Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся працэс над сьледчай Генпракуратуры Байковай


Сьвятлана Байкова
Сьвятлана Байкова
10 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачаўся працэс над старшай сьледчай па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланай Байковай.

Яе вінавацяць ва ўчыненьні злачынстваў на падставе ч. 2 арт. 393 (прыцягненьне ў якасьці абвінавачанага заведама невінаватага), чч. 1, 2 арт. 394 (прымус да дачы паказаньняў), чч. 1, 2 арт. 397 (заведама незаконныя затрыманьне або ўтрыманьне пад вартаю), ч. 3 арт . 424 (злоўжываньне ўладаю або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу.

Разам з Байковай па справе праходзіць нейкі Карэн Вартанян. Паводле зьвестак БелаПАН, раней ён быў неаднаразова судзімы. Вартаняна вінавацяць ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 154 КК (катаваньне).

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Як раней паведамілі ў Вярхоўным судзе, для вырашэньня пытаньня аб вінаватасьці або невінаватасьці Байковай ва ўчыненьні інкрымінаваных ёй злачынстваў у судзе будзе дасьледаваны шэраг акалічнасьцяў, у тым ліку зьвесткі, атрыманыя падчас розных апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Згодна з заканадаўствам, такія зьвесткі адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў.

Байкову даставілі ў будынак Вярхоўнага суду ў мікрааўтобусе пад вартаю прыкладна за гадзіну да пачатку судовага слуханьня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, старшыня на працэсе – Руслан Аніскевіч.

Байкова была затрыманая супрацоўнікамі КДБ 25 лютага 2010 году з падазрэньня ў перавышэньні ўлады. Справы ў дачыненьні да яе былі распачатыя КДБ 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці) і 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу.

На пачатку лютага стала вядома, што адвакат Міхаіл Воўчак, які быў абаронцам Сьвятланы Байковай, ня зможа ёй дапамагаць на судовым працэсе. Ён ужо не працуе, ліцэнзію здаў у Міністэрства юстыцыі, а пасьведчаньне – у Менскую абласную калегію адвакатаў. Пытаньне БелаПАН, ці пакінуў ён працу адваката добраахвотна, ці яго прымусілі гэта зрабіць, былы абаронца сьледчай Генпракуратуры пакінуў без адказу.

У пачатку гэтага году ў дачыненьні да Міхаіла Воўчака Генэральнай пракуратураю была заведзеная справа на падставе ч. 1 арт. 407 КК (выдаваньне зьвестак дазнаньня, папярэдняга сьледзтва ці закрытага судовага паседжаньня).

Імёны цяперашняга адваката Байковай і дзяржаўнага абвінаваўцы не называюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG