Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што разумеюць сілавікі ў экстранай хірургіі


Згодна зь дзеючай у Беларусі пастановай Міністэрства ўнутраных спраў № 234 ад 20 кастрычніка 2003, асобы, "дастаўленыя ў ізалятары часовага ўтрыманьня, апытваюцца дзяжурным аб стане іх здароўя на прадмет выяўленьня патрэбы ў аказаньні неадкладнай мэдычнай дапамогі", і "ў выпадку скаргаў кагосьці з дастаўленых асоб на дрэнны стан здароўя або пры відавочных прыкметах захворваньня дзяжурны павінен неадкладна выклікаць брыгаду хуткай мэдычнай дапамогі". Пастанова таксама вызначае: "Калі паводле паказаньня мэдычнага працаўніка брыгады хуткай дапамогі падазраваны, абвінавачваны або асуджаны мае патрэбу ў стацыянарным лячэньні, ён накіроўваецца ў адпаведную мэдычную ўстанову месца ўтрыманьня пад вартай або ў мэдычную ўстанову органаў аховы здароўя, а затрыманы — толькі ў мэдычную ўстанову органаў аховы здароўя..."

Мэдычную дапамогу ў СІЗА трымаюць у сакрэце ад блізкіх і грамадзкасьці


Адрозна ад большасьці эўрапейскіх краін, у Беларусі мэдычная дапамога зьняволеным застаецца таямніцай ня толькі для грамадзкасьці, але і для найбліжэйшых сваякоў вязьняў. У пераважнай большасьці палітыкаў ды грамадзкіх актывістаў, затрыманых 19 сьнежня, родныя і дагэтуль ня ведаюць, як здароўе іх блізкіх у СІЗА. Гэта ж тычыцца і пераведзенага з "амэрыканкі" на ўтрыманьне пад хатнім арыштам экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева. Паводле ягонай жонкі Вольгі, нават праз два месяцы пасьля жорсткага зьбіцьця палітык і паэт так і не атрымаў належнага лячэньня.

Адзін зь лідэраў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі "Ініцыятыва", беларускі палітвязень Андрэй Кім, які пасьля падзеяў на Плошчы правёў 10 дзён у СІЗА на Акрэсьціна, а цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі, у размове з расейскімі журналістамі распавёў пра тое, як міліцыя абыходзіцца з траўмаванымі дэманстрантамі.

Кім: "Ад 24-й гадзіны, калі нас затрымалі (19 сьнежня), да 13-й гадзіны наступнага дня мы мусілі стаяць, потым нам дазволілі сесьці на падлогу. Каля 12 гадзін нам не давалі вады, больш за 30 гадзін не давалі ежы. У мяне была чэрапна-мазгавая траўма, я слаба трымаўся на нагах, мяне адвялі ў траўмапункт. І там лекары хуткай дапамогі мне і яшчэ некаторай колькасьці людзей выпісалі накіраваньне на шпіталізацыю. Але да лекараў падышлі нейкія міліцэйскія начальнікі, пагаварылі зь імі, лекары зьехалі, а нас замест шпіталя павезьлі ў суд. Ну добра, у мяне ўсё было ня так дрэнна, а там быў мужчына, у якога абедзьве рукі былі пераламаныя настолькі, што мы зь цяжкасьцю зьнялі зь яго куртку — так рукі апухлі.
Мне і яшчэ некаторай колькасьці людзей выпісалі накіраваньне на шпіталізацыю. Але да лекараў падышлі нейкія міліцэйскія начальнікі, пагаварылі зь імі, а нас замест шпіталя павезьлі ў суд.


Дык вось, тым людзям, якія былі відавочна моцна зьбітыя, ім давалі ня 10 сутак, а 15, каб яны пасьпелі ў турме "падлячыцца".

Супрацоўнікі СІЗА ігнаруюць дзеючае правіла наконт аказаньня мэдычнай дапамогі


Праваабаронцы не выключаюць, што гэтак жа сама турма "дае падлячыцца" і цяжка зьбітаму на Плошчы кандыдату на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Увесь гэты час пра стан яго здароўя адвакату забараняюць паведамляць нават у самых агульных рысах. Паводле ацэнак мэдыкаў, зробленых на падставе зьмешчаных у інтэрнэце фота, "палітык мае траўму тазасьцегнавога суставу. Ці гэта пералом, ці ўшыб, можна вызначыць толькі з дапамогай спэцыяльных дасьледаваньняў — рэнтгену ці МРТ. Толькі пасьля гэтага прызначаецца неабходнае лячэньне, якое ніяк не абмяжоўвацца прыёмам анальгетыкаў".

Як сьведчыць лідэр незарэгістраванага Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных "Над бар'ерам", былы палітвязень з досьведам адседкі ў СІЗА КДБ і на Валадарцы Цімох Дранчук, супрацоўнікі ізалятараў, за рэдкім выключэньнем, ігнаруюць дзеючае правіла наконт аказаньня мэдычнай дапамогі і спрабуюць упраўляцца сваімі сіламі.

Дранчук: "Яны спрабуюць вырашыць гэта лякальна. Толькі калі яны бачаць, што чалавек памірае, то тады яго вязуць у турэмны шпіталь. Я сутыкаўся на Валадарцы зь людзьмі, якія ў знак пратэсту — ня памятаю, у зьвязку з чым — глыталі цьвікі. Там унутры ў іхным арганізьме штосьці жахлівае стваралася, ім рабілі апэрацыю, а літаральна празь дзень-два прывозілі назад у СІЗА. Хоць гэта абсалютна неадэкватныя тэрміны
Апэрацыя — гэта ж ня два на два — чатыры. А калі не чатыры? А ў іх, можа, усё інакш прынята, у іхнай сыстэме.
пасьля такой складанай апэрацыі, як мінімум тыдзень чалавек павінен ляжаць у шпіталі. І такія выпадкі ёсьць, і яны нярэдкія".

У іх свая мэдыцына, а ў нас — свая


Паводле менскага хірурга Андрэя, які раней працаваў у 9-м шпіталі, а потым перайшоў на працу ў іншае месца, яшчэ некалькі гадоў таму яму даводзілася апэрыраваць экстраных хворых, дастаўленых у апэрацыйную пад міліцэйскім канвоем. У 2006 годзе ён быў сьведкам выпадку з тагачасным актывістам "Зубра" Мікітам Сасімам. Напярэдадні ў затрыманага міліцыянтамі актывіста проста ў аддзяленьні міліцыі здарыўся прыступ апэндыцыту, і адтуль яго мусілі тэрмінова шпіталізаваць дзеля хірургічнай дапамогі. Літаральна на наступную раніцу пасьля апэрацыі ў рэанімацыю да Мікіты прыйшлі людзі ў чорным, надзелі на яго кайданкі і заявілі, што перавозяць хлопца ў яго родны горад Баранавічы і там будуць судзіць. Тады хірургі спрабавалі абараніць юнака, усяляк даводзячы, што гэта небясьпечна. Аднак сілавікі, зразумела, з гэтымі аргумэнтамі не пагадзіліся.

Андрэй: "У іх свая мэдыцына, а ў нас — свая. Мы ў нашым аддзяленьні звычайна выпісваем на пяты дзень. Гэта калі апэндыцыт. Калі гэта пэрытаніт, дык увогуле трымаем два тыдні. Апэрацыя — гэта ж ня два на два — чатыры. А калі не чатыры? А ў іх, можа, усё інакш прынята, у іхнай сыстэме".

Хірург узгадвае, як для таго, каб этапаваць аднаго хворага і закаванага ў кайданкі хлопца, да шпіталя пад’ехаў цэлы аўтобус АМАПу, а потым з саміх Баранавічаў прыбыла брыгада дазнавальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG