Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павінны судзіць не Някляева, а тых людзей у чорным, якія зьбівалі народ»


Сёньня ў судовым працэсе над над экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Настай Палажанкай, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком цэлы дзень слухалі сьведкаў абароны.

Спачатку заслухалі актывістаў штаба Ўладзімера Някляева, якія падрабязна распавялі пра інцыдэнт на вуліцы Калектарнай, калі Някляеў быў жорстка зьбіты. Трапную карцінку намалявалі студэнтка юрфаку Кацярына Карпава і яе муж, дызайнэр Стас Карпаў. Кацярыну павалілі ў сьнег, каля яе твару выбухнула шумавая граната, якая апаліла валасы, пашкодзіла вока, твар. Другая шумавая граната выбухнула на сумцы, рэшткі якой дзяўчына прынесла ў суд. Стас распавёў, як выскачылі «арганізмы» ў чорным, паклалі ўсіх у сьнег. Лаяліся страшна нецэнзурна. Быў клон на адзін твар — людзі ў чорным, аднолькава апранутыя, без апазнавальных знакаў.

Прысутны ў судовай залі Алег Шабетнік з Рэчыцы: «Я і раней разумеў, што Ўладзімер Пракопавіч Някляеў ды іншыя фігуранты гэтага разьбіральніцтва не ўчынялі нічога супрацьпраўнага. А сёньня выслухаў паказаньні сьведкаў — і наагул незразумела, што адбываецца і каго судзяць. Павінны судзіць не Някляева, а тых людзей у чорным, якія зьбівалі народ. Вось гэтых людзей павінны судзіць».

Сьведка інцыдэнту Тацяна Караткевіч чула, як людзі ў чорным абмяркоўвалі паміж сабой зьбіцьцё Някляева, які страціў прытомнасьць. «Ты яго забіў», — кажа адзін. Другі праверыў пульс у Някляева, ударыў яшчэ ў жывот, і яны сышлі. У якасьці сьведак выступалі Рыгор Кастусёў, Уладзімер Ганчарык, Тацяна Процька, Уладзімер Колас, Генадзь Бураўкін.

Актывістка зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Тацяна Шапуцька: «Уражаньні датычна самой судзьдзі — яна як бы стрымліваецца і спрабуе даць дастатковую свабоду ўсім. Але калі яны ўжо, зь яе погляду, пераборшчваюць і пачынаюць злоўжываць яе дабрынёй, яна, канечне ж, „падсаджваецца на каня“, калі казаць вольным стылем. Што было ў дачыненьні да Тацьцяны Процькі і Генадзя Бураўкіна, калі яна проста ў адкрытую груба перапыняла іх адказы, якія, у прынцыпе, былі датычныя тэмы сёньняшняга разьбіральніцтва».

У суботу суд працягнецца. Заслухаюць яшчэ некалькі сьведак і будуць працягваць агучваць пісьмовыя матэрыялы справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG