Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармат 25 сакавіка кардынальна зьменены


21 сакавіка на пасяджэньні аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі вырашана не праводзіць у Менску шэсьця і мітынгу, а ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу. Аднак «Малады фронт» плянуе прыйсьці на плошчу Якуба Коласа.

Ускладаць кветкі да помніка Янку Купалу арганізатары сьвяткаваньня прапануюць цягам усяго вечару 25 сакавіка. Шэсьце і мітынг вырашана не праводзіць. Пра гэта паведаміў радыё «Свабода» лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч
«Каб не дазволіць, каб мерапрыемства магло адбыцца па схемах, ужо адпрацаваных уладамі, прынятае рашэньне кардынальна памяняць фармат сьвяткаваньня Дня Волі і заклікаць усіх грамадзянаў у сквэр імя Янкі Купалы, каб яны ўскладалі кветкі і ставілі зьнічы да помніка Янку Купалу 25 сакавіка цягам усяго вечара. Фактычна, прынятае рашэньне, што мы ня будзем праводзіць мітынг і шэсьце. Мы заклікаем адзначыць 25-га ўскладаньнем кветак да помніка Янку Купалу».

Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне 25 сакавіка мітынгу на плошчы Бангалор у Менску, хоць заяўнікі прасілі дазволу на збор удзельнікаў сьвяткаваньня Дня волі на плошчы Якуба Коласа, адтуль шэсьце да сквэру імя Янкі Купалы, дзе і меўся адбыцца мітынг. Арганізатары вырашылі не ісьці на плошчу Бангалор і абскардзіць у судзе рашэньне Менгарвыканкаму, якое лічаць незаконным.

Дзяніс Садоўскі
Паводле сябра аргкамітэту ад стваранай Партыі БХД Дзяніса Садоўскага, кожны ўдзельнік мерапрыемства будзе сам вызначаць, з чым яму прыйсьці — з кветкамі, зь бел-чырвона-белым сьцягам ці партрэтамі палітвязьняў і зьніклых палітыкаў.

«Мы запрашаем прыйсьці пасьля 18-й, пасьля працоўнага дня. У сувязі з тым, што мерапрыемства несанкцыянаванае, то пастараліся зрабіць так, каб меней людзей маглі пацярпець з-за гэтага, маючы на ўвазе агонію рэжыму апошняга часу. Там не плянуецца прамоваў і прыняцьця рэзалюцый».

Актывіст Мікола Дземідзенка паведаміў, што Малады фронт ня браў удзелу ў сёньняшнім пасяджэньні аргкамітэту:

Мікола Дземідзенка
«Нашы пляны адносна 25-га не мяняюцца. Мы проста адчуваем адказнасьць за тых людзей, якіх мы два месяцы запрашалі на плошчу Якуба Коласа. „Малады фронт“ прыйдзе на Якуба Коласа і з усімі людзьмі, якія прыйдуць на гэту плошчу, мы разам пойдзем у сквэр Янкі Купалы, разам з усімі ўскладзем кветкі, павіншуем адзін аднаго».

22 сакавіка а 13-й гадзіне сябры аргкамітэту вырашылі правесьці ў гэтым пытаньні прэсавую канфэрэнцыю ля будынку суду Маскоўскага раёну Менску, перад тым, як там пачнецца працэс над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Чаму менавіта там?

Аляксей Янукевіч: «Адной з тэмаў нашай зяўкі, якая была адхіленая Менгарвыканкамам, было патрабаваньне свабоды палітычным вязьням. Заўтра ў Маскоўскім судзе пачнецца суд над Зьмітром Дашкевічам, мы разглядаем гэтую справу як палітычную. І мы, каб дадаткова зьвярнуць увагу на гэтую сытуацыю, каб не ствараць дылему для прадстаўнікоў СМІ, вырашылі, што лепш мы правядзём гэта там, каб пазьней журанлісты маглі трапіць на гэты суд і асьвятляць гэты суд».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG