Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: скандалы і правакацыі — наўмысныя


Лідзія Ярмошына і Мікалай Лазавік
Лідзія Ярмошына і Мікалай Лазавік
«У цэлым выбарчая кампанія праходзіць нармальна, а ўсе драмы разгортваюцца больш у інтэрнэце, чым у сапраўднасьці. Хаця пэўныя моманты ёсьць». Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ў Менску падчас адкрыцьця інфармацыйнага цэнтру для журналістаў у Палацы рэспублікі.

Старшыня ЦВК абвінаваціла «пэўныя палітычныя сілы» ў спробах «дыскрэдытаваць выбары і сарваць працу выбарчых камісій». Яна адзначыла, што «вельмі няпроста» некаторым сябрам камісій, дзе «мэтанакіравана цягам трох дзён разгортваюцца скандалы і правакацыі». Аднак такіх участкаў няшмат, і больш-менш усё ідзе ў звычайным штатным рэжыме, дастаткова спакойна, хаця сытуацыю спрабуюць разгайдаць некаторыя кандыдаты ці іх прыхільнікі. Ярмошына паведаміла, што ў ЦВК паступіў шэраг актаў назіральнікаў.

«Адчуваньне, што гэта сплянаваная акцыя. Усе гэтыя скаргі абсалютна ідэнтычныя. Больш за тое, яны ўсе складаюцца з аднаго тэксту. Самая галоўная скарга — адносна таго, што назіральнікам не даюць магчымасьці заставацца начаваць на выбарчых участках. Аднак ім ніхто і не павінен даваць такой магчымасьці, бо ЦВК прыняла адназначнае рашэньне па гэтым пытаньні. Таму ўсе спробы застацца нанач у памяшканьні ўчастковай камісіі, каб ахоўваць скрыню зь бюлетэнямі — гэта ня больш як заплянаваная правакацыя. Прычым людзі, якія гэта ажыцьцяўляюць, дзейнічаюць незаконна».
Усе спробы застацца нанач у памяшканьні ўчастковай камісіі, каб ахоўваць скрыню зь бюлетэнямі — гэта ня больш як заплянаваная правакацыя.


Паводле Ярмошынай, іншых недахопаў няма. Адносна прымусу падчас датэрміновага галасаваньня, ЦВК атрымала толькі два звароты, якія правяраюцца. Да прыкладу, камэндант аднаго з інтэрнатаў, дзе жывуць рабочыя, нібыта вельмі актыўна запрашаў жыхароў прагаласаваць датэрмінова. Адказваючы на пытаньне «Свабоды», Ярмошына таксама прывяла факт, калі назіральнікі вядуць сябе, як гаспадары на выбарчых участках. Яна паведаміла, што аднаго чалавека пазбавяць статусу сябры камісіі, а таксама анулююць адну акрэдытацыю назіральніка кампаніі «За свабодныя і справядлівыя выбары».

«Разам з назіральнікам яны сталі зрываць, фатаграфаваць, крычаць, што гэта міжнародны скандал, што ўсіх выведуць на чыстую ваду. Таму, вы ведаеце, нахабнікаў трэба ставіць на месца, бо гэта наўмысная правакацыя».

Юрась Шпак-Рыжкоў насамрэч выключаны з выбарчай камісіі адміністрацыяй Ленінскага раёну Менску. Алё ён патлумачыў «Свабодзе», што знайшоў пад накрыўкай адной са скрыняў для галасаваньня дзірку памерам з руку. Ён гэта зафіксаваў, сфатаграфаваў і паведаміў назіральніку. Таксама ён сьцьвярджае, што знайшоў 50 лішніх бюлетэняў.




Лідзія Ярмошына адзначыла, што пасьля 20 гадзінаў 19 сьнежня, калі зачыняцца выбарчыя ўчасткі, «у нас няма кандыдатаў на прэзыдэнта, калі, вядома, ня будзе прызначаны другі тур», Таму, заявіла кіраўніца ЦВК, на вулічныя акцыі пасьля 20 гадзінаў 19 сьнежня не распаўсюджваюцца нормы выбарчага заканадаўства. Лідзія Ярмошына дадала: каб праводзіць акцыі, трэба за 15 дзён падаць адпаведную заяўку ў Менгарвыканкам. Але ніводная арганізацыя не зьвярталася з такой просьбай.

Лідзія Ярмошна паведаміла, што Цэнтар ЕCOOM, Камітэт моладзевых арганізацыяў і ТНС-Украіна спачатку падзеляцца вынікамі экзыт-полаў з ЦВК, бо згаданыя арганізацыі прасілі Цэнтральную камісію аб садзейнічаньні. Ярмошына мяркуе, што агучыць гэту інфармацыю давядзецца цягам дня, але пры адной умове:

«Калі на працягу дня пачнецца ўкідваньне нейкіх фальшывых экзыт-полаў ад арганізацый, якія іх не праводзяць, зьявіцца вымушаная неабходнасьць падаваць іншую інфармацыю, каб не было дамінуючага ўплыву нэгатыўнай, незаконнай інфармацыі такога кшталту».

Паводле Ярмошынай, першыя вынікі галасаваньня могуць зьявіцца пазьней, бо кандыдатаў як ніколі шмат. Чакаецца, што аб 11 гадзіне вечара 19 сьнежня выбарчыя камісіі паведамяць прамежкавыя зьвесткі па выніках галасаваньня. Апошнюю прэс-канфэрэнцыю па выніках выбараў плянуецца правесьці а трэцяй-чацьвертай гадзіне раніцы 20 сьнежня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG