Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс «Народнай волі» вырашыцца пазьней


Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў вытворчасьць па пазове Міністэрства інфармацыі аб спыненьні выпуску газэты «Народная воля».

На сёньняшнім падрыхтоўчым пасяджэньні судзьдзя Алена Маёрава вынесла пастанову аб прыпыненьні разгляду пазову Міністэрства інфармацыі. Падставай быў зварот рэдакцыі ў гэты ж суд аб абскарджваньні папярэджаньня Міністэрства інфармацыі ад 15 красавіка гэтага году ў зьвязку з публікацыяй артыкула «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ».

Гары Паганяйла
Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, цяпер суд прыняў «законнае і рацыянальнае рашэньне», бо ён абавязаны прыпыніць цяперашнюю справу.

«Справа аб абскарджваньні папярэджаньня знаходзіцца ў прамой сувязі зь цяперашняй. Бо само папярэджаньне таксама ўказана як падстава для спыненьня выпуску газэты. І толькі пасьля разгляду справы, якую прыняла да разгляду судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Караткевіч, можна будзе разгледзець справу аб спыненьні выпуску газэты».

Сьвятлана Калінкіна
Аўтарка артыкула «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ» Сьвятлана Калінкіна адзначае, што сама назва «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ» ня можа адпавядаць рэчаіснасьці ў літаральным сэнсе гэтага слова, бо вядома, што Гебельс-ТВ у Беларусі няма.

«Размова ішла пра тыя прапагандысцкія мэтады, якія ў свой час прапагандаваў і насаджаў у СМІ міністар інфармацыі Гебэльс і якія сёньня выкарыстоўваюцца Беларускім тэлебачаньнем. Я казала пра фільм „Плошча: жалезам па шкле“. Тое, што гэта быў ілжывы фільм, ужо зараз зразумела ўсім, бо ўжо прайшлі суды. І абвінавачаньні на адрас гэтага фільму гучаць на ўсіх судовых працэсах. Тым ня менш нам Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне. Менавіта газэце, а не Беларускаму тэлебачаньню. Гэтая сытуацыя проста абсурдная і абуральная».

Ёсіф Сярэдзіч
Галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч лічыць, што суду сьпяшацца ня трэба, бо памылка будзе вельмі дорага каштаваць.

«Што значыць сёньня зачыніць „Народную волю“? Калі б у нас была тысяча незалежных, недзяржаўных газэт, то гэта было б нават і не заўважана. А калі ў нас сёньня ўсе недзяржаўныя газэты ў краіне можна пералічыць на пальцах адной рукі, то згуба адной газэты такой, як „Народная воля“, можа вельмі адмоўна адгукнуцца ў грамадзтве. А самае галоўнае, што насамрэч увесь час „Народная воля“ трымалася і будзе трымацца толькі аднаго: аб’ектыўнасьці ў асьвятленьні гэтых падзей, усяго нашага жыцьця. Мы не агрэсіўная газэта. Мы імкнемся сваім словам дапамагчы хутчэй нашай роднай Беларусі выйсьці на дэмакратычны шлях разьвіцьця».

Жана Літвіна
З чым зьвязаны ціск уладаў на незалежную прэсу і нават патрабаваньні закрыць газэты? Старшыня БАЖ Жана Літвіна назвала гэта выпрабаваньнем для незалежнай журналістыкі і згадвае сытуацыю вакол газэты «Наша ніва» і журналіста Андрэя Пачобута:

«Складаецца ўражаньне плянамернага перасьледу і ціску на незалежных журналістаў, бо яны — распаўсюднікі інфармацыі без цэнзуры, якая вельмі запатрабаваная ў нашым грамадзтве. І, відаць, дзеля таго, каб спыніць гэты распаўсюд, мы і перажываем такую хвалю ціску на нашую прафэсію».

Праваабаронца Гары Паганяйла сказаў, што працэс аб закрыцьці газэты адкладзены прыкладна на месяц. Ён кажа. што ня верыць у беларускае правасудзьдзе, бо не суды вырашаюць лёс газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG