкам Нацбанку кампэнсаваць розьніцу паміж попытам і прапановай за кошт сваіх рэсурсаў, азначае, што роля афіцыйнага абменнага курсу не ўзнавілася да таго ўзроўню, як у папярэднія гады».

Сацыяльна-эканамічныя наступствы дэвальвацыі


Карбалевіч: «Якія будуць сацыяльна-эканамічныя наступствы дэвальвацыі? Падзеньне рэальных заробкаў? Рост цэнаў? Вось бэнзін ужо падаражэў на 20%. Што яшчэ?».

Багданкевіч: «Мне не зразумела, чаму ўлады ня робяць захадаў па аздараўленьні самой эканомікі, а абмяжоўваюцца толькі дэвальвацыяй. Абменны курс — гэта толькі тэхнічны складнік эканомікі.

Вось, напрыклад, у першым квартале прадукцыйнасьць працы вырасла на 10%, а рэальны заробак — на 25,2%. Гэта парушэньне эканамічных законаў.
У выніку бліжэйшым часам рэальны заробак упадзе на 40–50%.

Іншы прыклад. Экспарт вырас за першы квартал на 42%, а імпарт — на 62%. І не адбываецца нічога, каб памяняць гэты перакос. А гэтыя працэсы і вядуць да дэвальвацыі. У выніку бліжэйшым часам рэальны заробак упадзе на 40–50%».

Крук: «Улады спадзяюцца, што новы абменны курс будзе раўнаважны, стабілізуе рынак, скароціць ажыятажны і спэкулятыўны попыт, замарудзіць інфляцыю. Але ёсьць небясьпека, што гэтыя спадзяваньні ня спраўдзяцца, і мы трапім у пастку. Бо рашэньне палавіністае. Нацбанк не зьбіраецца кампэнсаваць розьніцу паміж попытам і прапановай на безнаяўным рынку і падмацоўваць наяўны рынак за кошт сваіх рэсурсаў. У выніку курс „чорнага рынку“, рынку безнаяўнага даляра робіцца значнейшым арыенцірам для эканомікі, чым афіцыйны курс.

Дэвальвацыя прывядзе да падвышэньня цэнаў на тыя тавары, валюта на якія дасюль куплялася па афіцыйным курсе. Гэта перш за ўсё газ. Можа рэалізавацца самы горшы сцэнар, калі не атрымаем пазытыўных наступстваў ад дэвальвацыі, а толькі нэгатыўныя. Што гэта азначае, мы бачылі апошнія два месяцы».

Ці вяртаецца краіна да адзінага абменнага курсу рубля?


Карбалевіч: «Ці азначае абвяшчэньне пра дэвальвацыю, што зьнікне множнасьць курсаў і краіна вяртаецца да адзінага абменнага курсу беларускага рубля? Ці зьявіцца валюта ў абменьніках?».

Багданкевіч: «Абменны курс павінен вызначацца рынкам, попытам і прапановай, а не адміністрацыйна. Калі ў абменьніках няма валюты, значыць, курс рубля павінен зьнізіцца, пакуль ня зьявіцца раўнавага.

Тады не спатрэбіцца траціць на падтрымку курсу золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку. Рэзэрвы прызначаныя для таго, каб нэўтралізаваць нейкія спэкулятыўныя ўсплёскі на рынку.

Статыстыка паказвае, што валютная выручка прадпрыемстваў за студзень-красавік вырасла на 61%, гэта амаль 13 млрд. даляраў. А валюты чамусьці няма. Дык альбо гэтыя паказчыкі несапраўдныя, альбо палітыка ненармальная.

Вось улады абвяшчаюць: атрымаем вонкавыя пазыкі і залічым гэтыя рэсурсы ў рэзэрвы. Гэта няправільна. Рэзэрвы павінны фармавацца не з дапамогай пазыкаў, а за кошт экспарту, продажу дзяржаўнай уласнасьці.

Непрафэсійныя рашэньні працягваюцца. Не абвешчаная праграма выхаду з крызісу. Ня бачу пэрспэктываў хуткай стабілізацыі гэтага новага курсу. Патрэбна, каб Нацбанк і камэрцыйныя банкі забясьпечвалі абменныя пункты наяўнай валютай».
Існуе вялікая небясьпека, што захаваецца множнасьць абменных курсаў.


Крук: «Пераход да плаваючага абменнага курсу быў бы крокам наперад. Тыя перавагі, якія мы мелі апошнія гады ад фіксаванага абменнага курсу, цяпер вычарпаныя. Але ўлады выбралі гэты варыянт фіксаванага курсу.

Каб ліквідаваць множнасьць курсаў, ёсьць два шляхі. Першы шлях — гэта зьняць усе абмежаваньні курсаўтварэньня на ўсіх сэгмэнтах рынку. І мы хутка дасягнулі б раўнаважнага курсу рубля.

Другі падыход, які выбраў Нацбанк, — гэта фіксаваны курс рубля. Але пры такім варыянце Нацбанк павінен праводзіць жорсткую грашовую палітыку, за кошт сваіх рэзэрваў згладжваць дыспрапорцыі, якія ўзьнікаюць на рынку. Але якраз гэтага апошняга Нацбанк рабіць не зьбіраецца. Яго рашэньне палавіністае. У выніку існуе вялікая небясьпека, што захаваецца множнасьць абменных курсаў. Бо захоўваецца ажыятажны і спэкулятыўны попыт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG