Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экумэнічная імша ў гонар заснавальніа Чырвонага касьцёла


У менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены адбылася экумэнічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных рэлігійных канфэсій Беларусі. Духоўная сустрэча была прысьвечана 100-гадоваму юбілею касьцёла і памяці заснавальніка і фундатара сьвятыні Эдварда Вайніловіча.

Міжканфэсійную малітоўную сустрэчу распачаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк, які падкрэсьліў, што экумэнічная імша — даніна памяці фундатару Эдварду Вайніловічу, які надаваў асаблівае значэньне ідэі паяднаньня вернікаў розных веравызнаньняў:

«Сёньня ў гэтай сьвятыні нас зьбірае велічны дух сьвятой памяці Эдварда Вайніловіча, будаўніка гэтай сьвятыні, у якога была ідэя: „Няхай людзі ў розных храмах на зямлі праслаўляюць адзінага Бога на небе“. Няхай Пан Бог бласлаўляе нашую супольную малітву».

Удзел у экумэнічнай малітве прынялі прадстаўнікі розных канфэсій: праваслаўнай, пратэстанцкай, мусульманскай, лютэранскай, грэка-каталіцкай, юдэйскай, якія павіншавалі ўсіх вернікаў зь юбілеем, а таксама аздобілі зялёнымі галінамі дрэва каля партрэта Эдварда Вайніловіча, сымбалізуючы аднаўленьне запачаткаванай ім ідэі экумэнізму. Прадстаўнік праваслаўнай царквы айцец Аляксандр Шымбалёў падчас свайго прывітальнага слова сказаў наступнае:

«Тое шаленства, якое падчас кастрычніцкага перавароту адбылося ў нашай краіне, нарабіла шмат бяды: многія людзі загінулі, многія храмы былі разбураныя. І сёньня, у дзень сьвяточны, дзякуем тым вернікам, якія абаранілі і аднавілі гэты касьцёл, безь якога сёньня нельга ўявіць сучасны Менск».

Сьвятары розных канфэсій казалі віншавальныя прамовы ў пераважнай большасьці на беларускай мове. У гонар Эдварда Вайніловіча і 100-годзьдзя збудаванага ім касьцёла гучалі таксама беларускія песьні ад вернікаў-пратэстантаў і псальмы на габрэйскай мове. На завяршэньне слова ўзяў мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

«Хаця мы належым да розных веравызнаньняў, мы маем вельмі шмат супольнага адносна маральных каштоўнасьцяў. І наш абавязак — быць іх сьведкамі, каб сучасны сьвет зразумеў, што будаўніцтва жыцьця на матэрыяльных каштоўнасьцяў без духоўнасьці — гэта будаваньне на пяску».

Экумэнічная сустрэча духоўных герархаў розных канфэсій сталася таксама супольнай малітвай і для шараговых вернікаў. У прыватнасьці, сярод іншых у Чырвоным касьцёле быў таксама Павал Севярынец, які вызнае сябе вернікам праваслаўным:

«Я праваслаўны, але тут міжрэлігійная малітва, і я лічу сваім абавязкам прыняць у ёй удзел. Я вельмі шаную пробашча касьцёла Ўладзіслава Завальнюка і лічу вельмі цудоўна, што сёньня ўсе сьвятары прамаўлялі па-беларуску, а ўсе хрысьціяне маліліся за Беларусь — гэта тое, што нам трэба».

Галоўная ўрачыстасьць з нагоды 100-годзьдзя касьцёла Сьвятых Сымона і Алены адбудзецца 21 лістапада. З гэтай нагоды ў сьвятыні адбудзецца ўрачыстая літургія, якую ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Гамілію прамовіць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На літургію запрошаны вышэйшыя герархі зь Беларусі і замежжа, мітрапаліт Філарэт, прадстаўнікі дыпляматычных місій хрысьціянскіх краін, а таксама ўлады Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG