Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё белавескага зубра прадаюць на аўкцыёне


Зубр — сымбаль Беларусі.
Зубр — сымбаль Беларусі.
Дзяржаўная ўстанова «ЦэнтарКурорт», якая належыць Адміністрацыі прэзыдэнта, на аўкцыён выставіла зубра. Лот пад нумарам 15 рэклямуецца як «унікальны экзэмпляр, самец, які не прызначаны для свабоднага паляваньня, з рэзэрвовага генафонду».

Зубар занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Першапачатковы кошт зубра — 40 тысяч эўра. Пераможца аўкцыёну атрымае магчымасьць забіць жывёлу з уласнай зброі ў Белавескай пушчы, а таксама вывезьці «трафэй» за мяжу. У якасьці бонусу прапануецца права на прэпараваньне зубра. Імгненна атрымаць жыцьцё зубра можна за 50 тысяч эўра.

Эколяг Валер Дранчук: «Гэта працяг камэрцыялізацыі, напрамак, які на нашу бяду прыйшоў яшчэ з тагачасным прэзыдэнцкім заўгасам Ціцянковым. Вось гэта камэрцыя, калі яна ўжо ўб’ецца, вывесьці яе вельмі цяжка. Гэта цынічнае зарабляньне грошай, не турызмам, ня кнігамі. Вельмі проста: паставіў — і 50 тысяч эўрыкаў табе ў кішэню. Гэта вельмі лёгкі спосаб зарабіць грошы ў Нацыянальным парку».
Для аздараўленьня папуляцыі, атрыманьня навуковага матэрыялу… частка зуброў падвяргалася элімінацыі.

На 1 студзеня 2011 году ў Белавескай пушчы і вакольных лясах было 392 зубры. Папуляцыя ў параўнаньні зь мінулым годам павялічылася на 28 жывёлаў. Штогод у пушчы нараджаецца каля 40 зубранят. А зубры — гэта біялягічны від, сярод якога трэба праводзіць сэлекцыю, тлумачыць намесьнік дырэктара па навуцы Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» Васіль Арнольбік:

«Для аздараўленьня папуляцыі, атрыманьня навуковага матэрыялу, вывучэньня сур’ёзных прычын захворваньняў, скарачэньня нерацыянальных стратаў жывёлаў, у якіх няма надзеі на выздараўленьне, частка зуброў падвяргалася элімінацыі. Тут нельга выключаць і паляваньне, і адстрэлы».

За апошнія 30 гадоў у беларускай частцы Белавескай пушчы было выбракавана такім чынам 330 зуброў (для параўнаньня — у суседзяў, у польскай частцы, амаль у тры разы больш), кажа спадар Арнольбік:

«У Белавескай пушчы па ўмовах кармавой базы можа аптымальна знаходзіцца 250-300 зуброў. Гэта папуляцыя зараз ня можа жыць у дзікай прыродзе, у натуральным асяродку. Яна кіруемая, яна ня можа жыць без чалавека. Трэба карміць жывёлаў. Зубар без чалавека зараз жыць ня можа».

Таму пэрыядычна на зуброў дазваляюць паляваньне. Былы навуковы супрацоўнік пушчы, эколяг Георгі Казулька, кажа, што пытаньне даволі складанае, ёсьць два чыньнікі:

Пушча ня можа пракарміць столькі жывёлаў.
«З аднаго боку, гуманітарныя пытаньні. Сапраўды, гэта каштоўнасьць беларуская. Зубр — у Чырвонай кнізе. А з другога боку, ёсьць экалягічныя чыньнікі. У пушчы вельмі шмат зуброў, а кармавая база не адпавядае. Пушча ня можа пракарміць столькі жывёлаў. І ўзьнікае праблема: куды падзець лішні статак? Зубры жывуць у дзікай прыродзе, у Беларусі такіх месцаў няшмат, за мяжу таксама складана адправіць. Вось і шукаюць такія кампрамісныя варыянты. Я думаю, гэта можа быць магчыма як выключэньне, у варунках дэмакратычнай дзяржавы. Калі быў бы грамадзкі кантроль, выконвалася заканадаўства. А ў цяперашніх варунках могуць быць парушэньні, і мы ведаем пра такія справы».

Арганізатары аўкцыёну сьцьвярджаюць, што праводзяць яго ў адпаведнасці з указам прэзыдэнта, з пастановай Савету Міністраў — то бок усё на законных падставах. Ды й зубар, якого выставілі, — стары, хворы, кажа намесьнік дырэктара па навуцы Васіль Арнольбік:

«Калі прыгледзецца, ён ходзіць на трох нагах, і шанцаў на выжываньне ў яго практычна няма. Усё такія зубры, як правіла, трымаюцца паасобку. Камісія менавіта такіх жывёлаў ацэньвае і адносіць да рэзэрвовага генафонду».

У асноўным паляваць на зубра, аленя, лася прыяжджаюць у пушчу замежнікі, якія робяць гэта не ў карысьлівых мэтах (каб атрымаць здабычу, мяса, мех), а дзеля трафэяў, якімі можна пахваліцца. Раней кошт ліцэнзіі на адстрэл зубра вагаўся ад 5 да 10 тысяч эўра. Цяпер зубра выставілі на аўкцыён.

Васіль Арнольбік: «Здараецца і такое, што выбракаваная жывёла не дажывае да прыезду паляўнічых. Тут у некаторым сэнсе своеасаблівыя кліенты. Для некаторых па маральных прынцыпах гэта несумяшчальна. Усё ж такі паляваньне на зубра не зьяўляецца складаным у параўнаньні, да прыкладу, са здабычай якога-небудзь драпежніка, калі прысутнічае азарт, маральная задаволенасьць».
Гэта прыніжае ня толькі нашу прыроду, але прыніжае нашу нацыю, што мы на гэтым зарабляем.

Эколяг Валер Дранчук, што да аўкцыёну, выказаўся так:

«Тут не павінен быць вось гэты гандаль: прэпараваньне, пад кулю — галава зубра. Гэта прыніжае ня толькі нашу прыроду, але прыніжае нашу нацыю, што мы на гэтым зарабляем. На продаж гэта не павінна ісьці. Як пісала Ларыса Геніюш, «зялёным дабром гандляваць нельга». Яна мела на ўвазе — прыродай нашай, у высокім сэнсе слова.

2 лютага найбольшая стаўка перавысіла ўсталяваную на аўкцыёне бліц-цану і склала 50 100 эўра. Удзельнік, што зрабіў стаўку, атрымаў паведамленьне пра магчымую перамогу ў аўкцыёне і дакумэнты. Але аплата лоту дагэтуль ня зробленая, таму стаўка і выйгрыш ануляваныя. Кошт лоту на вечар 3 лютага складае зноў 40100 эўра. Аўкцыён будзе доўжыцца да 2 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG