Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: “Я быў вызвалены толькі тады, калі ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі”


31 студзеня міністры замежных справаў краін Эўразьвязу разгледзяць прапановы рэзалюцыі, прынятай 20 студзеня на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Аб'яднаная Эўропа мае канчаткова вызначыцца з сваім адказам на пасьлявыбарную сытуацыю ў Беларусі.

Што пра дзейснасьць санкцыяў думаюць удзельнікі прэзыдэнцкіх гонак розных гадоў? Адзіны кандыдат ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Ўладзімер Ганчарык перакананы: разам з палітычнымі абмежаваньнямі ў адносінах да найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі Захаду трэба ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці:

"Я наагул супраць санкцыяў, яшчэ калі працаваў, то выступаў супраць. Але гэта ня значыць, што ў цяперашнім становішчы ня трэба іх скарыстоўваць, асабліва санкцыі палітычныя. Я думаю, што ўлады гэта заслужылі. Так, трэба памятаць, што супрацьдзеяньне гэтаму будзе, у тым ліку і з боку Расеі. Таму добра было б, каб гэтыя санкцыі былі падмацаваныя ўзаемна з Масквой, асабліва палітычныя, бо гэта ня толькі візавыя санкцыі. Беларусь – удзельніца многіх міжнародных арганізацыяў, і апынуцца ў ізаляцыі было б вельмі адчувальна.
Больш хвалюе падтрымка, якая павінна быць мэтанакіраванай на адрас грамадзкіх арганізацыяў...


Але ў гэтай сувязі мяне больш хвалююць нават не санкцыі. Больш хвалюе падтрымка, якая павінна быць мэтанакіраванай на адрас грамадзкіх арганізацыяў. Гэта самае галоўнае. Таму што эканамічныя санкцыі не вырашаюць пытаньня, гэта адаб'ецца на людзях, а вось падтрымка не на словах – тое, што трэба. Каб сродкі, якія ідуць на ўсе структуры станаўленьня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, да яе даходзілі і больш плённа працавалі на забесьпячэньне інфармацыяй, на падтрымку незалежных прафсаюзаў. Ну што гэта такое, калі арганізацыя ня мае ні газэты, ні інфармацыйнага цэнтру? Можна ўявіць, якія магчымасьці для працы зь людзьмі...”

А вось Аляксандру Казуліну папярэдняя прэзыдэнцкая кампанія 2006 году будзе яшчэ доўга згадвацца. Для яго ўдзел у выбарах скончыўся абвінавачаньнем у арганізацыі непарадкаў і турэмным зьняволеньнем на 5,5 гадоў. Толькі вонкавыя санкцыі, на яго перакананьне, істотна скарацілі турэмны тэрмін:

“Зыходзячы з свайго уласнага досьведу, магу сказаць: я быў вызвалены толькі тады, калі Злучаныя Штаты ўвялі эканамічныя санкцыі супраць канкрэтных прадпрыемстваў “Белнафтахіму”. Гэта, мабыць, цяпер рэальны ўзор, як можа разьвівацца сытуацыя далей і што рэальна рабіць дзеля таго, каб палітычныя зьняволеныя былі вызваленыя. Бо мы сёньня бачым, што ўсе абвінавачаньні проста становяцца сьмешнымі і беларускія ўлады цяпер робяць усё магчымае, каб хоць неяк захаваць твар. Таму ў гэтай сытуацыі трэба паказваць: ёсьць нешта, што стаіць нашмат вышэй за прагматызм і матэрыяльныя каштоўнасьці”.

Карэспандэнт: “Вы верыце, што 31 студзеня будзе прыняты тэкст рэзалюцыі, якую раней ініцыяваў Эўрапарлямэнт?”
Цывілізацыя без Лукашэнкі абыдзецца, а вось як ён безь яе пражыве – гэта ўжо момант цікавы ...


Казулін: “Я ня тое што веру, я ведаю. Мы аб'ехалі сем ці восем эўрапейскіх краінаў, сустракаліся зь міністрамі замежных спраў, праводзілі зь імі кансультацыі – вельмі дакладна і канкрэтна. Цяпер нашым уладам ізноў, які ўжо раз, даецца магчымасьць выбару. Гэта выбар паміж тым, ці быць усё ж хоць неяк у цывілізаванай супольнасьці, ці застацца ізгоем цывілізаванага сьвету. Толькі і ўсяго. Пытаньне ўвогуле ў чым? Цывілізацыя без Лукашэнкі абыдзецца, а вось як ён безь яе пражыве – гэта ўжо момант цікавы. Відавочна і тое, што Эўропа безь Беларусі таксама можа пражыць, а Беларусь без Эўропы – пытаньне сур'ёзнае. Бо вы ж ведаеце, якія эканамічныя адносіны, які экспарт, імпарт і г.д. У адзіночку ў гэтым сьвеце наўрад ці справіцца з тымі пытаньнямі, праблемамі, якія цяпер існуюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG