Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля ізалятара людзі дзяжураць, як каля абменьнікаў


Зьняволенаму кіраўніку «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу адмовілі ў тым, каб завесьці крымінальную справы супраць сьведак, якія, паводле Дашкевіча, хлусілі ў судзе. Сябра выбарчага штабу Андрэя Саньнікава Зьміцер Бандарэнка ўжо тыдзень чакае пратаколаў судовага працэсу. Уладзімер Яроменак даслаў ліст з Валадаркі. Ірына Халіп другі дзень марна дамагаецца дазволенай сустрэчы з мужам, былым кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым.

Лідэру «Маладога фронту» Зьміцеру Дашкевічу, якога два месяцы пасьля суду трымаюць у ізалятары на Валадарскага, адмовілі ў тым, каб завесьці крымінальную справу супраць сьведак, якія, як мяркуе Дашкевіч, на яго паклёпнічалі. Пра гэта паведаміла намесьніца Дашкевіча па «Маладым фронце» Наста Палажанка:

«Дашкевіч зьвяртаўся ў пракуратуру з просьбай завесьці крымінальную справу на Савіцкага і Малышава. Тых асобаў, якія, паводле яго меркаваньня і меркаваньняў астатніх, хлусілі ў судзе. Яму прыйшоў адказ, што немагчыма даказаць, што яны хлусілі, паколькі гэтак вырашыў суд. Што да разгляду касацыйнай скаргі, то ён не прызначаны. Толькі нядаўна Дашкевіч атрымаў пратакол суду, якія будзе вывучаць.»

Наста Палажанка таксама паведаміла, што атрымала ліст ад маладафронтаўца Ўладзімера Яроменка з Валадаркі. Уладзімер напісаў, што чакаў нават большага прысуду. «Калі трэба трываць, будзем трываць», — напісаў Яроменак, якога пакаралі 3 гадамі зьняволеньня.
Калі трэба трываць, будзем трываць.

Паплечнік Андрэя Саньнікава Зьміцер Бандарэнка больш за тыдзень таму быў пераведзены зь СІЗА КДБ на Валадарку, але дзень разгляду ягонай касацыйнай скаргі дагэтуль не прызначаны. «Яму дагэтуль не прывезьлі на азнаямленьне пратакол судовага паседжаньня», — патлумачыла жонка вязьня Вольга. Пра стан здароўя палітвязьня Вольга сказала:

«Са здароўем дрэнна. Нага, суставы… Усё тое ж самае. Нэўроляга для лячэньня яму так і не даюць».

Журналістка Ірына Халіп, якая толькі тры дні таму была вызваленая з-пад хатняга арышту, другі дзень дамагаецца сустрэчы з мужам. Суд сустрэчу дазволіў, але рэалізаваць гэты дазвол пакуль немагчыма:

«Сёньня я зноў прыйшла да „амэрыканкі“ а 9-й раніцы, у мяне прынялі судовы дазвол на спатканьне, узялі пашпарт і сказалі пачакаць. Пасьля, недзе аб 11-й гадзіне прапаршчык, які там дзяжурыў, сказаў, што майго мужа там няма, такім чынам забірайце ваш пашпарт. Я дамаглася сустрэчы зь дзяжурным афіцэрам, і той сказаў мне, што на 90 працэнтаў Андрэя перавялі на Валадарку.
Заўтра апошні дзень, калі я магу пабачыць мужа.
Я і Ала Ўладзімераўна Саньнікава схапілі свае пашпарты і пабеглі туды, але, вядома ж, што ў 11 гадзінаў раніцы ты на спатканьне ўжо не трапляеш, бо там з 8 раніцы ўсе запісваюцца, прыкладна як цяпер людзі запісваюцца ў чаргу каля абменьнікаў. Але сёньня апошні дзень, калі дзейнічае гэты судовы дазвол. Такім чынам, я пабегла зноў у суд, мне далі новы дазвол, я б сказала, ня надта ахвотна далі, і заўтра а 8 раніцы я буду стаяць на Валадарцы. А потым субота, нядзеля, а дазвол усяго на 3 дні. Такім чынам заўтра апошні дзень, калі я магу пабачыць мужа».

У ізалятары на Акрэсьціна галадуе на знак пратэсту супроць адміністрацыйнага арышту актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка. Зьвестак пра стан здароўя актывіста няма.

14 траўня Дземідзенку затрымала міліцыя. Пазьней яго асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкулу «парушэньне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG