Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура дала санкцыі на праслухоўваньне ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты


У чацьвер у працэсе над Уладзімерам Някляевым і Віталем Рымашэўскім, а таксама Настай Палажанкай, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком зноў чыталі раздрукоўкі тэлефонных размоваў.

Ранішняе паседжаньне пачалося з адхіленьня ўсіх трох заяўленых абаронай хадайніцтваў, у тым ліку заслухаць у якасьці сьведкі кіроўцу "Фальксвагена", што перавозіў гукаўзмацняльную апаратуру, і Аляксандра Мілінкевіча. Някляеў абурыўся. Рымашэўскаму судзьдзя зрабіла трэцяе папярэджаньне і прыгразіла выдаліць з працэсу да апошняга слова.

Пракурор чытаў ціха і невыразна, пачалі абурацца адвакаты. Атмасфэра была напружаная. А потым пракурор працягваў па ролях чытаць праслухоўваньні тэлефонных размоваў Фядуты, гутарку Мілінкевіча і Калякіна. На заўвагу адваката, што была агучаная размова з тэлефона, зарэгістраванага на Амбасаду Швэцыі, судзьдзя і пракурор не прарэагавалі.

Наста Палажанка, да пісьмовых матэрыялаў справы якой яшчэ не дайшла чарга, выказала такое меркаваньне:

Наста Палажанка
"Я лічу, што гэта абсалютна ненармальна. Больш за тое, мяне зьдзіўляе пазыцыя суду, што яны лічаць датычным да матэрыялаў справы па 342-м артыкуле. Бо сапраўды, тое, што я бачыла ў крымінальнай справе, ва ўсіх гэтых тамах – большасьць размоваў я па сваёй асабістай прычыне не хацела чытаць. Мяне сапраўды не цікавіць іх асабістае жыцьцё, іх прыватныя размовы. І як мяне гэта абурала ў кабінэтах сьледчых, так мяне абурае і тое, што яны хочуць вынесьці ўсё гэта ў СМІ. Тое самае і праслухоўка перамоваў Калякіна і Мілінкевіча ў офісе "Руху "За Свабоду". Ну ў якой нармальнай краіне легальна будуць агучваць на судах у якасьці доказаў размовы людзей, экс-кандыдатаў у прэзыдэнты? Безумоўна, гэта абурае".

Была адна перамога ў абароны і абвінавачаных. Пракурор меў намер зачытаць раздрукоўку размовы Аляксандра Фядуты са сьледчым КДБ Русланам Івановым у ізалятары, якая мела прыватны характар, і сьледчы паабяцаў, што яна ня будзе выкарыстоўвацца ў матэрыялах справы.

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк абурыўся і сказаў, што дэманстратыўна заткне вушы. Пратэст падзейнічаў. Пасьля абеду чарга дайшла і да тэлефонных размоваў Вазьняка. Сяргей потым пажартаваў, што ён як чалавек ваенны казаў коратка, ляканічна. Але агульная яго ацэнка такая:

"Я думаю, мы зараз зьяўляемся саўдзельнікамі злачынства, якое называецца "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь". Таму што калі за межамі нашай радзімы даведаюцца, што ўсе кандыдаты, усе іх давераныя асобы, лідэры палітычных партый і рухаў падчас выбарчай кампаніі з санкцыяў Генэральнай пракуратуры былі пастаўлены на праслухоўваньне тэлефонных размоваў – я ад гэтага ў шоку і жаху".

Пры канцы чарга дайшла да матэрыялаў справы Андрэя Дзьмітрыева, якому сёньня споўнілася 30 гадоў. Працяг працэсу ў пятніцу а 10-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG