Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто кідаў кактэйль Молатава ў расейскую амбасаду?


Электроннае выданьне «Ежедневник», спасылаючыся на ўласныя крыніцы, падало сваю вэрсію выбуху на тэрыторыі амбасады РФ, які адбыўся летась. Праваабаронца Наста Лойка ў інтэрвію Свабодзе абвяргае асноўныя тэзы публікацыі.

У артыкуле, апублікаваным у «Ежедневнику», гаворыцца:

“Уяўным анархістам, якія ўчынілі напад на расійскае пасольства, выстаўленае абвінавачаньне яшчэ ў чатырох падпалах.

Нагадаем, што ў ноч з 30 на 31 жніўня на тэрыторыю расейскай амбасады ў Беларусі былі кінуты дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю. Яны патрапілі ў службовы аўтамабіль амбасады, у выніку чаго пачаўся пажар. На шчасьце, ахова хутка выявіла ўзгараньне і справілася з ім.

На наступны дзень зьявілася рэакцыя на начную атаку расейскай амбасады. Міліцыя распачала крымінальную справу па арт.139 Крымінальнага кодэксу Беларусі (хуліганства), а беларускі МЗС, адказваючы на расейскую ноту, паведаміў, што бутэлькі кінулі ворагі расейска-беларускага супрацоўніцтва.

Адначасова група маладых людзей распаўсюдзіла ў інтэрнэце паведамленьне, што напад на расейскую амбасаду -- акцыя анархістаў, якой яны нібыта выказалі гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненьні да сацыяльных актывістаў, якія ўсталі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве.

Міліцыя адразу ж затрымала больш за дзясятак падазраваных зь ліку анархістаў, але выявілася, што яна памылілася, паколькі праз тыдзень пасьля падзей аналягічная акцыя была праведзена каля ізалятара ГУУС Менгарвыканкаму на вул.Акрэсьціна -- з тымі самымі палітычнымі матывамі. Анархісты патрабавалі вызваленьня сваіх паплечнікаў.

Цяпер па выніках расьсьледаваньня абвінавачаньне выстаўленае Ігару Аліневічу, Мікалаю Дзядку, Максіму Веткіну, Аляксандру Францкевічу, Яўгену Селівончыку і завочна Дзьмітрыю Дубоўскаму, які знаходзіцца ў вышуку. Як кажуць факты, у іх дзеяньнях не было ніякіх палітычных матываў. Ім проста падабалася падпальваць, прычым ідэйным натхняльнікам быў менавіта Дзьмітрый Дубоўскі.

У выніку расьсьледаваньня высьветлілася, што свой першы падпал маладыя людзі зрабілі яшчэ 5 сьнежня 2009 году. Аб гэтым выпадку шырокай грамадзкасьці мала вядома, бо пад яго нават пры вялікім жаданьні нельга падвесьці палітычныя матывы. Хлопцы проста падпалілі казіно «Шангры ла» ў Менску. Як было выяўлена сьледзтвам, акцыю ў дачыненьні да казіно зрабілі Дзядок, Аліневіч і Дубоўскі.

Аналягічна складана знайсьці нейкія палітычныя матывы і ў другой акцыі падазраваных, якая была зробленая 9 сакавіка 2010 г. у Салігорску. Тады Дубоўскі, Францкевіч і Селівончык спрабавалі павесяліцца, кінуўшы запальную сумесь у будынак ГУПП «ЖКГ« Комплекс ».

Відаць, маладыя людзі задаволіліся, паколькі наступныя два месяцы не рабілі ніякіх спробаў падпалаў. Толькі 30 красавіка 2010 яны зноў выйшлі на сьцяжыну агню. Гэтым разам Дубоўскі, Францкевіч і Дзядок кінулі запальную сумесь у будынак Дома прафсаюзаў. Міліцыя ўсе гэтыя дзеяньні не зьвязвала паміж сабой і наогул асабліва не напружвалася на дадзенай падставе.

Сытуацыя зьмянілася толькі праз чатыры месяцы, калі Веткін і Аліневіч кінулі "кактэйль Молатава" на тэрыторыю Пасольства Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь ды яшчэ выклалі відэазапіс у інтэрнэце. Міліцыя імгненна пачала дзейнічаць і затрымала некалькі падазраваных. Тады тыя самыя Аліневіч і Дубоўскі, каб выклікаць яшчэ большы грамадзкі рэзананс, 6 верасьня 2010 году правялі акцыю на вул. Акрэсьціна, 36, дзе знаходзіцца ізалятар ГУУС Менгарвыканкаму.

Першапачаткова ў дачыненьні да падпальшчыкаў была распачатая крымінальная справа паводле артыкулу аб хуліганстве. Аднак па выніках расьсьледаваньня абвінавачаньне было перакваліфікаванае на ч.2 і ч.3 арт.218 Крымінальнага кодэксу Беларусі (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненае агульнанебясьпечным спосабам арганізаванай групай). Санкцыя гэтага артыкулу прадугледжвае пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі”.

Праваабаронца Наста Лойка ня згодная з тэзамі публікацыі. У інтэрвію Свабодзе яна заявіла:

Лойка: Тэрміны, якімі дазваляе сабе карыстацца аўтар, ужо трохі пужаюць: што гэта выпадковыя людзі, фармулёўка "ўяўныя анархісты". Адкуль такая дасьведчанасьць аўтара пра палітычныя погляды гэтых людзей - невядома.

Паводле аўтара, людзям, якія праходзяць па гэтай справе,выстаўленае новае абвінавачаньне па некалькіх эпізодах, зьвязаных з падпаламі. Я спэцыяльна сёньня высьвятляла сытуацыю адносна прынамсі двух людзей з гэтага сьпісу - Ігара Аліневіча і Мікалая Дзядка. І гэтым людзям новае абвінавачаньне яшчэ не выстаўлялася. Я ведаю, што насамрэч рыхтуецца пастанова, дзе абвінавачаньні будуць пашыраныя, але па факце ніводнаму зь іх гэтыя абвінавачаньні яшчэ не выстаўляліся.

Аліневіча абвінавачваюць у акцыі каля генштабу РБ 19 верасьня 2009 году, а таксама ў нападзе на расейскую амбасаду ў ноч на 31 жніўня 2010 году. Мікалая Дзядка пакуль што афіцыйна абвінавачваюць толькі ў нападзе на генштаб, Максіма Веткіна - у нападзе на расейскую амбасаду, Аляксандра Францкевіча - у тым, што ён здымаў на відэа напад на міліцэйскі пастарунак у Салігорску, пра які таксама дзіўна ўзгадваецца ў артыкуле. Што да Яўгена Селівончыка, то ён таксама абвінавачаны ў нападзе на міліцэйскі пастарунак у Салігорску, але ён знаходзіцца на волі.

Мне таксама не падабаецца танальнасьць артыкулу, што гэтыя людзі рабілі названыя злачынствы. Але ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці, віну чалавека высьвятляе суд. Наколькі суд будзе справядлівы ў гэтай сытуацыі - гаварыць цяжка. Мы бачым пэўную палітычную матываванасьць гэтай справы, што выявілася ў тым, што напачатку людзей арыштоўвалі не таму, што яны былі датычныя да правапарушэньня, а таму, што яны маюць пэўныя палітычныя погляды.

Радыё Свабода: Паводле вашых зьвестак, ці прызналі падазраваныя сваю віну?

Лойка: Максім Веткін прызнае, што ўдзельнічаў у нападзе на расейскую амбасаду, але ён сьцьвярджае, што бутэлька з кактэйлем Молатава, якую кінуў ён, ня выбухнула. Аляксандар Францкевіч прызнае, што ён здымаў на відэа напад на міліцэйскі пастарунак у Салігорску, тут праўда ёсьць пытаньне, ці зьяўляецца злачынствам здымкі нечага на відэа. Мікалай Дзядок нічога не прызнае, ён наагул адмаўляецца даваць паказаньні. Ігар Аліневіч прызнае, што ўдзельнічаў у акцыі ля генэральнага штабу, але паводле яго гэта была абсалютна мірная акцыя, якая не ўтрымлівала складу злачынства, і зь ім тут цяжка не пагадзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG