Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое тэйгелэх?


Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



У адным зь нядаўніх адказаў Вы згадвалі, як у свой час у пэўных колах было модна паўсюль шукаць руку жыда-масонаў. Арлова ў іхні лік, здаецца, ніхто не залічаў, але ўсё ж адкажыце, што Вас зьвязвае з габрэямі? У апавяданьнях «Вова Цымэрман» альбо «Прароцтвы Розы Герцыковіч» Вы адгукаецеся пра іх з сымпатыяй і цеплынёй. А раптам і Вы?..

Іосіф



За савецкім часам расказвалі показку пра чалавека, які, запаўняючы анкету, у графе пра нацыянальнасьць напісаў: «Не».

Я таксама — не.

Праўда, калісьці ў жоўтай газэтцы «Славянский набат» друкавалася сэрыя артыкулаў аднаго (бясспрэчна, цікавага для мэдыкаў вядомай спэцыяльнасьці) публіцыста пад агульным назовам «Бесы над Белой Русью». Мая асоба была там маляўніча дэманізаваная і ўзвышаная да статусу агента «Масаду» і адначасова ЦРУ. Пераезд небясьпечнага агента з Полацку ў Менск быў абвешчаны акцыяй, сплянаванай ці то ў Тэль-Авіве ці то на берагах Патамаку.

Я абсалютна ўпэўнены, што за падступным плянам стаяў хтосьці з былых полацкіх габрэяў, сярод якіх я рос і нават упэўнена спасьцігаў азы ідышу, на якім у нашай частцы Полацку, асабліва вечарамі на лавачках, гаварыла тады бальшыня жыхароў.

У 1855 годзе ў маім родным горадзе нашчадкі біблійнага Сіма складалі 66% насельніцтва, на пачатку ХХ стагодзьдзя — 51. Паводле перапісу 1959 году ў Беларусі жыло 150 тысяч габрэяў, і мне ўяўляецца, што палова зь іх прыпадала на Полацак.

Аўтар выдадзенай у сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя кнігі «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» царскі генэрал Без-Карніловіч пісаў пра гэты народ так: «Предприимчивы, любопытны, проницательны. С первого взгляда, с первых слов поймут, с кем имеют дело… Для них никакой труд не тяжел, если только от него предвидят для себя пользу… В вере тверды до фанатизма, богомольны, единодушны, любят помогать своим, в особенности, когда те пострадают от пожара…»

Жывучы ў дзяцінстве паміж Шэфаў, Гофэншэфэраў (больш за сто гадоў таму прадстаўнік гэтага роду выдаў першыя полацкія паштоўкі), Ліўшыцаў, Эпштэйнаў, Сраіловічаў (іхнія продкі валодалі друкарняй), нашчадкаў Бэрмантаў і Бэрштэйнаў, якія некалі адчынілі ў горадзе першыя фотаатэлье, закаханы ў суседку Сімачку Музыкант, а затым у аднаклясьніцу Полю Кругляк з поўненькімі, як літровыя малочныя бутэлькі, ножкамі, я магу з адлегласьці гадоў засьведчыць, што ўсё напісанае царскім генэралам — шчырая праўда.

У тым ліку і наконт пажару.

Калі згарэла палова дому Герцыковічаў, ім з усіх навакольных вуліцаў Рабочых — з парадкавымі нумарамі ад 1-й да, памятаецца, 9-й ці 10-й — панапрыносілі столькі дабра, што стары Залман ня верыў свайму шчасьцю й ціхенька хваліўся, што адных ложкаў у адбудаванай дамоўцы цяпер ажно пяць.

У нашым раёне мы, беларусы, былі нацыянальнай меншасьцю, што давала немалыя перавагі. Напрыклад, у кулінарыі й гастранаміі. Мае рэцэптары да сёньня сумуюць па рыбе-фіш, фаршмаку і цымусу, якімі частавала мама Вовы Цымэрмана, заўсёды ўсьмешлівая й ласкавая Марыя Абрамаўна.

А вы ведаеце, што такое тэйгелэх?.. Калі-небудзь я вып’ю кашэрнай сьлівовіцы — такой, як летась у габрэйскім гатэльчыку ў Браціславе, — і напішу пра тэйгелэх натхнёнае эсэ…

Ці жывая Вы, мілая Марыя Абрамаўна? Чаму ты ўжо гэтак даўно не тэлефануеш з свайго Гіватайму, Вова?

Дакумэнты апошняга перапісу насельніцтва паведамляюць сумную лічбу: за стагодзьдзе габрэйскае насельніцтва Беларусі скарацілася зь мільёну да няпоўных 13 тысяч.

Вядома, мы можам (дый павінны!) ганарыцца тым, колькі нашая зямля адно Ізраілю дала прэзыдэнтаў, прэм’ераў, міністраў ды іншых выбітных асобаў. Але ўва мне жыве нязводная настальгія па тых часах, калі падобная да ўтульнай пышнай капешкі цётка Роза Саламонаўна, што была пэнсіянэркаю, але яшчэ працавала касіркаю пры атракцыёнах у прыдзьвінскім парку, зьвярталася да мяне на ідыш: «Драйсік копэкес білет» і працягвала на трасянцы: «А ты, дарагой, пакуда я тут сяджу, будзеш катацца задарам».

На якія Вы цяпер атракцыёны прадаеце квіткі, дарагая цёця Роза?..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG