Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Дашкевічу і Лобаву абвесьцяць неўзабаве

абноўлена

Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў
Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў
23 сакавіка працягваліся суды над апазыцыйнымі актывістамі. Мікіту Ліхавіда судзілі ў Партызанскім судзе Менску, лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і ягонага паплечніка Эдуарда Лобава — у Маскоўскім судзе.





Суды над Ліхавідам, Дашкевічам і Лобавым. Дзень першы
СУДЫ ЗА ПЛОШЧУ
ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ. ПРЭМ’ЕРА РУБРЫКІ

Суд над Ліхавідам

19.02 Перапынак у працэсе да 10:00 24 сакавіка.

Стэфановіч пра суд над Ліхавідам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:32 0:00
Наўпроставы лінк


19.01 У кватэры Ліхавіда падчас ператрусу знайшлі дакумэнты пра мясцовае самакіраваньне. Ён удзельнічаў у ініцыятыўнай групе, якая змагаецца супраць незаконнай пабудовы ў менскім мікрараёне «Ўручча» дому на месцы стадыёну.

18.40 Пералічваюць сьпіс фотаздымкаў, у тым ліку каля дзесяці фотаздымкаў, на якіх Статкевіч б’е шкло і дзьверы і заклікае ўвайсьці ў Дом ураду. Які Статкевіч — незразумела. У сьпісе ёсьць таксама фотаздымак, дзе Ліхавід б’е ў дзьверы Дому ўраду.
Пералічваюць сьпіс фотаздымкаў, у тым ліку каля дзесяці фотаздымкаў, на якіх Статкевіч б’е шкло і дзьверы і заклікае ўвайсьці ў Дом ураду


18.20 Пералічваюць рэчы, знойдзеныя на плошчы. У тым ліку і сякеру, ледасек, бутэлькі і балёнчыкі. На іх ёсьць адбіткі пальцаў, але экспэртыза не змагла іх ідэнтыфікаваць.

Суд над Дашкевічам і Лобавым
19.04 У судзе абвешчаны перапынак да 11:00 24 сакавіка.

19.02 Апошняе слова Эдуарда Лобава. Гэта правакацыя з боку ўладаў. Псэўдапацярпелыя, якія хаваюцца за сьцяной, баяцца праўды. Я веру, што праўда пераможа і кожны атрымае сваё.

Ягоны выступ таксама сустрэлі воплескамі.

18.56 Апошняе слова Дашкевіча.

Я ня буду даказваць, што я не хуліган. Ня буду зьвяртаць увагу на супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелых. Але звярну ўвагу на тое, што даказвае, што мы апрыёры не маглі зьдзейсьціць гэтае злачынсва.

Мы з Эдуардам даўно займаемся палітычнай дзейнасьцю. І мы хацелі дажыць на волі да 19 сьнежня. І ня кідаліся б на людзей за дзень да «падпалу рэйстагу».

Калі б мы ўтрох з фомкай напалі на двух сэксотаў, то яны б і сёньня не прыцягнулі ногі ў суд. Тыя, хто дадзеным судзілішчам хоча спыніць нашую палітычную дзейнасьць, скажу — не спадзявайцеся. Цяпер вы мяркуеце, што вы ўсёмагутныя і непадкантрольныя. Калісьці так лічылі прыслужнікі Бакіева. Дойдзе час і да вас.
Вы — бедныя людзі, якія мусяць жыць у страху, калі скончыцца гэтая вашая ўсёмагутнасьць. Дзень справядлівага суду набліжаецца


Будзе час, калі Савіцкі і Малышаў раскажуць, хто ім даваў загад рабіць гэтую правакацыю. Побач зь імі будуць спэцназаўцы і супрацоўнікі пракуратуры.

Вы — бедныя людзі, якія мусяць жыць у страху, калі скончыцца гэтая вашая ўсёмагутнасьць. Дзень справядлівага суду набліжаецца.

Слова Дашкевіча прысутныя ў залі сустрэлі аплядысмэнтамі

18.52 Абвінаваўца заявіў, што ня згодны з адвакатамі. Ён апраўдвае памылкі ў пратаколах тым, што час у іх пазначаўся прыблізна.

18.30 Адвакатка Алена Аўсяньнікава: Вывучаныя ў судзе доказы не даказваюць вінаватасьці падсудных. Выняцьце лом адбывалася з парушэньнем закону, і гэта ня можа лічыцца доказам па справе.

Паказаньні сьведак Лазара і Гарбачовай сьведчаць, што бойку пачалі пацярпелыя. Пасьля нападу з боку пацярпелых абвінавачаныя мелі права абараняцца і абараняць сваё жыцьцё і здароўе.

Зь нейкіх незразумелых прычынаў судовая экспэртыза пашкоджаньняў Лобава не была праведзеная, хоць была прызначаная. Ён хадайнічаў пра гэта, хадайнічала абарона.

Паказаньні пацярпелых зьяўляюцца супярэчлівымі, супярэчаць нават паказаньням міліцыі. Самая вялікая супярчэнасьць — тое, што нават супрацоўнікі міліцыі ня бачылі на месцы падзеі крыві на твары пацярпелага Савіцкага.

Адвакат папрасіла суд прызнаць паказаньні пацярпелых несапраўднымі і грунтавацца на паказаньнях сьведкі Лазара.

Адвакатка перакананая, што ніхто ў РУУС не разьбіраўся, хто вінаваты ў інцыдэнце. Не было ніякіх падстаў, каб прызнаць Савіцкага невінаватым і адпусьціць у шпіталь.

Факт нанясеньня Лобавым удару манціроўкай не даказаны. Лобаў абараняўся, і ягоныя довады ў судзе не былі абвергнутыя. Адвакат папрасіла суд апраўдаць Лобава. Аўсяньнікава заявіла, што будуе сваю абарону толькі на юрыдычных момантах, не бярэ пад увагу палітычныя акалічнасьці.

18.12 Выступае адкаватка Мар’яна Сямешка. Яна робіць выснову, што няма доказаў віны абвінавачаных ва ўчыненьні злачынства.

Сямешка найстойвае, што пратаколы выняцьця «фомкі» і агляду месца здарэньня не адпавядаюць заканадаўству. Атрымліваецца, што нібыта сьледчы рабіў допыт і выняцьце «фомкі» адначасова. Таму гэтыя дакумэнты нельга браць пад увагу. Парушаныя патрабаваньні Працэсуальнага кодэксу. Сямешка знайшла і іншыя парушэньні Працэсуальнага кодэксу, у тым ліку ў прызначэньні экспэртызаў.
Галоўны пралік абвінавачваньня ў тым, што яно ўжыло ахоўныя захады да пацярпелых. Гэтым яно паказала, што зацікаўленае ў выніку справы


«Паказаньні сьведак Лазара, Каравага, Гарбачовай абвяргаюць паказаньні пацярпелых Савіцкага і Малышава. Галоўны пралік абвінавачваньня ў тым, што яно ўжыло ахоўныя захады да пацярпелых. Гэтым яно паказала, што зацікаўленае ў выніку справы. Калі б мы дасьледавалі іх асобы, мы б даведаліся, па якой прычыне яны хаваюцца.

Выклікае сумневы факт выкліку Гарбачовай міліцыі. Ён абвяргаецца матэрыяламі справы — няма зьвестак, што Гарбачова выклікала міліцыю. Я лічу, што суд абавязаны крытычна ацэньваць паказаньні пацярпелых і Гарбачовай».

Сямешка кажа, што ня можа зразумець, як пацярпелыя, два розныя чалавекі, аднолькава выкладаюць свае паказаньні — ажно да сынтаксічных памылак у пратаколах допыту.

Паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў зьяўляюцца калькай адно другога.

Сямешка кажа, што недаказаныя фізычныя пашкоджаньні пацярпелых. Паводле закону, усе сумненьні трэба трактаваць на карысьць абвінавачаных. Адвакатка папрасіла апраўдаць Дашкевіча.

18.10 Пацярпелы Савіцкі: «У поўным аб’ёме падтрымліваю абвінаваўцу. Шкада, што ўсё гэта атрымалася. Згодны, што справа гэтая мае палітычную афарбоўку, але за свае дзеяньні трэба адказваць».

Пацярпелы Малышаў падтрымаў абвінавачаньне, але заявіў: «Мне шкада, што гэты канфлікт узьнік».

Абвінаваўца просіць прызнаць Лобава вінаватым і пакараць яго пяцьцю гадамі ўзмоцненага рэжыму. Дашкевіча Мазорка просіць пакараць трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму.



Суд над Ліхавідам
17.52 Пачалося вывучэньне матэрыялаў справы.

17.42 Багданаў сказаў, што падпісваў рапарт на Ліхавіда толькі на падставе таго, што Ліхавіда прывезьлі на Акрэсьціна. «Вы разумееце, што вы фальшыва сьведчылі?» — запыталася адвакатка. Багданаў сказаў, што так ня лічыць. Ліхавід заявіў, што Багданаў яго не афармляў.

17.29 Багданаў пацьвердзіў, што ня быў сьведкам незаконных дзеяньняў Ліхавіда.

17.24 Адвакатка спрабавала высьветліць, ці ня хлусіць сьведка Багданаў, але судзьдзя адхіліла два ўдакладняльныя пытаньні.

17.12 На большасьць пытаньняў сьведка Аляксандар Багданаў адказвае: «Ня памятаю». Судзьдзя зрабіла сьведку заўвагу.

Суд над Дашкевічам і Лобавым
17.50 Выступае дзяржаўны абвінаваўца Мазорка. «Гэта цяжкае злачынства. Абвінавачаныя казалі, што за імі сачылі і на іх напалі, але гэта ўсё домыслы і падазрэньні». Паказаньні абвінавачаных абвінаваўца не прыняў да ўвагі, заявіў, што яны ня маюць доказаў. Тое, што сьведка Каравы памяняў у судзе свае паказаньні наконт удару манціроўкай, абвінаваўца палічыў неістотным і заклікаў карыстацца ягонымі папярэднімі паказаньнямі.
Гэта цяжкае злачынства. Абвінавачаныя казалі, што за імі сачылі і на іх напалі, але гэта ўсё домыслы і падазрэньні


17.49 Судзьдзя заявіла, што суд пераходзіць да спрэчак. Судовае разьбіральніцтва абвешчанае закрытым, заявіла судзьдзя. Аўсяньнікава таксама просіць час на падрыхтоўку, тым больш што працоўны дзень завяршаецца.

17.45 Адвакат Сямешка папрасіла ў суду час для падрыхтоўкі да судовых спрэчак — адзін працоўны дзень.

17.42 Судзьдзя Шылько адмовілася задаволіць хадайніцтва пра экспэртызу крыві.

Дашкевіч выступіў з хадайніцтвам запатрабаваць ад мабільных апэратараў, якія нумары знаходзіліся ў той мясцовасьці на час здарэньня, і потым праслухаць запісы размоў, праведзеных адтуль у той час. Абвінаваўца Мазорка запярэчыў і заявіў, што праслухоўваьне размоваў павінна быць санкцыянаванае. Адвакаты падтрымалі хадайніцтва Дашкевіча. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

17.27 Каб прыняць рашэньні па іншых хадайніцтвах, судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. У працэсе перапынак.

17.24 Судзьдзя Шылько адмовілася задаволіць хадайніцтва пра тэлефанаваньні Гарбачовай. Маўляў, у суду няма сумневаў у яе паказаньнях.

17.18 Дашкевіч заявіў, што гэтыя хадайніцтвы дазваляюць знайсьці адказ, хто ўчыніў гэтае злачынства. «Я патрабую ў суду, калі гэта суд, а ня цырк, далучыць усе хадайніцтвы да справы», — заявіў ён. Судзьдзя Шылько зрабіла заўвагу Дашкевічу. Яна нават перайшла на беларускую мову: «Захоўвайце элемэнтарны этыкет». Лобаў таксама падтрымаў усе заяўленыя хадайніцтвы.

Пацярпелыя выступілі супраць хадайніцтваў, але не змаглі патлумачыць сваю пазыцыю — хай вырашае суд.

17.09 Дзяржаўны абвінаваўца Мазорка выступіў супраць задавальненьня хадайніцтваў адвакатаў. Мазорка лічыць, што адвакаты хочуць зацягнуць разгляд справы. Адвакаты адказалі, што яны просяць вывучыць усе акалічнасьці справы і атрымаць праўдзівы адказ на ўзьнятыя пытаньні.

17.06 Суд далучыў да справы пазытыўныя характарыстыкі на Лобава і Дашкевіча як студэнтаў.

Суд над Ліхавідам
16.57 Допыт сьведкі з боку абвінавачаньня Аляксандра Багданава. Ён складаў пратакол на Ліхавіда аб затрыманьні, але не згадаў ягоныя дзеяньні на плошчы.

16.42 Юры Сарока ня памятае, каму потым аддаў відэакамэру і касэту. Кажа, што відэакамэра была зь менскай гарадзкой міліцыі. Адвакат хадайнічае, каб запатрабаваць касэту. Пракурор — супраць. Судзьдзя адклала гэтае пытаньне.

16.21 Пацярпелы кажа, што людзі крычалі «Жыве Беларусь!», «Ганьба!», «Час мяняць лысую гуму».

16.13 Пацярпелы Юры Сарока здымаў на відэакамэру, быў у цывільным. Падчас здыманьня яго ўдарылі ў нос. Юры Сарока паваліўся. Ён кажа, што прыбеглі амапаўцы, і гэта яму дапамагло. Ён працягваў здымаць. Лячыўся потым у шпіталі 4 дні.

Суд над Дашкевічам і Лобавым
16.55 Адвакат Аўсяньнікава выступіла з хадайніцтвам правесьці біялягічную экспэртызу крыві, знойдзенай на месцы здарэньня, каб высьветліць, каму яна належыць. Аўсяньнікава таксама просіць правесьці экспэртызу тэлефанаваньня сьведкі Гарбачовай, якая нібыта выклікала міліцыю на месца здарэньня. Яна просіць запытаць у Менскіх гарадзкіх тэлефонных сетак зьвесткі пра ўваходныя званкі на тэлефоны Маскоўскага РУУС за 18 сьнежня.

Адвакат Сямешка цалкам падтрымала хадайніцтвы Аўсяньнікавай. Адвакат Сямешка просіць суд дадаткова вывучыць асобы пацярпелых. А таксама вывучыць перамяшчэньні пацярпелых 18 сьнежня — для гэтага трэба высьветліць у мабільных апэратараў, ці маюць гэтыя асобы мабільныя тэлефоны і ці карысталіся яны імі 18 сьнежня.

16.54 Азнаямленьне зь пісьмовымі матэрыяламі справы завершана.

16.40 Адзін з кіраўнікоў «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка, які знаходзіцца ў залі суду, паведаміў, што міліцынты затрымалі сябраў МФ Зьмітра Хведарука і Ільлю Шылу. 22 сакавіка хлопцы ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасьці зь Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

16.10 Суд пераходзіць да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы: пастановы пра завядзеньне крымінальнай справы, заявы пацярпелых, пратакол агляду месца здарэньня.

Судзьдзя Шылько агучыла, што на месцы здарэньня знойдзеныя каляндарыкі, улёткі, зафіксаваныя плямы крыві, адна зь іх памерам 18 на 25см.

Адвакат Мар’яна Сямешка шмат разоў зьвяртае ўвагу суду на недакладнасьці ў пратаколах, на час правядзеньня экспэртызаў, іншыя дэталі.

16.08 Допыт сьведкаў завершаны.

Суд над Ліхавідам
15.51 Пацярпелы Сяргей Маскалёў
кажа, што атрымаў траўму галенастопу. Кажа, што «нешта ўпала» на нагу.

15.29 Пацярпелы Валянцін Казаека
сказаў, што ў яго зьляцеў шлем і ў гэты момант яму па галаве ўдарыў «нейкі тупы прадмет».

15.12
Дапытваюць пацярпелага Леаніда Лушчыка. Ён таксама кажа, што яго ўдарылі па левым калене нейкім тупым прадметам. Гэта і ёсьць ягоная траўма. Ён кажа, што было 30 чалавек актыўных мітынгоўцаў, якія маглі пайсьці на нейкія дзеяньні. Засьведчыў, што людзі спрабавалі прарвацца, каб іх не арыштавалі, бо ўжо прыехалі аўтазакі.

Суд над Дашкевічам і Лобавым
15.05 Наступны сьведка — Дзяніс Лазар. Актывіст «Маладога фронту». Працуе электразваршчыкам у Маладэчне.

Лазар назваў Дашкевіча і Лобава сваімі сябрамі.

Лазар апавёў, што 18 сьнежня ён быў разам з Лобавым і Дашкевічам. Дашкевіч здымаў кватэру на вуліцы Панамарэнкі. Увечары ехалі на аўтобусе на вакзал і заўважылі, што нейкі падазроны чалавек «касавурыўся на іх». Вырашылі выйсьці з аўтобуса. Праз прыпынак каля іх праехала нейкая падазроная машына і спынілася. Актывісты МФ зайшлі ў двор. Да іх імкліва рушыла кампанія з 4 чалавек. Два зь іх (Савіцкі і Малышаў) падышлі да іх непасрэдна, яшчэ двое засталіся ўбаку. У двары дому 24 па вуліцы Янкі Брыля Малышаў і Савіцкі спыталі ў Дашкевіча, дзе знаходзіцца нейкі дом па вуліцы Брыля. Потым Савіцкі папрасіў цыгарэту, а Малышаў ударыў Дашкевіча кулаком у жывот. Дашкевіч сагнуўся. Пазьней пачалася калатня Савіцкага з Лобавым…
Потым невядомы падбег да самога Лазара і ўдарыў яго ў правую галёнку, паваліў на зямлю


Потым невядомы падбег да самога Лазара і ўдарыў яго ў правую галёнку, паваліў на зямлю. Потым яму сказалі ня рухацца і нацягнулі шапку на галаву. Лазар застаўся ляжаць на зямлі.

Лазар кажа, што хтосьці з нападнікаў потым патэлефанаваў, прыехала міліцыя. Лазара затрымалі.

У міліцыі нейкі маёр браў тлумачэньні. Баец спэцназу, які затрымаў яго, ніякіх тлумачэньняў у яго не браў, заявіў Лазар.

Лазар патлумачыў, што пацярпелыя мэтанакіравана ішлі да іх празь сьнег, каб спытаць пра нумар дому і папрасіць цыгарэту. «Цыгарэту вядома ў якіх выпадках просяць», — патлумачыў сваю ацэнку сытуацыі Лазар.

Ад пачатку канфлікту да прыезду міліцыі прайшло ня болей за 5 хвілінаў.

Мінакі крычалі нападнікам: «Што вы б’еце пацаноў?»

Падняцца і пайсьці зь месца інцыдэнту Лазар не рашыўся. Кажа, што вырашыў «не рызыкаваць здароўем», бо нападнікі прыгразілі яму і загадалі ляжаць на зямлі.

Лазар кажа, што ў дзень здарэньня меў з сабою ўлёткі і 19 сьнежня зьбіраўся выйсьці на акцыю пратэсту.

Пацярпелы Малышаў спытаў Лазара: «Вы ўсьведамляеце крымінальную адказнасьць за дачу лжывых паказаньняў?»

Лазар адказаў: «Гэтак жа, як і вы».

Адказ выклікаў аплядысмэнты ў залі.

Лазар пераканана заявіў суду, што так званыя пацярелыя насамрэч былі нападнікамі. Пацярпелыя да яго больш пытаньняў не маюць.

14.50 Пасьля перапынку ў працэсе над Мікітам Ліхавідам працягваецца допыт пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.


Алена Ліхавід
Маці Мікіты Ліхавіда Алена сказала, што падтрымаць яе сына ў суд прыйшлі бабуля, цётка, хросная маці, сябры.

«Усе прыйшлі маральна падтрымаць Мікіту, яму прыемна ўсіх бачыць. Ён усьміхаецца, трымаецца малайцом. Я думаю, што ў нас усё будзе добра, бо ўсё абвінавачаньне рассыпаецца проста на вачах. Супрацоўнікі міліцыі блытаюцца ў паказаньнях, ня памятаюць, што яны казалі на сьледзтве, некаторыя нават ня памятаюць, якую яны атрымалі траўму. Яны кажуць, што Мікіту ня бачылі, і прэтэнзій да яго ня маюць».

Суд над Дашкевічам і Лобавым
14.26 Допыт сьведкаў працягваецца. Наступны — Віктар Марачкоў, 1976 году нараджэньня, баец спэцназу міліцыі. Марачкоў удзельнічаў у затрыманьні ў складзе аўтапатруля.

Марачкоў затрымліваў Дашкевіча, якога пасьля бойкі яму фактычна перадаў пацярпелы, сказаўшы, што менавіта Дашкевіч біў яго.

Хто накіраваў іх машыну на месца бойкі, Марачкоў ня памятае, як і тое, што ў затрыманьні ўдзельнічаў яшчэ адзін патруль спэцназу — пешы.

Чаму ў міліцыі адпусьцілі затрыманага Савіцкага ў шпіталь без аховы, Марачкоў ня памятае. Ён наогул на многія пытаньні адказвае, што ўжо ня памятае.

Марачкоў кажа, што Дашкевіч пры затрыманьні не супраціўляўся.

Адвакат: Чаму вы затрымалі Дашкевіча?

Марачкоў:
Таму што мне пацярпелы сказаў, што ён біў кагосьці.

Адвакат: А калі б вам Дашкевіч сказаў, што іншы біў, вы б тады Дашкевіча паслухалі і затрымалі іншага?

Марачкоў:
Я ня ведаю, як бы я паступіў.

Адвакат: Колькі часу ў РУУС вы разьбіраліся, хто пацярпеы, хто вінаваты?

Сьведка: Ня памятаю.

Марачкоў кажа, што ў размове зь ім Дашкевіч назваў сябе апазыцыянэрам і сказаў, што плошчу ці рэзыдэнцыю прэзыдэнта будуць паліць без яго.

14.25 Працэс над Дашкевічам і Лобавым аднавіўся.


Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сочыць за працэсам над Мікітам Ліхавідам, сказаў, што да перапынку суд заслухаў 12 пацярпелых. «Іх паказаньні збольшага падобныя. Некаторыя фразы аднолькава гучаць. Кідаецца ў вочы, што мала хто зьяўляўся для судова-мэдычнай экспэртызы. Нейкія цялесныя пашкоджаньні як сьлед не зафіксаваныя. Толькі зь іх словаў і дакумэнтаў іх ведамаснага шпіталя МУС, у які яны, паводле іх словаў, зьвярталіся пасьля падзеяў. Але на экспэртызу мала хто зьяўляўся. Ізноў жа, пераважна паказаньні падобныя да тых, якія даваліся на іншых працэсах. Частка паказаньняў новыя. Але паказаньняў пра тое, што яны былі сьведкамі збройнага супраціву, падпалаў, не пададзена ў якасьці доказаў».


Суд над Ліхавідам


13.47 У судзе аб’яўлены перапынак да 14.45.

13.42
Працягваецца допыт чарговага пацярпелага — Аляксандра Ксяндзова. Ён кажа, што яму сарвалі шлем і далі па шыі. Ён сказаў, што атрымаў удар у момант прарыву людзей з ачапленьня. На экспэртызе ня быў, бо быў заняты. У справе сказана, што пацярпела плячо. Чаму разыходжаньне? Ён кажа, што «забыўся». У паказаньнях Ксяндзова ў судзе істотныя разыходжаньні з матэрыяламі сьледзтва. На сьледзтве ён казаў, што людзі прарываліся праз ланцуг, у якім ён стаяў, да Дому ўраду. А на судзе паказаў, што прарыў быў у бок мэтро, пасьля таго як ачапілі самых актыўных. Тады ён сказаў, што пераблытаў, бо быў у такім эмацыйных стане.

13.21 Пацярпелы Васіль Лісоўскі
кажа, што яго ўдарылі па шлеме палкай і потым у яго разбалелася галава. Удзельнічаў у затрыманьні грамадзянаў на плошчы. Таксама не прыйшоў на экспэртызу.

13.07
Допыт наступнага пацярпелага. Андрэй Епіфанаў кажа, што атрымаў удар нечым мэталёвым па калене, «нешта вылецела з натоўпу».

Суд над Дашкевічам і Лобавым
12.57 Наступны сьведка — Ігар Зінкевіч, супрацоўнік спэцназу міліцыі.
Зінкевіч кажа, што нёс службу па ахове грамадзкага парадку, атрымалі сыгнал з РУУС і пабеглі на месца здарэньня.

Зінкевіч кажа, што бачыў бойку, людзі каталіся па зямлі. «Затрымалі 5 чалавек, у машыне зь імі не разьбіраліся. Па прыбыцьці ў РУУС пацярпелы Савіцкі паскардзіўся, што ён паранены».

Зінкевіч затрымліваў пятага ўдзельніка канфлікту Лазара, зь якога абвінавачваньні ў хуліганстве зьнялі.

Адвакат Аўсяньнікава: «Чаму вы не затрымалі двух „цывільных“, якія таксама былі на месцы здарэньня?»

Зінкевіч: «Не было ўказаньня».

Аўсяньнікава: «Ці супраціўляліся абвінавачаныя?»

Зінкевіч: «Мне — не».

Зінкевіч паказаў, што месца здарэньня аглядаў камандзір узводу, і туды яшчэ прыехала сьледчая група.

Адвакат
: «На якой падставе вы складалі пратакол на Лазара, паколькі невядома было, хто вінаваты ў бойцы?»
Вадзім Сьмірноў сказаў, што мітынгоўцы выкрыквалі «нехарошыя» лёзунгі. Кажа, што пры адцясьненьні натоўпу атрымаў удар тупым прадметам па твары, але на экспэртызу не хадзіў, бо быў заняты


Зінкевіч змог толькі адказаць: «я яго затрымліваў, я яго і аформіў».

Чаму ўдзельніка бойкі Савіцкага адпусьцілі, міліцыянт ня змог патлумачыць.

У пацярпелых і абвінавачаных пытаньняў да сьведкі Ігара Зінкевіча няма.

Суд над Ліхавідам
12.53 Пацярпелы спэцназавец Вадзім Сьмірноў
сказаў, што мітынгоўцы выкрыквалі «нехарошыя» лёзунгі. Кажа, што пры адцясьненьні натоўпу атрымаў удар тупым прадметам па твары, але на экспэртызу не хадзіў, бо быў заняты.

12.40
Пацярпелы міліцыянт Сяргей Парай кажа, што яго ўдарылі нейкім тупым прадметам. Пра Ліхавіда нічога не сказаў. На ганку ля Дому ўраду, апроч журналістаў, было каля дзесяці чалавек.

12.27
Допыт пацярпелага спэцназаўца, намесьніка камандзіра роты Сяргея Гушчыка. Кажа, што ў 22 гадзіны прыбылі на плошчу. Яго ўдарылі двойчы з-за сьпіны, у супрацоўнікаў міліцыі ляцелі плястыкавыя бутэлькі. Ён бачыў двух міліцыянтаў з гукаўзмацняльнікамі і яны нешта казалі, але спэцназавец ня чуў, што, хаця яны знаходзіліся на адлегласьці ў тры мэтры. А чаму быў блізка і ня чуў? Сказаў, што працавала рацыя.

Суд над Дашкевічам і Лобавым
12.10 Наступны сьведка Андрэй Тозік. 1980 году нараджэньня. Спэцназ міліцыі.

Тозік кажа, што ён 18 сьнежня затрымліваў падсудных і пацярпелых у складзе пешага патруля. «У 16.20 паступіла інфарамцыя ад дзяжурнага пра бойку. Праз 5 хвілінаў мы былі на месцы, адначасова туды прыбыў патруль на мікрааўтобусе». На месцы Тозік пабачыў, што «пару чалавек барукаліся».

Тозік бачыў лом у руках у пацярпелага Савіцкага і кажа, што менавіта таму надзелі кайданкі. Кажа, што Лобаў пасьля затрыманьня паводзіў сябе спакойна.

Тозік кажа, што бачыў на Савіцкім кроў.

Тозік кажа, што Савіцкі толькі ў міліцыі паведаміў, хто яго ўдарыў.

Тозік затрымліваў Лобава. Міліцыянт кажа, што Савіцкі абвінаваціў Лобава, што той ударыў яго манціроўкай. З гэтых слоў ён вызначыў, хто пацярпелы, а хто вінаваты.

Адвакат Сямешка: «Хто вызначыў, на каго складаць пратакол, а каго адпусьціць?»

Тозік: «Камандзір узводу».

Тозік кажа, што ў Савіцкага было расьсячэньне скуры, якое ён убачыў толькі ў міліцыі.

Адвакаты дапытваюць сьведку. «Чаму вы не затрымалі ўсіх, хто там стаяў?»

Тозік:
«Вызначаў мой камандзір».

Сьведка кажа, што Лобаў не супраціўляўся, а Савіцкі паводзіў сябе буйна і агрэсіўна, таму на яго надзелі кайданкі.

У Дашкевіча і Лобана, а таксама ў пацярпелых пытаньняў да сьведкі Тозіка няма. Судзьдзя Шылько зачытвае паказаньні Тозіка ў часе папарэдняга сьледзтва.

Суд над Ліхавідам
12.03 Пацярпелы Тарасевіч таксама новы, на ранейшых працэсах над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня яго не было. Кажа: «У нас кідалі нешта». Ён паваліўся на плячо. Прэтэнзій да Ліхавіда ня мае.

Суд над Дашкевічам і Лобавым
11.59
Лобаў пазнаў сьведку і пацьвердзіў ягоныя паказаньні.
Дашкевіч таксама пацьвердзіў паказаньні Каравага. Лобаў паказаў, што манціроўку ў рукі ўзяў пацярпелы Савіцкі, калі яго (Лобава) павалілі на зямлю.

Судзьдзя Шылько і абвінаваўца Мазорка «ўчапіліся» за манціроўку. Яны ўпарта дапытваюць Каравага на гэтую тэму.

Пацярпелыя Савіцкі і Малышаў ня маюць пытаньняў да сьведкі Каравага.

11.54
Вочная стаўка сьведкаў Гарбачовай і Каравага. Гарбачова яго не пазнала, ня можа сказаць, што ён быў на месцы здарэньня: «Я не магу яго апазнаць».

Суд над Ліхавідам
11.49 Пацярпелы міліцыянт Сяргей Жызьнеўскі. На ранейшых працэсах над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня яго не было, сам два мэтры ростам, кажа, што мітынгоўцы білі рукамі і нагамі. Кажа, што яго ўдарылі нейкім прадметам. Судзьдзя зрабіла яшчэ адну заўвагу адвакату за перапытваньні.

11.22 Пацярпелы Андрэй Палавінкін працаваў на плошчы ў цывільным. Яго распазналі мітынгоўцы і ўдарылі па галаве. Колькасьць людзей на плошчы супрацоўнік міліцыі ацаніў у паўтары-дзьве тысячы чалавек. Да ганка не падыходзіў, Ліхавіда ня бачыў.

Палавінкін ня бачыў на плошчы міліцыянтаў у форме, апроч супрацоўнікаў ДАІ, ня бачыў, як нанесьлі траўмы пацярпелым.

11.09 Наступны пацярпелы, супрацоўнік міліцыі Віталь Піліпейка, распавёў, што яго білі мітынгоўцы ў кажухах, пырснулі ў твар з вогнетушыльніка. І яшчэ каля гатэлю «Менск» Піліпейка бачыў, як у міліцыянтаў кінулі арматурыну. Ліхавіда ён там ня бачыў. На экспэртызы двойчы яго выклікалі, але ён не хадзіў, бо не атрымліваў позвы. Яшчэ Піліпейка сказаў, што бачыў, як нанесьлі траўму пацярпеламу Зінкевічу.



Суд над Дашкевічам і Лобавым
10.50 Наступны сьведка — Ігар Каравы, сьлесар зь Беразіно, які жыве ў Менску на вуліцы Льва Сапегі. Каравы быў сьведкам бойкі. Ён таксама кажа, што здарэньне было 19-га, а не 18 сьнежня, як было насамрэч. Кажа, што пачуў крыкі «Дапамажыце!». Убачыў людзей, якія біліся. Удары наносілі абодва бакі, кажа ён.

Каравы таксама падсудных не пазнаў.
Чалавек, які ляжаў на зямлі, прасіў выклікаць міліцыю. Калі я падышоў, сытуцацыя супакоіліся, і я вырашыў не вылікаць міліцыю


«Чалавек, які ляжаў на зямлі, прасіў выклікаць міліцыю. Калі я падышоў, сытуцацыя супакоіліся, і я вырашыў не вылікаць міліцыю. Але міліцыя і так прыехала праз 5 хвілінаў», — паведаміў Каравы.

Сьведка кажа, што міліцыя прыехала на мікрааўтобусе Фольксваген, усяго чатыры міліцыянты. Затрыманьне адбылося хутка, усім удзельнікам інцыдэнту заламалі рукі.

Каравы паведаміў, што ў аднаго з тых, хто стаяў на месцы інцыдэнту, у руках была манціроўка, але апісаць гэтага чалавека ён ня змог.

Ніякіх дзеяньняў удзельнікаў інцыдэнту з гэтай манціроўкай Каравы не заўважыў. Чалавек трымаў манціроўкуў руцэ, апушчанай уніз.

Сьведка кажа, што некаторыя ўдзельнікі канфлікту хацелі яго прагнаць. Маўляў, сыходзь мы самі разьбяромся. Сьведка Каравы таксама кажа, што крыві ні на кім ня бачыў. «Прыгадаць гэтага не магу», — адказаў ён на пытаньне адваката.

Абвінаваўца Мазорка канчаткова заблытаў сьведку пытаньнем, ці сапраўды манціроўка была чырвонага колеру. Цяпер сьведка ўжо ня ўпэўнены, які колер быў у манціроўкі.

«Каб у кагосьці кроў цякла цурком, такога я ня бачыў»,— кажа Каравы.

«Калі прыехала міліцыя, бойкі ўжо не было, усё было спакойна», — кажа Каравы.

Судзьдзя зачытвае паказаньні Каравога на папярэднім сьледзтве, там ёсьць сьведчаньне пра ўдар манціроўкай і нават ломам.

Каравы кажа, што першыя паказаньні былі больш праўдзівымі, бо прайшоў ужо час.

Сьведка паказаў, што пацярпелы ўдарыў кулаком у галаву аднаго з падсудных. Гэта азначавае, што была бойка з двух бакоў, а не аднабаковы напад, у чым абвінавачваюць Дашкевіча і Лобава.

Каравы патлумачыў, што бачыў толькі, як чалавек з манціроўкай ішоў, і ня бачыў нейкіх дзеяньняў манціроўкай: «Чалавек з манціроўкай ня біў ляжачага, ён ішоў, а кулаком ударыў іншы чалавек». «Няправільна запісана ў пратаколе папярэдняга допыту, — заявіў ён. — Я не прачытаў яго да канца».

Абвінаваўца Мазорка і судзьдзя Шылько дапытваюць, чаму ён памяняў сьведчаньні.

Судзьдзя Шылько ў другі раз чытае сьведчаньні Каравага з пратаколу, як нехта ўдарыў пацярпелага манціроўкай па галаве. «Гэта не адпавядае сапраўднасьці», — кажа сьведка, — «Не адпавядае тая частка, дзе чалавек б’е манціроўкай. Відаць, сьледчы няправільна зразумеў мае паказаньні. Я бачыў толькі, як нехта нёс манціроўку».

Адвакат пытаецца, ці не даваў ён папярэднія паказаьні пад ціскам?

Каравы кажа, што ніхто на яго ня ціснуў. Ён тады сьпяшаўся і ня ўсё прачытаў з запісанага сьледчым у пратакол.



Суд над Ліхавідам
10.35 Судзьдзя зрабіла заўвагу адвакату, што перапытвае пацярпелага. Але той пацьвердзіў, што ўдар яму быў нанесены ненаўмысна. Далей пачалі апытваць пацярпелага супрацоўніка міліцыі Масальскага. Ён сказаў, што яго ўдарылі па галаве. Але ён працягваў выконваць абавязкі.

Масальскі, як і іншыя, ня бачыў, каб Ліхавід нешта ламаў ці біў па міліцэйскіх шчытах. Яшчэ ён бачыў у руках мітынгоўца нейкае полымя, але ня ведае, што гэта было.

10.16 Суд пачаўся з допыту пацярпелага супрацоўніка міліцыі Дзьмітрыя Лявіцкака. Ён кажа, што пры зачыстцы плошчы паваліўся адзін з дэманстрантаў і зачапіў шчыт, які ўдарыў яго ў твар, яшчэ ў яго балеў локаць Ён ня лічыць, што пацярпеў менавіта ад масавых беспарадкаў. Магчыма, гэта сьледчы яму дапісаў, што яго наўмысна ўдарылі.

Суд над Дашкевічам і Лобавым

10.12
Пачаўся допыт сьведак. Дапытваюць Сьвятлану Гарбачову, 1963 году нараджэньня, супрацоўніцу міліцыі.

Гарбачова паказала, што 18 сьнежня ў двары дому 24 па вуліцы Брыля бачыла 6-7 чалавек, якія біліся. Двое ляжалі на зямлі на жываце і іх трымалі яшчэ двое. Яна выклікала міліцыю і сышла.

Крыкаў пра дапамогу і заклікаў выклікаць міліцыю яна ня чула. Дакладна апісаць удзельнікаў здарэньня, іх вопратку яна ня можа. Калі яе выклікалі на першы допыт па гэтай справе, яна таксама ня памятае.

Крыві ні на кім з удзельнікаў інцыдэнту Гарабачова ня бачыла. Ва ўсіх твары былі адкрытыя. Сьведка не апазнала падсудных.

Сьведка не змагла згадаць ні дзень, ні дакладны час інцыдэнту. Яна сказала, што інцыдэнт адбыўся 19-га ў нядзелю. Але на самой справе гэта было ў суботу 18-га.

Кажа, што сярод тых, хто біўся, быў яшчэ адзін чалавек, які стаяў побач і размаўляў па тэлефоне.

Дзяржаўны абвінаваўца Мазорка знайшоў супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкі ў судзе і ў часе папярэдняга сьледзтва.

Судзьдзя зачытвае пратакол допыту Гарбачовай у часе сьледзтва.

Абвінаваўца Мазорка і судзьдзя Шылько ўгаворваюць сьведку Гарбачову, каб яна сказала, што ранейшыя яе паказаньні больш поўныя і праўдзівыя. Тая пагаджаецца, кажа, што прайшоў ужо час.

Гарбачова паведаміла, што мэталічных прадметаў у руках ні ў кога ня бачыла.

На пытаньне Дашкевіча сьведка адказала, што калі б у кагосьці была кроў на ілбе, яна б убачыла. Паказаньні сьведкі кардынальна разыходзяцца з паказаньнямі пацярпелых, якія казалі, што Савіцкаму расьсеклі твар «фомкай» і ён увесь быў у крыві.

Пацярпелы Малышаў спрабуе заблытаць сьведку, давесьці, што яна памыляецца, бо было цёмна. Ён нават згадаў, што сонца ў той дзень зайшло а 15.58.

10.10
Працэс над Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым адноўлены. Пацярпелыя — у пакоі за сьпіной судзьдзі Шылько.

10.00 У судзе над Дашкевічам і Лобавым людзей запусьцілі ў судовую залю. Акрамя родных, журналістаў і міжнародных назіральнікаў, на паседжаньне суду трапілі чальцы «Маладога фронту».

10.00 Аднавіўся працэс над Мікітам Ліхавідам. На працэс прыйшло меней міліцыянтаў, чым павінна быць. У залі прысутнічае назіральнік АБСЭ, праваабаронцы Людміла Гразнова і Валянцін Стэфановіч.


Справу супраць Мікіты Ліхавіда разглядае судзьдзя Натальля Пыкіна. Ліхавіда абараняе адвакатка Дар’я Ліпкіна.

Ліхавіду выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Кіраўнікоў «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава вінавацяць у злосным хуліганстве. Нібыта яны пабілі двух мінакоў у Менску на вуліцы Янкі Брыля.

Абараняюць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава адвакаты Мар’яна Сямешка і Алена Аўсяньнікава. Справу разглядае судзьдзя Алена Шылько. Дзяржаўны абвінаваўца — Мазорка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG