Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што хаваў Нацбанк?


Стась Івашкевіч
Стась Івашкевіч
8 сакавіка Нацыянальны банк Беларусі заблякаваў доступ да свайго сайту ў інтэрнэце. Хадзілі чуткі, што сёньня курс беларускага рубля да даляра ЗША мог рэзка ўпасьці. Гэтага не адбылося. Пакуль?

Ад пачатку году курс беларускага рубля да даляра ўсутыч наблізіўся да ніжняй мяжы ўсталяванага Нацбанкам калідору. Афіцыйны Менск раней абяцаў спыніць гэтую тэндэнцыю і ўтрымаць курс рубля ў межах запраграмаваных рамак. Падзеі апошніх тыдняў, аднак, ставяць пад сумнеў рэальнасьць абяцаньняў беларускіх урадоўцаў.

Нагадаем, што 10%-ны валютны калідор, у рамках якога Нацыянальны банк абяцаў утрымліваць курс беларускага рубля, усталёўваецца не да даляра, а да кошыка з трох валют: расейскага рубля, эўра і даляра.

Цягам апошняга месяца Нацбанку ўдавалася ўтрымліваць стабільны курс даляра, дэвальваваўшы беларускі рубель у дачыненьні да расейскага рубля і эўра.

Але нават так утрыманьне курсу даляра абышлося краіне нятанна. Падзеньне золатавалютных рэзэрваў Беларусі ў студзені склала рэкордныя 13,7%, скараціўшыся на 687,7 мільёнаў даляраў – да 4343 мільёнаў на 1 лютага 2011. Улічваючы, што Беларусь атрымала ў студзені 800 мільёнаў даляраў ад выпуску эўрабондаў, рэальнае падзеньне рэзэрваў за першы месяц году склала больш за паўтара мільярда даляраў.

Гэта пры тым, што адмоўнае сальда попыту беларускага насельніцтва на валюту ў студзені было ў дзесяць разоў меншае, чым у сьнежні – 57 мільёнаў даляраў супраць 649 мільёнаў у сьнежні мінулага году.

Тым ня менш, валюта працягвае імкліва выцякаць з краіны праз беларускія прадпрыемствы.

Адмоўнае сальда замежнага гандлю Беларусі ў студзені сёлета перавысіла 900 мільёнаў даляраў і стала рэкордным для гэтага пэрыяду. Акрамя таго, на пачатку году беларускія прадпрыемствы мусяць выплочваць кароткатэрміновыя пазыкі, зробленыя для аплаты імпарту летась.

Для таго, каб спыніць пагрозьлівую тэндэнцыю выцеку валюты з краіны, беларускі ўрад увёў з 1 сакавіка абмежаваньні на пакупку валюты юрыдычнымі асобамі для правядзеньня аплатаў замежным суб'ектам. Экспэрты сыходзяцца на тым, што такія захады маюць абмежаваны эфэкт у кароткатэрміновай пэрспэктыве і шкодны ў доўгатэрміновай.

Ня выключана, што заблякаваўшы доступ да свайго сайту ў інтэрнэце, Нацыянальны банк, спрабаваў прадухіліць паніку, схаваўшы ваганьні курсу на валютнай біржы і стабілізаваўшы яго неяк да пачатку працоўнага дня.

Але калі гэтым разам Менску і ўдалося прадухіліць дэвальвацыю, то ці надоўга?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG