Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч распачаў калядныя сустрэчы


Тадэвуш Кандрусевіч паказвае ўкладзены сёлета альбом да 300-годзьдзя менскай архікатэдры.
Тадэвуш Кандрусевіч паказвае ўкладзены сёлета альбом да 300-годзьдзя менскай архікатэдры.
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч распачаў праграму калядных сустрэч зь беларускай грамадзкасьцю. Цягам сьнежня арцыбіскуп будзе віншаваць з Калядамі дзеячоў навукі і культуры, мэдыкаў, будаўнікоў ды прадстаўнікоў іншых сацыяльных групаў. Першую сустрэчу Тадэвуш Кандрусевіч правёў з журналістамі.



Кандрусевіч распачаў калядныя сустрэчы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00
Наўпроставы лінк


Перад тым, як падзяліцца аплаткай, белым хлебам, які сымбалізуе цела Хрыста, Тадэвуш Кандрусевіч падвёў вынікі мінулага году ў жыцьці Касьцёлу. Візыт у Беларусь двух ватыканскіх герархаў Юзафа Томкі і Зянона Грахалеўскага, выданьне духоўнай літаратуры і сьвяткаваньне юбілеяў шэрагу касьцёлаў — сярод станоўчых набыткаў. Застаюцца таксама і нявырашаныя праблемы, якія ёсьць вельмі балючымі для Касьцёлу, паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч:

«Праўда такая, што нашымі ахвярадаўцамі зьяўляюцца людзі з-за мяжы. Нашы багатыя людзі да нас не ідуць, бо для гэтага неабходна ўпарадкаваць падатковае заканадаўства. Яшчэ адна «балячка», якая тычыцца перадусім Менску, гэта Бэрнардынскі кляштар. Тое, што там будзе гатэль — праблему гатэляў у Менску ня вырашыць. Ну колькі там будзе тых пакояў?
Затое кожны здолее паказаць пальцам, што вось у такім намоленым месцы будуць адбывацца, пэўна, зусім не сьвятыя рэчы.
Затое кожны здолее паказаць пальцам, што вось у такім намоленым месцы будуць адбывацца, пэўна, зусім не сьвятыя рэчы. І гэтыя пытаньні я ўзьнімаў, калі прысутнічаў на «Ўсебеларускім народным сходзе».

Сярод адметных плянаў наступнага году, які абвешчаны Касьцёлам Годам міласэрнасьці, Тадэвуш Кандрусевіч назваў пілігрымку каталіцкага духавенства і вернікаў у Сьвятую Зямлю напачатку траўня, якая будзе прымеркаваная да асьвячэньня шыльды з малітоўным тэкстам «Ойча наш» на беларускай мове. Шыльда будзе ўсталяваная на сьцяне храма Pater Noster (Ойча Наш) у Іерусаліме:

«На сьценах гэтага касьцёла знаходзіцца каля 130 тэкстаў малітвы „Ойча наш“ на нацыянальных мовах. І мы атрымалі дазвол павесіць вялікую шыльду Pater Noster на беларускай мове. Вельмі цяжка было атрымаць гэты дазвол: на маленькую — так. Але гэта вялікая шыльда. Удалося нам гэта зрабіць, і ўпершыню на Сьвятой Зямлі зьявіцца біблейны тэкст, тэкст малітвы на беларускай мове».

Тадэвуш Кандрусевіч прэзэнтуе фота мэмарыяльнай шыльды з малітвай «Ойча наш» па-беларуску, якая будзе ўсталяваная ў Іерусаліме

Паводле Тадэвуша Кандрусевіча, на далейшую пэрспэктыву беларускі Касьцёл спадзяецца ўсталяваць на Сьвятой Зямлі выяву абраза Маці Божай Будслаўскай. Адказваючы на пытаньні журналістаў, арцыбіскуп выказаў спадзяваньне на падпісаньне канкардату паміж Беларусьсю і Ватыканам, а таксама на прыезд папы рымскага ў Беларусь. Датычна стаўленьня Касьцёлу да прэзыдэнцкіх выбараў арцыпастыр паведаміў наступнае:

«Адносна выбараў: Касьцёл ніколі не прымае ўдзелу ў агітацыі за аднаго ці іншага кандыдата. Гэта забаронена абсалютна. Касьцёл толькі заклікае да таго, каб чалавек прымаў удзел у выбарах. Потым мы вельмі часта наракаем, што ўлада такая-гэткая, нядобрая і гэтак далей. А каго вы абіралі? А вы былі на выбарах, вы выказалі сваю волю? Сацыяльная навука Касьцёлу вельмі ясна пра гэта кажа, і мы прытрымліваемся гэтага прынцыпу».

На завяршэньне Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся аплаткай з кожным удзельнікам сустрэчы і павіншаваў з надыходам Калядаў. Урачыстую Імшу сьвятую ў вігілію Божага нараджэньня, якую будзе трансьляваць БТ, Тадэвуш Кандрусевіч адправіць у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Вялейцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG