Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалтоўная прыватызацыя


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Заява Аляксандра Лукашэнкі, што сёлета Расея выдзяляе Беларусі $6 млрд., адразу выклікала сумненьні ў праўдзівасьці гэтай інфармацыі. Па-першае, таму, што, як паказвае досьвед, усе заявы беларускага кіраўніка, а асабліва тыя, дзе прыводзяцца нейкія лічбы, трэба спраўджваць. Можна ўзгадаць, як год таму беларускія афіцыйныя асобы казалі пра $15—16 млрд. кітайскіх крэдытаў для Беларусі, якія так і не зьявіліся тут. Мусіць, па дарозе згубіліся.

Па-другое, гэтая інфармацыя супярэчыла той, якую агучыў напярэдадні міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

Па-трэцяе, відавочна, што прэзыдэнт цяпер імкнецца выконваць функцыі псыхатэрапэўта. То бок — супакоіць насельніцтва, бізнэс, давесьці ім, што на валютным рынку хутка ўсё стабілізуецца, прыйдзе ў норму, зьбіць дэвальвацыйныя чаканьні і, магчыма спыніць рост пазабіржавага курсу рубля.

Дарэчы, апошняе не ўдалося. Ужо пасьля заявы Лукашэнкі абменны курс рубля пабіў новы рэкорд, пачаўся ажыятаж на спажывецкім рынку, у чаканьні падаражаньня народ літаральна зьмятае з паліц у крамах тавары.

Давайце цяпер паспрабуем разабрацца, адкуль узяліся тыя $6 млрд., пра якія ўрачыста абвясьціў Лукашэнка. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын прапануе зусім іншую вэрсію, якая кардынальна адрозьніваецца ад вэрсіі беларускага лідэра. З тлумачэньня расейскага міністра вынікае, што ніякіх крэдытаў сёлета РФ увогуле выдзяляць Беларусі не зьбіраецца. Адкуль жа ўзяліся гэтыя, гледзячы па ўсім, мітычныя $6 млрд.?

Паводле А. Кудрына, сытуацыя выглядае так. Як ён і казаў 11 траўня, $3 млрд. Беларусь можа атрымаць з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС цягам трох гадоў. Прычым сёлета ў Беларусь трапіць толькі $1 млрд. Астатнія два — ў 2012 і 2013 гадах. Гледзячы па ўсім, Лукашэнка гэтыя крэдыты абвясьціў расейскімі і заявіў, што ўсе $3 млрд. прыйдуць у Беларусь сёлета.

А астатнія $3 млрд., пра якія Лукашэнка казаў, што за іх Беларусь будзе расплачвацца таварамі, — гэта, паводле Кудрына, зусім не крэдыты, а грошы, якія Беларусь атрымае за продаж сваіх прадпрыемстваў. Зразумела, прадаваць давядзецца расейскім кампаніям. Наколькі можна меркаваць, гэтая гвалтоўная прыватызацыя — умова выдзяленьня крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

Пра якія актывы ідзе гаворка? Найперш, гэта "Белтрансгаз". Пра гэта пішуць расейскія мэдыі. На гэта намякаў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Цяпер расейскі "Газпром" валодае 50% акцый прадпрыемства "Белтрансгаз". Расейская кампанія заплаціла за сваю долю $2,5 млрд. Колькі можа каштаваць другая палова "Белтрансгазу"? Па ўсіх ацэнках, цяпер, калі Расея ўводзіць газаправоды ў абыход Беларусі і Ўкраіны, кошт гэтай газатранспартнай сыстэмы ўпаў. З улікам таго, што па тэрыторыі Беларусі праходзіць яшчэ адзін газаправод, Ямал — Эўропа, які цалкам належыць "Газпрому", "Белтрансгаз" можа апынуцца зусім бяз газу. То бок, тэарэтычна разважаючы, Расея можа ажыцьцяўляць транзыт газу ў Эўропу, не выкарыстоўваючы гэтае прадпрыемства. З улікам таго, што ўмовы і цэны сёньня дыктуе Расея, беларускаму кіраўніцтву ў цяперашняй сытуацыі ўпарціцца проста не выпадае, бо эканамічная сытуацыя ў краіне крытычная. Лягічна меркаваць, што каштаваць 50% акцый "Белтрансгазу" будуць менш, чым першая палова, то бок менш, чым $2,5 млрд.

Таму, каб натаргаваць гэтыя $3 млрд., давядзецца прадаваць нешта яшчэ. Што?


Усе кажуць пра МАЗ. Але паводле той схемы, якую прапануе расейскі бок, беларускай дзяржаве разьвітацца з МАЗам давядзецца бясплатна. Гаворка ідзе пра абмен акцыямі, аб’яднаньне КамАЗу і МАЗу ў адзін холдынг, у якім беларускаму прадпрыемству будзе належаць толькі 25% акцый. То бок флягман беларускай прамысловасьці, яе сымбаль і брэнд давядзецца аддаваць проста так.

Таму, каб дабраць да $3 млрд., трэба яшчэ нечым ахвяраваць. Нафтаперапрацоўчымі заводамі? Гарадзенскім "Азотам"? Няўжо, страшна падумаць, "Беларуськаліем"? Зьвяртаю ўвагу, што гаворка не ідзе пра тэндэр, што, дарэчы, прадугледжана беларускім заканадаўствам. Усё прадаецца аднаму пакупніку, які дыктуе цэны.

І ўсё гэта пад акампанэмэнт развагаў Лукашэнкі, што не распрадамо агульнанародную маёмасьць, што ня пойдзем на рэформы, да якіх нас падштурхоўвае "пятая калёна".

Гэта аўтарская вэрсія. Магчыма, перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным унясуць у яе карэктывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG