Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на Каложу


“Аголеная” сьцяна Каложы зьлева ад дзьвярэй.
“Аголеная” сьцяна Каложы зьлева ад дзьвярэй.
Калоская — Барысаглебская царква ХІІ стагодзьдзя ў Горадні не развальваецца і ў Нёман больш ня падае. Аднак улады пажарным чынам шукалі грошы на храм. Стала вядома, што выбар спынілі на “Белаграпрамбанку”, абласным яго аддзяленьні.

Куды сьпяшаюцца?

Спачатку афіцыйная газэта паведаміла, што грошы дасьць “Белаграпрамбанк”, дакладней было напісана — “дапаможа прывесьці ў парадак” старажытны храм. Празь дзесяць дзён у іншым выданьні паявілася вестка, што ён нібыта прапанаваў сродкі сам, добраахвотна. Навошта банку царква? Зразумець цяжка. Тым ня менш цьверджаньне гэтае кінуліся абмяркоўваць мясцовыя блогеры.

Калі тэма вострая, часам і камэнтары дасьціпныя, напрыклад: “Небарака Каложа, спадзяюся, што ня ўбачу банкамат у тарцы будынка”. Наступны: “Галоўнае, каб бацюшку не давялося замест “Амінь!” нарасьпеў вымаўляць “Белаграпрамбанк!”

Трэба сказаць, афіцыйная газэта ня толькі пра грошы на Каложу ўзгадала, але напісала і пра іншы аб’ект, прычым фармулёўка зусім недвухсэнсоўная: “А як дапамагчы фінансамі заапарку, прапановы зробіць Гарадзенскае прадстаўніцтва Нацыянальнага банку”. Вось, аказваецца, якія “прапановы” паступаюць ад нашых банкаў уладам: толькі бярыце грошыкі ды карыстайцеся на здароўе!..

Мне здаецца, калі ў краіне склалася такая “своеасаблівая” сыстэма, то няма розьніцы — хто дасьць, ці каго прымусяць даць грошы, каб закончыць, напрыклад, перабудову самага старога ў Беларусі заапарку. Паколькі ў выніку зьвярам стане крыху лягчэй жыць за кратамі ў горадзе над Нёманам.

Няма таксама розьніцы — чые грошы і якім чынам будуць выдаткаваныя на Каложу. Пытаньне ў іншым: што прымушае фарсіраваць тэмпы? Вядома, што царква спакойна стаіць сабе на нёманскім пагорку, дзейнічае, і аварыйнага становішча не заўважана. Вядома таксама, што кіраўнік вобласьці, з чыёй ініцыятывы ўзьнікла кампанія “Адновім Каложу разам!”, глыбей вывучыў пытаньне і прызнаўся, што будзе нядрэнна параіцца з экспэртамі ЮНЭСКА ў справе рэканструкцыі гэткага каштоўнага для ўсёй Беларусі помніка.

Але таксама не сакрэт, што пасьля такога выказваньня старшыні аблвыканкаму нехта пачаў фарсіраваць справу, каб, ня дай Божа, не дайшло да раджаньня з міжнароднымі экспэртамі. Хуценька і “спонсар” “знайшоўся” на калоскія муры ў постаці банку, які, як вынікае з назвы, закліканы фінансаваць сельскагаспадарчую галіну, а зусім не гарадзкія храмы.

Банкіры-“рэстаўратары”

Апроч Каложы, існуе іншы значны прыклад у пытаньні “банкі і рэстаўрацыя”. У Гарадзенскім раёне ёсьць вядомы палац ХVІІІ стагодзьдзя ў Сьвяцку, гэта адзін з самых буйных помнікаў архітэктуры, якія захаваліся ў Беларусі. Пасьля таго, як яго вызваліла мэдычная установа, неабходна было неадкладна вырашаць — хто і як зробіць рэстаўрацыю і для якіх патрэбаў яго прыстасуе. Аднак у рэчаіснасьці гэта зацягнулася на гады. Каштоўны помнік архітэктуры пачаў імкліва разбурацца, ня маючы догляду. Усе гэта разумелі, улады таксама, ажно пакуль ім не ўдалося змусіць Нацбанк узяць палац.

Два прыклады. Першы: помнік архітэктуры разбураецца, улады нічога ня могуць прыдумаць, свае грошы яны ўкладаюць у лядовыя палацы ды іншыя аб’екты, на рэстаўрацыю ім сродкаў шкада, хаця такіх магутных, прычым захаваных, помнікаў у цэлай краіне — адзінкі. Другі: храм ХІІ стагодзьдзя ў дагледжаным выглядзе, вымагае вельмі асьцярожнага падыходу да, адначасова, рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Аднак тут улады паганяюць, быццам цяперашняя зіма пагражае сьцюжай і сьнегападамі зьнішчыць Каложу…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG