Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія адвакаты згодныя абараняць беларускіх палітвязьняў


Беларусам, якім вінавацяць у датычнасьці да падзеяў 19 сьнежня, могуць прыйсьці на дапамогу юрысты зь Літвы. І зробяць яны гэта на законных падставах. Літва — адзіная з замежных краінаў, зь якой Беларусь мае двухбаковае пагадненьне аб прававой узаемнай дапамозе.

Сваякі многіх абвінавачаных і падазраваных па «справе 19 сьнежня» скардзяцца: беларускія адвакаты пад рознымі прычынамі адмаўляюцца ім дапамагаць. І таму часам не застаецца іншага выйсьця, як шукаць адвакатаў-замежнікаў. Але, як высьвятляецца, толькі адвакаты Літвы могуць аказаць такую дапамогу. Гэтая магчымасьць зафіксавана ў міждзяржаўнай дамове, падпісанай у кастрычніку 1992 году.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла кажа, што такіх прыкладаў ў палітычных справах ня памятае:

«Але што да юрыдычных спраў, якія тычацца памежных спрэчак, то яны існуюць. Напрыклад, у Літве адабралі тавары ў беларусаў. І на разбор гэтых спраў у Літву выяжджалі беларускія адвакаты. І наадварот, калі літоўцы ў Беларусі траплялі пад судовы перасьлед, то яны карысталіся сваімі адвакатамі. І іх беларускія суды дапускалі да справы. Такое было».

Шанец далучэньня літоўскіх адвакатаў да палітычных беларускіх спраў Гары Паганяйла ацэньвае як «тэарэтычны і практычны»:

«Важна, хто прыедзе і возьмецца за палітычную справу. Напрыклад, Сьвятлана Байкова — былая супрацоўніца Генпракуратуры засталася без адвакатаў. І наўрад ці беларускія адвакаты з улікам досьведу іх калегі Міхаіла Воўчака сур’ёзна зоймуцца гэтай справай. Можна было б і тут скарыстаць літоўскіх калег».

Літоўскі адвакат Рымас Андрыкас сказаў сёньня «Свабодзе», што асабіста ён гатовы ўзяцца за абарону палітзьвяволеных. Аднак на пачатку размовы ён выказаў неразуменьне пазыцыі беларускіх калег:

Абавязак адвакатаў — абараняць. Незалежна ад палітычных ці нейкіх іншых прычын.
«Я думаю, што абавязак адвакатаў — абараняць. Незалежна ад палітычных ці нейкіх іншых прычын. Я неяк не разумею маіх беларускіх калег, якія адмаўляюцца гэта рабіць».

Спадар Андрыкас папрасіў давесьці да беларускіх адвакатаў такі прыклад:

«Калі ў Мадрыдзе адбыўся выбух на чыгуначным вакзале і загінулі сотні людзей, то адвакаты, якія абаранялі вінаватых у гэтых выбухах, атрымалі ў 2009 годзе прыз Эўрапейскай асацыяцыі адвакатаў».

Літоўскі адвакат Андрыкас упэўнены: тое, што судовыя працэсы ў Беларусі вядуцца на расейскай мове, ня стане перашкодай ні для яго асабіста, ні для яго калег:

«Я думаю, што я валодаю расейскай мовай па пяцібальнай сыстэме на 4 з плюсам, а па дзесяцібальнай — на 9. Але ў нас ёсьць і маладыя адвакаты, якія ведаюць расейскую мову. Гэта не перашкода. Гэта дробязь».

Рымас Андрыкас кажа, што і літоўскім адвакатам было ня проста пераадольваць галоўнае, што ім пакінула савецкая сыстэма:

«Гэта страх. А страх — гэта вельмі дрэнная прыкмета для адваката. У нас, у Літве, ёсьць пазовы супраць прэзыдэнта, супраць прэм’ера, супраць міністраў. І ў нас некаторыя адвакаты за гэта не бяруцца, а некаторыя — бяруцца. У нас калі законнымі шляхамі абараняць, то ўсе гэта разумеюць, і ніякіх праблем няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG