Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім турыстам рэкамэндуюць устрымацца ад паездак у Эгіпет


Каірскі аэрапорт перапоўнены ахвотнымі пакінуць Эгіпет.
Каірскі аэрапорт перапоўнены ахвотнымі пакінуць Эгіпет.
Беларускім турыстам рэкамэндуюць устрымацца ад наведваньня Эгіпту, пакуль сытуацыя цалкам не нармалізуецца.

Прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што ў сувязі з пагаршэньнем становішча ў Эгіпце ўдакладняецца сытуацыя зь беларускімі грамадзянамі, якія знаходзяцца там на адпачынку.

«Паводле інфармацыі на гэты момант, беспарадкі нашых грамадзянаў не закранулі. Беларускія дыпляматы выходзяць зь імі на кантакт. Прадумваецца комплекс мерапрыемстваў для ацэнкі рэальнай сытуацыі і плянаваньня магчымых дзеяньняў дзеля аказаньня дапамогі беларускім турыстам. Улічваючы абвастрэньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі, МЗС Беларусі рэкамэндуе беларускім грамадзянам устрымацца ад наведваньня гэтай краіны да поўнай нармалізацыі становішча».

Беларускі МЗС таксама зьвярнуўся ў Міністэрства спорту і турызму, каб тамтэйшыя спэцыялісты праз турфірмы ацанілі прыкладную колькасьць беларусаў, якія знаходзяцца ў Эгіпце.

У даведачна-інфармацыйнай службе «Белавія» паведамілі, што сёньня быў адменены чартэрны рэйс зь Менску ў Эгіпет. Аднак гэтую інфармацыю не пацьвердзіў намесьнік гендырэктара Ігар Чаргінец, які сказаў, што сёньня рэйс не плянаваўся. Рэйс 1 лютага будзе выконвацца згодна з раскладам.

«Пакуль ніякіх зьменаў не плянуецца. Як праграма была заяўлена туркампаніямі, якія замаўлялі чартэрныя рэйсы, пакуль так яно і ёсьць. Мы размаўлялі з заказчыкамі рэйсаў. Пакуль ніякіх перадумоваў, што трэба рабіць нейкія вывазныя рэйсы, забіраць людзей, — такога няма. Хто з турыстаў хоча вярнуцца, тыя адпраўляюцца на радзіму бліжэйшымі рэйсамі. Масавай адмовы ад пералёту і адпачынку ў Эгіпце няма. Прыкладна 10–15% турыстаў адмаўляюцца. Але большая частка ўсё роўна хоча адпачываць».
Прыкладна 10–15% турыстаў адмаўляюцца. Але большая частка ўсё роўна хоча адпачываць.


Прадстаўніца турыстычнай кампаніі «TEZ TOUR» у Менску Сьняжана паведаміла, што фірма пісьмова інфармуе турыстаў пра сытуацыю, якая склалася ў Эгіпце.

«Калі будуць нейкія ўскладненьні сытуацыі ў Эгіпце, тады будуць неяк карэктавацца нашы праграмы. Пакуль ніякіх адменаў няма».

У кампаніі паведамілі, што цяпер у Эгіпце па іх лініі знаходзіцца каля 1400 беларускіх турыстаў. На сайце кампаніі зьмешчаная інфармацыя, што ў зьвязку з сытуацыяй у Эгіпце «ўсе новыя заяўкі ў базе, зробленыя на туры ў гэтую краіну, пераводзяцца ў статус „ліст чаканьня“ на няпэўны тэрмін». Аднак у менскім бюро кампаніі паведамілі, што гэта тычыцца толькі тых турыстаў, якія вылятаюць з Масквы.

У фірме «Алатан-тур» паведамілі, што рэкамэндуюць пакуль устрымацца ад паездак у Эгіпет і што многія цяпер самі адмаўляюцца ехаць у гэтую краіну.

«Усе, хто плянаваў камандзіроўкі на бліжэйшыя дні, усе адмянілі. Гэта бізнэс-паездкі».

У Міністэрстве спорту і турызму паведамілі, што турысты, якія аплацілі пуцёўкі ў Эгіпет, але не жадаюць адпраўляцца ў гэтую краіну ў сувязі з абвастрэньнем унутрыпалітычнай сытуацыі, маюць права патрабаваць ад турыстычнай арганізацыі вяртаньня грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG