Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп атрымала найвышэйшую журналісцкую узнагароду Расеі — «Залатое пяро»


Ірына Халіп
Ірына Халіп
Ад Аляксандра Фядуты прыйшла «валянцінка» з КДБ. Дакумэнтамі адваката Алеся Міхалевіча зацікавіўся таксама мін’юст. Анатоль Лябедзька не атрымлівае лістоў ад сваякоў.

Ірыну Халіп ўзнагародзілі «Залатым пяром Расеі». Узнагароду штогод прысуджае Саюз журналістаў Расеі і рэдактары вялікіх расейскіх газэт. 11 лютага ў дом Халіпаў пазванілі з Масквы і паведамілі пра ўзнагароду, падзялілася навіной маці журналісткі Люцына Халіп.

«Патэлефанаваў намесьнік рэдактара „Новай газэты“, што ён атрымаў з рук Ірыны Пятроўскай узнагароду для Ірыны. „Залатое пяро Расеі“. Я ёй сказала пра гэта, ёй было вельмі прыемна. Яна аказалася ў вельмі ганаровай кампаніі разам зь Дзьмітрыем Быкавым ды іншымі вядомымі журналістамі Расеі».

«Свабода» далучылася да самых шчырых віншаваньняў на адрас Ірыны Халіп, якія, на жаль, пакуль немагчыма перадаць асабіста ёй, паколькі журналістку трымаюць пад хатнім арыштам і кантакты з калегамі ёй забароненыя.

Люцына Халіп падзялілася яшчэ адной навіной — яны з мужам Уладзімерам атрымалі ліст ад Андрэя Саньнікава, мужа Ірыны. Экс-кандыдат у прэзыдэнты задае шмат пытаньняў пра сына Даніка і дзякуе бацькам жонкі за дапамогу, якую яны зараз аказваюць ягонай сям’і.

Праз два дні — дзень закаханых — сьвята сьвятога Валянціна, а жонка Аляксандра Фядуты ўжо атрымала ад яго віншаваньні з гэтым днём.

«Прыслаў тэлеграму, павіншаваў з Днём Валянціна. Адправіў 10-га, думаў, відаць, што будзе доўга ісьці, дык не — прама ў 11:32 прынесьлі і ўручылі пад росьпіс. Вось, братка ты мой! А як просім спатканьня, дык не, нельга і адразу тады допыт праводзяць».

Карэспандэнт: «Бачыце, як ён вас любіць і там. А больш навінаў няма? Адвакат да яго не хадзіла?»

«Не, адваката даўно не выклікалі. Зь мінулага аўторка допытаў не было. Колькі можна — трэці тыдзень па кругу адно і тое ж».
Колькі можна — трэці тыдзень па кругу адно і тое ж.


Жонка лідэра АГП Анатоля Лябедзькі сёньня атрымала ад мужа ліст — восьмы па ліку з дня арышту Анатоля 20 сьнежня. З лістоў мужа Сьвятлана бачыць, што да яго яе лісты і лісты сына Арцёма пераважна не даходзяць.

«Паўтаруся, што нашых лістоў ён не атрымлівае. Адзін радок у ягоным лісьце ёсьць, што яму паабяцалі, што будзе атрымліваць лісты ад нас. Але пакуль ён ў вакуўме адносна нашых спраў».

Пра сябе Анатоль Лябедзька піша, што пачуваецца лепей, раней ён прастыў, але ужо выздараўлівае. Шмат чытае — цяпер раманы Бальзака. Піша пра аднолькавасьць дзён, з чаго жонка мяркуе, што сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам можа апошнім часам і не адбывацца.

Мілана Міхалевіч, жонка экс-кандыдата Алеся Міхалевіча паведаміла: дакумэнтамі адваката Алега Агеева зацікавіліся пасьля КДБ таксама і ў міністэрстве юстыцыі.
Я не выключаю, што могуць шукаць і вынаходзіць супраць яго розныя іншыя формы ціску..


«Зацікавілі арыгіналы ўсіх дакумэнтаў. У сувязі з 173-м артыкулам Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Наколькі мне вядома, гэта збор інфармацыі напярэдадні завядзеньня крымінальнай справы. То бок я не выключаю, што могуць шукаць і вынаходзіць супраць яго розныя іншыя формы ціску. Вядома, гэта радаснай навіной для нас не зьяўляецца».

10 лютага дакумэнты адваката Алега Агеева запатрабавала для праверкі КДБ. Алег Агееў у камэнтары «Свабодзе» сказаў, што ня будзе адмаўляцца ад абароны Алеся Міхалевіча, паколькі лічыць гэта «сваім прафэсійным абавязкам».

Раней пра ціск на адвакатаў казалі сваякі Ірыны Халіп, якой давялося зьмяніць ужо двух абаронцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG