Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Мележ: "Мы ня ведалі, як пісаць праўду пра вайну"



8 лютага споўнілася б 90 гадоў народнаму пісьменьніку Беларусі Івану Мележу, ляўрэату Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР, Ленінскай прэміі, які праславіўся сэрыяй раманаў "Палеская хроніка".


Іван Мележ
пачынаў як паэт – яшчэ да вайны, у 1939 годзе.

Паэт Анатоль Вярцінскі доўгі час працаваў побач зь Мележам у Саюзе пісьменьнікаў Беларусі і вельмі цёпла згадвае пра свайго настаўніка. Прычым памятае першыя паэтычныя радкі Мележа:

"У асеньняй вышыні бязьмежжа
роўны зык раняючы з зямлі,
і на захад, к вольнай Белай Вежы
рэй вядуць нязвыклы жураўлі..."


Іван Паўлавіч прызнаваўся мне, што, магчыма, ён і ня стаў бы празаікам, каб не вайна. Ён найперш з паэтамі і сябраваў: зь Піменам Панчанкам, Максімам Танкам. Ён зьвяртаў увагу, выдзяляў і нас, маладых паэтаў – Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча".

Васіль Зуёнак
Паэт Васіль Зуёнак таксама сябраваў зь Мележам. Ён і дагэтуль захапляецца героямі "Палескай хронікі". Іван Мележ у Васіля Зуёнка выклікае асацыяцыю з клёнам:

"Ён быў вельмі датклівы, душой і сэрцам заўсёды перажываў за сяброў, за іх творчыя справы.

Клён мажны і шырокі –
Каранямі ў Палесьсі, галавой у аблоках...
Гэта клён. Я таксама, як і ты, меў здагадку.
Толькі знаў: за лясамі цуды ёсьць ад пачатку,
Ад вякоў тых далёкіх, што прайшлі каранямі
праз багун і асокі і ўзрасьлі Куранямі.
Узрасьлі Куранямі з чарнабрывымі Ганнамі.
Узрасьлі Васілямі, узьняліся Іванамі..."


Высока-высока ўзьнялася зорка Івана Мележа, і ён узьняў герояў сваіх на гэтыю ж вышыню".

Іван Мележ з другога курсу Маскоўскага інстытуту гісторыі, філязофіі і літаратуры быў прызваны ў Савецкую Армію. У чэрвені 1942-га быў цяжка паранены і пасьля лячэньня ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Але пісьменьнік вельмі перажываў, што, хоць сам і прайшоў вайну, ваенны раман "Мінскі напрамак" яму ня ўдаўся. Першы варыянт Мележ друкаваў на пачатку 1950-х гадоў, а потым спрабаваў завяршыць яго ў 1970-х. Анатоль Вярцінскі згадвае гэтую драматычную старонку:

"Раман, можна сказаць, не атрымаўся з адной простай прычыны. Ён сам прызнаваўся, у яго была манера з намі, хоць мы былі і маладзейшыя за яго, часам рабіць прызнаньні. Яго прызнаньні часам для нас былі ўрокамі. Ён сказаў: "Мы ня ведалі, як пісаць праўду пра вайну". Ён неаднойчы так казаў. Былі апісаньні баталіяў, былі апісаньні военачальнікаў. Але мы адчувалі ўнутрана, у душы, што гэта няпоўная праўда аб вайне. Адсюль ішла гэтая няўдача з раманам. І ён прызнаў гэта".

8 лютага а 17-й гадзіне ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца вечарына, прысьвечаная 90-годзьдзю Івана Мележа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG