Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэф ня дасьць грошай Лукашэнку


«Сбербанк России» ня будзе выдаваць крэдытаў Беларусі для павялічэньня яе золатавалютнага рэзэрву альбо паляпшэньня гандлёвага балянсу. Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску кіраўнік найбуйнейшага расейскага банку Герман Грэф. 10 сакавіка ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Міхаілам Мясьніковічам.

Журналісты чакалі Германа Грэфа лішнія паўтары гадзіны. У кулюарах затрымку патлумачылі тым, што зацягнулася яго размова з кіраўніком беларускага ўраду. На прэсавай канфэрэнцыі расейскі фінансіст, згадваючы перамовы зь Міхаілам Мясьніковічам, сказаў, што быў зьдзіўлены, як той «адэкватна ацэньвае няпростую сытуацыю».

Адштурхнуўшыся ад такога прызнаньня, журналісты спыталіся банкіра, ці гатовы «Сбербанк» крэдытаваць Беларусь — напрыклад, яе Нацыянальны банк? Герман Грэф на гэта пытаньне адказаў адмоўна:

Герман Грэф
«Што тычыцца нашай падтрымкі, то мы — камэрцыйны банк. І мы гатовыя дзейнічаць у рамках нашай ключавой місіі — бізнэс-місіі. Мы не даем крэдыты на падтрымку роўня міжнародных рэзэрваў альбо ліквідацыі дэфіцыту плацёжнага балянсу. Гэта ня наша задача, не камэрцыйная функцыя».

Тым часам фінансавыя аналітыкі сёньня адзначылі: Аляксандар Лукашэнка, які звычайна абстаўляе замежныя праекты ў Беларусі шэрагам абавязковых умоваў, сказаў Герману Грэфу пра сваю гатоўнасьць падтрымаць «любыя праекты «Сбербанка»:

«Банк выказаў жаданьне фінансававаць шматлікія праекты ў нашай краіне. Выбірайце любыя, мы вам абсалютна давяраем. Мы ўсялякім чынам будзем падтрымліваць вас тут. І любыя складанасьці мы пераадолеем разам, якія б яны не былі».

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч тлумачыць такі карт-блянш Герману Грэфу тым, што «Сбербанк» мае «вялізныя рэсурсы для крэдытаваньня эканомікі»:

Станіслаў Багданкевіч
«Таму і хочуць наладзіць зь ім шчыльныя стасункі. Для Беларусі гэта асабліва важна, паколькі існуе велізарны гандлёвы дэфіцыт. Патрэбныя 5-7 мільярдаў даляраў. А паколькі Захад іх можа ня даць, то асноўны кірунак пазыкаў — гэта Ўсход. І найперш Расея».

Станіслаў Багданкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што «Сбербанк» уклаў у камэрцыйныя праекты ў Беларусі амаль 1 мільярд даляраў непасрэдных інвэстыцыяў. Прафэсар упэўнены: «Сбербанк» будзе і надалей працягваць гэтую палітыку:

«Дзеля таго, каб захаваць Беларусь у сфэры сваіх інтарэсаў, каб ускосна эканамічна кіраваць Беларусьсю, трэба ўкладаць вялікія грошы ў эканоміку, у банкаўскую галіну. Таму я думаю, што незалежна ад часовых праблем у дачыненьнях Лукашэнкі з Крамлём, крэдытаваньне будзе павялічвацца».

«Сбербанк России» па капіталізацыі займае 14-е месца ў сьвеце. Ён лідэр на фінансавым рынку Расеі па актывах, капітале і прыбытку. «Белпрамбудбанк» зьяўляецца яго даччыным банкам і лічыцца па ключавых паказьніках трэцім банкам Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG