Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Развал незалежнай адвакатуры»


Рашэньнем прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Павал Сапелка выключаны з арганізацыі і праз гэта пазбаўлены права займацца адвакацкай дзейнасьцю. Такое рашэньне прынятае на прапанову Міністэрства юстыцыі, якое зьвінаваціла адваката ў парушэньні патрабаваньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і правілаў прафэсійнай этыкі. Праваабаронцы і юрысты называюць гэтае рашэньне незаконным і заяўляюць пра разгром незалежнай адвакатуры.

«Дзеяньні Сапелкі несумяшчальныя са званьнем адваката», — заявіла ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства юстыцыі. А менавіта, адвакату закідаюць незьяўленьне на сьледчыя дзеяньні, з-за чаго зьвінавачаныя нібыта былі пазбаўленыя ягонай абароны, а таксама ў ігнараваньні рашэньняў кіраўніцтва калегіі.

Павал Сапелка
Павал Сапелка: «Адносна незьяўленьня на сьледчыя дзеяньні, то так, я не зьявіўся на сьледчыя дзеяньні. Чаму я туды не зьявіўся, дзе я ў гэты час быў і што рабіў, я калегам патлумачыў. Што тычыцца абароны абвінавачаных, да якіх я не зьявіўся на сьледчыя дзеяньні, то яны не забясьпечаныя абаронай, фактычна, з моманту іх затрыманьня. А што тычыцца ігнараваньня рашэньняў органаў самакіраваньня, то тут можна паспрачацца адносна іх абгрунтаванасьці. Я думаю, што калі я сам прачытаю пастанову прэзыдыюму, то змагу зрабіць больш падрабязныя тлумачэньні».

Звальненьне Паўла Сапелкі незалежныя юрысты называюць чарговым наступам на незалежную адвакатуру ў Беларусі.

Гары Паганяйла
Праваабаронца і юрыст грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Гары Паганяйла: «Я думаю, што ўсё гэта ў рамках таго ж ціску на адвакатаў Менскай гарадзкой калегіі, якія абараняюць абвінавачаных паводле падзеяў 19 сьнежня мінулага году. Павал Сапелка абараняе Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча. Што тут можна сказаць? Вядома, дрэнна, калі незалежны інстытут адвакатуры падпадае пад ціск з боку выканаўчай улады. Калі адвакаты вымушаныя хадзіць літаральна „па струнцы“, каб, барані Бог, ня даць падставы для іх адлічэньня з калегіі. Вядома, гэта беспрэцэдэнтны ціск, і ўсе мы разумеем, што гэта зьвязана з тым, каб запалохаць адвакатаў, паралізаваць іх волю да таго, каб яны мужна і прынцыпова адстойвалі справы сваіх кліентаў, абвінавачаных у масавых беспарадках. Вядома, гэта ўсё вельмі сумна. І я думаю, што падобная практыка працягнецца».

Уладзімер Лабковіч
Незаконным рашэньне пра звальненьне Паўла Сапелкі называе намесьнік старшыні партыі БНФ і юрыст Уладзімер Лабковіч: «Безумоўна, гэта працяг ціску на адвакатаў, гэта вялізны ўдар па незалежнай адвакатуры ў прынцыпе. Бо тут бяз лішніх словаў можна сказаць тое, што Павал Сапелка быў адным з тых, хто заўсёды дапамагаў і прымаў удзел у палітычных працэсах, не зважаючы на запалохваньні і пагрозы. Тое, чым гэта завяршаецца, — гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што ў Беларусі не існуе ня толькі незалежнай адвакатуры, пракуратуры і суду, але ж гэта яшчэ і абсалютна незаконнае рашэньне».

Алесь Бяляцкі
Рашэньне прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў аб выключэньні Паўла Сапелкі з арганізацыі аўтаматычна пазбаўляе яго права займацца адвакацкай дзейнасьцю, што зьяўляецца таксама забаронай на прафэсію. Наступствы такіх дзеяньняў уладаў будуць адчувальнымі для ўсяго беларускага грамадзтва, кажа кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Гэта, што называецца, развал усёй незалежнай адвакатуры ў Беларусі з усімі трагічнымі наступствамі, фактычна, для ўсіх беларускіх грамадзян. Мала таго, што ў нас суды падпарадкаваныя ўладзе, дык на сёньня ствараецца такая сытуацыя, што адвакаты ня будуць бараніць падабаронных у тым выпадку, калі грамадзяне будуць выступаць супраць нейкіх дзяржаўных органаў. І гэта тычыцца абсалютна ўсіх спраў, ня толькі палітычных. Гэткім чынам, мы пазбаўляемся, фактычна, апошніх магчымасьцяў для аб’ектыўнай абароны, і дзяржава цалкам становіцца таталітарнай без усялякіх перашкодаў.

Акрамя таго, гэткім чынам адвакаты пазбаўляюцца права на працу і, канечне ж, перадусім паўстае пытаньне адносна працэсу 19 сьнежня, бо пачаткам для гэтых рэпрэсій быў актыўны ўдзел адвакатаў у абароне абвінавачаных паводле тых падзей. І гэта сьведчыць пра тое, што сам працэс 19 сьнежня набывае абсалютную палітычную афарбоўку, калі адвакаты будуць выконваць ролю маўклівых статыстаў. Міністэрства юстыцыі фактычна закрыла ім раты, і гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што нам вельмі цяжка будзе чакаць нейкага аб’ектыўнага разгляду ў судовых працэсах».

Віталь Рымашэўскі
Адзін зь лідэраў стваранай БХД, былы кандыдат на прэзыдэнта і вязень турмы КДБ Віталь Рымашэўскі: «Я лічу, што ягонае звальненьне падобнае да прававой сваволі — гэта яскравая ілюстрацыя таго, што зараз адбываецца. Бо Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч — адны з важных фігурантаў справы і судзілішчаў, якія зараз адбываюцца. Бо гэта сапраўдныя лідэры: адзін моладзевы лідэр, а другі — нацыянальны. І звальненьне іх адваката проста разбурае апошнія ілюзіі, калі яны яшчэ ў некага і захаваліся, адносна таго, што яшчэ магчымыя нейкія справядлівыя працэсы. Я лічу, што большую адказнасьць на сябе павінны браць мы, тыя, хто на свабодзе, у справе абароны людзей, якія ня маюць магчымасьці зьвязацца са сьведкамі. Таму яшчэ раз заклікаю ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да кампаніі „Стань сьведкам“. І асабліва заклікаю людзей, якія былі побач з Паўлам на плошчы і могуць засьведчыць ягоныя дзеяньні, каб падтрымаць Паўла гэткім чынам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG