Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін'юст праваабаронцам: што вы пішаце ў ААН?


Міністэрства юстыцыі зацікавілася лістамі Беларускага Хэльсынскага камітэту, якія накіраваныя ў ААН наконт сытуацыі ў Беларусі.

Старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту давялося тэрмінова адправіць у Мін'юст тэкст звароту праваабаронцаў у ААН адносна сытуацыі вакол адвакатаў, якія абараняюць экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, арыштаваных спэцслужбамі.

"Нам далі паўгадзіны на тое, каб адправіць гэты тэкст у Мін'юст. Давялося выканаць, але наша пазыцыя ад гэтага не зьмянілася", – кажа Алег Гулак, старшыня БХК. Праваабаронцы інфармуюць адмысловага дакладчыка ААН па Беларусі, што беларускія адвакаты пазбаўленыя магчымасьці ў поўным аб'ёме аказваць юрыдычную дапамогу арыштаваным палітыкам ды яшчэ і аказаліся пад пагрозай рэпрэсій за выкананьне сваіх абавязкаў. Паводле Алега Гулака, падзеі пасьля 19 сьнежня паказалі, што інстытут адвакатуры ў краіне "пастаўлены на калені, хаця шмат адвакатаў па-ранейшаму працуе мужна і аддана".

Алег Гулак
"Шкада, але беларускія адвакаты ўжо даўно ў такім становішчы, калі зьдзекуюцца над імі, над іх юрыдычнай прафэсіяй і, на жаль, гэты зьдзек прыводзіць да парушэньня правоў іх кліентаў. Таму мы вельмі хочам дапамагчы адвакатам свабодна працаваць і свабодна выконваць свае канстытуцыйныя функцыі. Вось ужо болей за 14 дзён адвакатаў не дапускаюць да абароны былых кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх утрымліваюць у КДБ. Гэта ж грубае парушэньне правоў іх кліентаў і прафэсійных правоў адвакатаў таксама. Калі я кажу, што пастаўлены на калені, я маю на ўвазе інстытут адвакатуры, а ня пэўных адвакатаў. Там шмат прафэсійных, моцных і сур'ёзных адмыслоўцаў, якія вельмі аддана ставяцца да сваёй працы. Але збольшага, як інстытут, на жаль, пастаўлены на калені".
Болей за 14 дзён адвакатаў не дапускаюць да абароны былых кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх утрымліваюць у КДБ. Гэта грубае парушэньне правоў іх кліентаў і прафэсійных правоў адвакатаў таксама.

У лісьце ў ААН праваабаронцы БХК інфармуюць у тым ліку пра сытуацыю вакол адваката Андрэя Саньнікава Паўла Сапелкі, якога Мін'юст прапануе прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці за выказваньні "пра прэсінг з боку дзяржавы на дзяржаўных адвакатаў". Адваката ўжо болей за 2 тыдні не дапускаюць да ягонага падабароннага, да таго ж, у яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. Павал Сапелка абмежаваны ў сваіх камэнтарах і кажа толькі пра марныя пакуль скаргі ў КДБ:

"Я даўно напісаў заяву ў орган, які вядзе справу, каб забясьпечылі выкананьне маіх правоў адваката. А сядзець там пад дзьвярыма, чакаючы, я не зьбіраюся".

Праваабаронцы з БХК паведамляюць у ААН адносна ціску на адвакатаў ня толькі ў сувязі з падзеямі вакол мінулых выбараў. Прыкладам, інфармуюць пра адваката Міхаіла Воўчака, на якога завялі крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў разгалошваньні матэрыялаў сьледзтва супроць былой сьледчай пракуратуры Сьвятланы Байковай. Справу супроць яе вядзе КДБ, Байкову абвінавацілі ў службовых злоўжываньнях. Адвакат паведаміў, што адзін з чальцоў сьледчай групы, паводле Воўчака, здрадзіў інтарэсам службы. Нягледзячы на абвінавачаньне, Міхаіл Воўчак працягвае пісаць скаргі, даказваючы невінаватасьць сваёй падабароннай.

"Чарговую скаргу складаю на імя Генэральнага пракурора. Старонак на 10 будзе скарга, заўтра закончу, у панядзелак, магчыма, аддам. Тлумачу закон, а што рабіць. Непрыемна ваяваць з генэральнай пракуратурай, іх жа чалавека абараняю. А, што тут казаць...".

Паводле справы, якая пагражае самому адвакату Воўчаку, яго могуць пакараць на паўгоду арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG