Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэтрын Эштан: “Мы выслухалі, што адбылося, цяпер час дзейнічаць”



На сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры адбыліся дэбаты аб сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. На чацьвер прызначана галасаваньне па праекце рэзалюцыі, якая сярод іншага будзе зьмяшчаць рэкамэндацыі аб санкцыях у дачыненьні да беларускіх уладаў.

На абмеркаваньне дэпутатаў выносяцца шэсьць праектаў рэзалюцыі, падрыхтаваных рознымі фракцыямі Эўрапарлямэнту.

Адкрываючы сёньняшнія дэбаты, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан чарговы раз заклікала беларускія ўлады “тэрмінова вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку кандыдатаў у прэзыдэнты”.

“Мы выслухалі, што адбылося, цяпер час дзейнічаць”, – заявіла Эштан, падкрэсьліўшы пры гэтым:

“Ізалюючы ўлады, мы ня можам ізаляваць людзей. Павага дэмакратыі і правоў чалавека – найважнейшая ўмова Эўразьвязу для супрацоўніцтва. Нашая рэакцыя павінна даць выразны сыгнал уладам Беларусі, але не павінна ізаляваць людзей. Мы павінны працягваць і павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, студэнтаў”.

Ніжэй – фрагмэнты выступаў дэпутатаў Эўрапарлямэнту паводле БелаПАН.

18:25 Выступіў старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў пытаньнях дачыненьняў зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч. “Міжнародныя фонды і мы самі не павінны мець ніякіх стасункаў зь беларускімі ўладамі, таму што мінулыя выбары не былі дэмакратычнымі і легітымнымі”, – заявіў ён.

“Гэта час для новых рашэньняў і новай палітыкі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку з выкарыстаньнем санкцыяў. Ня толькі візавыя санкцыі, але й эканамічныя, якія павінны выкарыстоўвацца пунктава”, – падкрэсьліў Пратасевіч.

“Паколькі вынікі выбараў нелегітымныя, мы можам сказаць, што маральны пераможца выбараў – гэта апазыцыя. І мы павінны падтрымаць гэтага пераможцу”, – лічыць эўрадэпутат. Паводле Пратасевіча, “усе затрыманыя павінны быць адпушчаныя яшчэ да таго, як мы пачнем нейкія размовы зь беларускімі ўладамі”.

18:27 “Мы павінны пазьбегчы новай ізаляцыі Беларусі, таму што гэта будзе раўназначна ізаляцыі простых людзей, – заявіў баўгарскі эўрадэпутат Крысьціян Вігенін. – Мы павінны выкарыстоўваць усе магчымасьці для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ”.

“Сытуацыя такая, што ўсё больш і больш людзей у Беларусі разумеюць: краіне патрэбная дэмакратыя, і ўсё больш людзей гатовыя змагацца за гэта. Менавіта таму так шмат людзей выйшла на вуліцы”, – адзначыў Вігенін.

18:33 Дэпутат Эўрапарлямэнту з Эстоніі Крыстына Аюланд падкрэсьліла: “Эўрапарлямэнт павінен выступіць з жорсткай рэзалюцыяй, якая заклікае да візавых і эканамічных санкцыяў адносна рэжыму Лукашэнкі. Мы павінны прыпыніць “Усходняе партнэрства” і іншыя формы супрацоўніцтва зь Беларусьсю, пакуль ня будуць адпушчаныя ўсе палітычныя зьняволеныя”.

18:34 Старшыня падкамісіі ў пытаньнях правоў чалавека Эўрапарлямэнту Хайдзі Хаўтала паведаміла, што працягваюць ісьці паведамленьні пра рэпрэсіі ў Беларусі:

“На працягу апошніх дзён ідуць ператрусы ў праваабаронцаў, якія зьбіраюць усю інфармацыю пра перасьледы, арышты і вобшукі ў Беларусі”.

“Саньнікаў, Халіп і іхнае дзіця сталі сусьветнай сэнсацыяй, калі зьявіліся паведамленьні, што дзіця хочуць адабраць. Сёньня зьявілася інфармацыя, што яго пакінуць у бабулі, але гэта яшчэ не канчатковае рашэньне”, – дадала парлямэнтарка.

Паводле Хаўталы, для расьсьледаваньня падзеяў у Беларусі павінен быць створаны адмысловы орган у межах АБСЭ ці ААН.

18:38 Прадстаўнік фракцыі эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў Рычард Чарнецкі лічыць: Эўразьвяз павінен вінаваціць і сябе за тое, што здарылася ў Беларусі.

“Да прыкладу, спадар Бэрлюсконі і прэзыдэнт Грыбаўскайце легітымізавалі беларускі рэжым, гэтаксама, як спадары Сікорскі і Вэстэрвэле, калі прыяжджалі ў Беларусь зь візытамі”, – сказаў Чарнецкі.

18:40 “Мы не павінны кінуць беларусаў, не павінны пакінуць іх Расеі ці Кітаю. Мы павінны аказваць значную падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Нам неабходна працаваць з сэрцамі і розумамі”, – заявіў галяндзкі дэпутат Бастыян Бэльдэр.

18:42 У сваю чаргу прадстаўнік фракцыі “Эўрапейская народная партыя” Траян Унгерану падкрэсьліў:

“Лукашэнка заўсёды быў дыктатарам, і надзеі на тое, што ён раптам цудоўным чынам выправіцца, былі недарэчныя. Неабходна спыніць любое супрацоўніцтва ў межах “Усходняга партнэрства” і “Эўранэсту” да зьмены цяперашняй сытуацыі”.

18:43 Літоўскі эўрадэпутат Юстас Палецкас лічыць: Эўразьвяз павінен “паслаць выразны сыгнал Беларусі і ўсёй сусьветнай супольнасьці, што ён чакае ад краіны павагі фундамэнтальных каштоўнасьцяў”.

“Канечне трэба дамагацца вызваленьня палітычных зьняволеных. Павінны быць санкцыі, але яны павінны быць разумныя: закранаць і караць толькі тых, хто вінаваты ў парушэньнях. Сумна, што беларусы павінны плаціць за візы даражэй за ўсіх. Гэтую сытуацыю трэба выпраўляць”, – перакананы Палецкас.

18:51 Марак Мігальскі, эўрадэпутат з Польшчы, прапанаваў дапамагчы ноўтбукамі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якія пацярпелі ад ператрусаў.

18:52 Яшчэ адзін польскі парлямэнтар Яцак Сарыюш-Вольскі лічыць, што Эўразьвяз можа патрабаваць санкцыяў.

“Але калі мы ня пойдзем далей за словы, то нічога не даб’емся. Павінна быць стратэгія таго, як дзейнічаць далей. Мы павінны рабіць больш для грамадзянскай супольнасьці Беларусі, чым мы рабілі раней. Дапамога была невялікая, і нам трэба гэта выпраўляць”, – лічыць ён.

18:54 “Інаўгурацыя Лукашэнкі стане чорнай пятніцай, працягам крывавай нядзелі, якая здарылася ў дзень выбараў”, – заявіў брытанскі дэпутат Рычард Говіт. Ён заклікаў краіны-чальцы Эўразьвязу ўзяць прыклад з Польшчы, якая ўвяла абмежаваньні на ўезд беларускіх чыноўнікаў.

19:10 У дыскусіі таксама ўзялі ўдзел дэпутаты ад розных фракцыяў, якія не запісваліся для выступаў. Усе яны выказаліся за ўвядзеньне санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, узмацненьне падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і СМІ. Як адзначыў адзін з дэпутатаў, рэакцыя Лукашэнкі на падзеі 19 сьнежня “стала сюрпрызам як для яго акружэньня, так і для беларускіх паслоў у краінах Эўропы”.

19:16 Падводзячы вынікі дыскусіі, Кэтрын Эштан яшчэ раз падкрэсьліла: усе затрыманыя ў Беларусі з палітычных матываў павінны быць вызваленыя.

“Як выказваліся тут многія дэпутаты, трэба праводзіць жорсткую лінію, скіраваную на тое, што парушэньні прынцыпаў дэмакратыі, свабоды слова і сходаў недапушчальныя”, – заявіла Эштан. Беларусы, паводле яе словаў, “павінны рухацца наперад па шляху разьвіцьця дэмакратыі, а калі ім спатрэбіцца падтрымка, міжнародная супольнасьць павінна яе аказаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG